Наста Лойка: "Я адчуваю шмат падтрымкі і ўдзячнасці"
12 мая 2026 г.
Былая палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка правяла ў месцах несвабоды амаль тры з паловай гады. Яе вызвалілі 19 сакавіка 2026 года ў выніку амерыкана-беларускіх перамоваў. Як і яшчэ 14 палітвязняў, Лойка дэпартавалі з краіны без дакументаў і афіцыйных працэдур.
Карэспандэнтка DW сустрэлася з Настай Лойкай у Варшаве.
"Мы самі абіраем, як ставіцца да нейкіх перыядаў жыцця"
Першы месяц на волі Наста Лойка называе "эйфарычным" - напоўненым радасцю ад сустрэч з людзьмі, па якіх яна сумавала, і новымі прыемнымі знаёмствамі. Цяпер, па словах Насты, наступіў невялікі эмацыйны спад. "Але гэта ўсё роўна вельмі важны адаптацыйны досвед. Я адчуваю шмат падтрымкі і ўдзячнасці", - адзначае суразмоўца.
Праваабаронца прызнаецца, што вызваленне было для ее нечаканасцю. Наста не верыла, што пасля ПКТ (памяшканне камернага тыпу. - Рэд.), адкуль яна выйшла толькі ў канцы студзеня, яе могуць хутка вызваліць: "Я разумела, што ў нейкай перспектыве маё вызваленне адбудзецца, але я ўсё ж думала, што гэта будзе пазней".
Наста Лойка правяла ў зняволенні амаль тры з паловай гады, але яна не хоча шмат казаць пра свой турэмны досвед і не лічыць сябе ахвярай. "Мы самі абіраем, як ставіцца да нейкіх перыядаў жыцця, - тлумачыць суразмоўца. - Адна мая сяброўка ў калоніі ўвесь час нагадвала пра тое, што гэта проста нейкі часовы перыяд, які трэба ператрываць. Прыблізна такая ж ўстаноўка была ў мяне".
"Было шмат бяссілля, разумення, што мы не можам нічога зрабіць"
Сваё зняволенне Наста называе "падарожжам" або "уключаным маніторынгам" і падкрэслівае, што як для праабаронцы для яе было важна сабраць інфармацыю, падтрымаць людзей унутры і "больш зразумець саму сістэму". "Маёй перавагай было тое, што я шмат гадоў займалася рознымі праваабарончымі тэмамі, для мяне не былі здзіўленнем ні суды, ні канвоі, ні этапаванне", - расказвае Наста.
Разам з тым яна змагла даведацца пра цэлы пласт праблем, якія часта застаюцца па-за ўвагай праваабаронцаў. Перш за ўсё, гэта становішча зняволеных з уразлівых груп - людзей з залежнасцямі, ВІЧ-інфікаваных, жанчын, якія нараджаюць у месцах зняволення. "Я чытала прысуды і па наркатычных справах, і па гвалтоўных злачынствах і не магла зразумець, чаму адно і тое ж кваліфікуюць па розных артыкулах, даюць розныя тэрміны, - расказвае праваабаронца. - Было шмат бяссілля, разумення, што мы не можам нічога зрабіць па палітычна матаваных справах і зусім мала што можам зрабіць у звычайных справах".
Цяпер яна плануе засяродзіць увагу на становішчы людзей з алкагольнай залежнасцю. Па словах Насты, метады, якія да іх ужывае дзяржава "хутчэй рэпрэсіўныя" і не спрыяюць пазбаўленню ад залежнасці. "Гэта неэфектыўная, вельмі дарагая і негуманная сістэма, якая не прыносіць ніякіх вынікаў", - перакананая Лойка.
Наста Лойка плануе працаваць над турэмнай рэформай
У цэлым, на думку праваабаронцы, беларуская турэмная сістэма патрабуе маштабнай рэформы. Наста гатовая над гэтым працаваць. На першым этапе яна плануе сабраць меркаванні розных людзей - тых, хто працаваў у беларускай пенітэнцыярнай сістэме або нейкім чынам з ёй сутыкаўся. Паводле праваабаронцы, перад грамадствам стаіць выбар паміж рознымі падыходамі да зменаў у гэтай сферы: зрабіць так, каб беларускія турмы адпавядалі міжнародным стандартам правоў чалавека, альбо паспрабаваць стварыць адную з самых гуманных турэмных сістэм, якая я стала б прыкладам для іншых краін.
"Вялізны выклік у тым, што нельга ўзяць і памяняць толькі, напрыклад, калоніі, ці толькі ізалятары часовага ўтрымання, гэта вельмі комплексная праблема, - адзначае суразмоўца. - Гэта глабальная задача на некалькі гадоў".
Да таго ж сённяшнія ўмовы істотна адрозніваюцца ад ранейшых: большасць беларускіх правааброцаў знаходзяцца за мяжой і іх магчымасці прамога кантакту з уладамі істотна абмежаваныя. Але нават у гэтых умовах, лічыць суразмоўца, застаецца магчымасць накіроўваць звароты, уздымаць асобныя кейсы, рэагаваць хаця б на лакальныя праблемы і адсочваць рэакцыю дзяржавы.
"Наша функцыя - быць шчытом"
Пры гэтым, на думку Насты, важна, каб праваабаронцы заставаліся па-за палітыкай: "Наша функцыя - быць шчытом. Нам не важна, хто прымае рашэнне, нам важна, каб нас чулі і каб гэты канал паляпшэння абароны правоў чалавека працаваў".
Гэты прафесійны падыход шмат ў чым уплывае і на асабістае стаўленне Насты да тых, хто працуе ў рэпрэсіўнай сістэме. Яна стараецца аддзяляць людзей ад іх ролі і ўчынкаў і не адчувае нянавісці, нават калі гаворка ідзе пра досвед асабістага пераследу. "Часткова гуманізм такі "працоўны" - прынцыпы, якія я шмат гадоў у сябе выхоўвала", - тлумачыць правааборонца.
Такі падыход не азначае адсутнасці складаных унутраных перажыванняў. "Я сабе вельмі моцна дазваляла там (у зняволенні. - Рэд.) злавацца ў моманце, я давала сабе максімальна перажыць гэту злосць, яна адпаведна з мяне сыходзіла, і я яе не вынесла з сабой і пакінула там", - дзеліцца Наста.
Аднак, расказваючы пра гады ў зняволенні, яна перш за ўсё ўзгадвае падтрымку людзей - і ў Беларусі, і за мяжой і ўнутры калоніі. "Я знайшла вельмі блізкіх сябровак, вельмі дарагіх людзей, з якімі я спадзяюся працягваць сябраваць і па вызваленні",- расказвае суразмоўца.
Звонку Наста атрымліва толькі невялікую частку прывітанняў, лістоў і нейкіх рэчаў праз перадачы, але і гэта давала разуменне, якая колькасць людзей памятае пра яе і хоча яе вызвалення: "Нас часам спрабавалі пераканаць, што "там пра вас усе забыліся", але я заўжды ведала, што гэта не так, што гэта немагчыма. І гэта дадавала ўстойлівасці і ўпэўненасці".
Турэмная сістэма разрывае звычайныя чалавечыя сувязі
Асобным і вельмі балючым досведам для Насты стала расстанне з сабакам Эрыкам, якога яна ў свой час узяла з прытулку і за якога адчувала вялікую адказнасць. З-за кратаў яна напісала яму кранальны ліст-развітанне. "Гэты ліст для мяне - спроба перажыць гэтую траўму растання і немагчымасці дапамагаць яму", - прызнаецца Наста.
На шчасце, з Эрыкам усё добра: яму знайшлі часовы дом ў Чэхіі, дзе ён жыве сваё найлепшае сабачае жыццё. "Пакуль мы не можам сустрэцца, таму што ў мяне няма дакументаў, з якімі я магу выехаць з Польшы, а яго цяжкавата везці з-за ўзросту. Я прыеду да яго пры першай магчымасці", - дзеліцца Наста.
Гэтая асабістая гісторыя, кажа яна, яшчэ раз паказала, наколькі моцна турэмная сістэма разрывае звычайныя чалавечыя сувязі. Ізаляцыя закранае не толькі тых, хто знаходзіцца за кратамі, але і тых, хто застаецца па-за сістэмай, - родных, сяброў і нават жывёл.
Пасля вызвалення Наста Лойка спрабуе вяртаць баланс праз канкрэтныя і простыя крокі. Напрыклад, яна шмат гадоў з’яўляецца веганкай, але ў зняволенні была вымушаная пачаць есці кашы на малацэ. Цяпер плануе гэта "кампенсаваць" - займацца валанцёрствам і дапамагаць жывёлам. Акрамя таго, у Насты ёсць творчыя і прафесійныя планы: аднавіць тэксты, якія засталіся ў калоніі, магчыма, напісаць новыя, а таксама паступова вяртацца да праваабарончай дзейнасці.