"Курапацкія" вандалы прадстануць перад судом
12 ноября 2008 г.Два маладзёны, якія вечарам 1 лістапада былі затрыманыя прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці на месцы злачынства, і супраць якіх заведзена крымінальная справа паводле артыкула 344 Крымінальнага кодэкса Беларусі (наўмыснае пашкоджанне гісторыка-культурніцкіх каштоўнасцяў), змешчаны ў следчы ізалятар. Справу вядзе следчая бараўлянскай міліцыі Алена Хільчук.
Па словах кіраўніка секцыі "Мемарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслава Сіўчыка, раней ніколі злачынцаў, якія ладзілі акты вандалізму ў Курапатах, сілавыя структуры не затрымлівалі. "Тое, што зараз узбуджана крымінальная справа, гэта вельмі добра, але я вельмі сумняваюся, што гэтая справа будзе даведзена да суда і да лагічнага канца", - кажа Вячаслаў Сіўчык.
У выпадку прызнання судом віны маладзёнам па інкрымінуемым ім артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. (гк)