20 год першай масавай акцыі ў Беларусі
30 октября 2008 г.Супраць грамадзян, якія мірна ішлі ў Курапаты, каб адзначыць Дзень памінавення продкаў “Дзяды”, улады тагачаснай БССР кінулі міліцыянтаў і байцоў унутраных войскаў. Для разгону дэманстрацыі быў скарыстаны слезацечны газ “Чаромха” і гумавыя дручкі.
Удзельнік тых падзеяў, сёння першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў Deutsche Welle, якое значэнне і наступствы мела тая акцыя дваццацігадовае даўніны для Беларусі.
“Гэта была самая першая па-сапраўднаму масавая акцыя, акцыя недазволеная, у якой, бясспрэчна, свабодная і дэмакратычная Беларусь перамагла камуністычную ўладу. Перамагла і маральна, і фактычна. Гэта быў момант ачышчэння, катарсісу, і гэта быў магутны штуршок – і сама падзея, і стаўленне да яе ўладаў, і спроба разагнаць акцыю, і выкарыстанне газаў і дубінак – для масавага стварэння структураў Беларускага народнага фронту па ўсёй краіне.
Тая акцыя сведчыць, перад усім, пра тое, што беларусы – гэта народ, які, можа быць, пэўную частку сваёй найноўшай гісторыі маўчыць, але, калі трэба, то ён адважна ўздымаецца, падымае свой голас, і тое, што ў 1991 годзе мы вярнулі незалежнасць, бясспрэчна, не было нейкім выпадковым падарункам. Незалежнасць не звалілася нам на галаву, мы за яе змагаліся”. (гк)