1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: рэаліі тыдня

23 октября 2009 г.

Шведскія парламентарыі падтрымалі беларускіх правабаронцаў, Мінюст адмовіў у рэгістрацыі яшчэ адной палітычнай партыі, міліцыянты збілі апазіцыянера, у Мінску выйшла кніга "Палітвязні".

https://p.dw.com/p/KDtN
Молоток - символ отправления правосудия
Фото: picture-alliance/ dpa

Дэпутаты шведскага рыкздагу выказаліся за адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, Міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць Беларускую партыю працоўных, супрацоўнікі міліцыі жорстка збілі актывіста апазіцыйнай партыі, у беларускай сталіцы адбылася прэзентацыя зборніка "Палітвязні".

Швецыя падтрымала кампанію "Стоп 193-1!"

Група дэпутатаў нацыянальнага парламента Швецыі, краіны, якая цяпер старшынюе ў Еўрапейскім Звязе, далучылася да кампаніі "Стоп 193-1!" за адмену артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Шведскія дэпутаты накіравалі адпаведныя заявы ў Мінск напярэдадні прыняцця рашэння па аднаўленні ці скасаванні санкцый супраць шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Прадстаўніца шведскай партыі Хрысціянская дэмакратыя Анэлі Энаксан, а таксама дзве парламентаркі з Ліберальнай народнай партыі Сэсілія Вігстром і Брыгіта Ольсан падтрымалі кампанію "Стоп 193-1!". Дэпутаты накіравалі звароты да беларускіх уладаў з патрабаваннем скасаваць крымінальны артыкул, які робіць немагчымым нармальнае функцыянаванне грамадзянскага сектара ў Беларусі. Дэпутаты рыксдага сігналізуюць афіцыйнаму Мінску, што валодаюць поўнай і аб’ектыўнай інфармацыяй пра сапраўдную сітуацыю ў галіне свабоды асацыяцыяў у Беларусі.

Логотип Европейской комиссии
У лістападзе Еўракамісія будзе разглядаць пытанне па БеларусіФото: DW

Выканаўчы дырэктар Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі і каардынатар кампаніі Алёна Валынец выказала ўдзячнасць шведскім палітыкам за салідарную пазыцыю і паслядоўнасць у адстойванні правоў чалавека ў Беларусі.

Міліцыянты збілі апазіцыянера

Супрацоўнікі мастоўскага (Гродзенская вобласць) раённага аддзела ўнутраных спраў збілі актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Зміцера Кучуна. Зараз законнасць дзеянняў міліцыянтаў правярае пракуратура. Супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабавалі абвінаваціць Зміцера Кучуна ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і ў дробным хуліганстве, але суд мастоўскага раёна накіраваў справу ў пракуратуру, якая павінна праверыць законнасць дзеянняў міліцыянераў.

Па словах Кучуна, ён атрымаў некалькі ўдараў ззаду па галаве, пасля чаго чацвёра міліцыянтаў павалілі яго на зямлю і пачалі біць нагамі. Збіццё адбывалася на вачах яго жонкі.

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі партыі працоўных

Демонстрация с участием основателей партии трудящихся
Дэманстрація з удзелам заснавальнікаў БППФото: Gennadii Konstantinov

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Беларускай партыі працоўных (БПП). Як адзначаецца ў паведамленні Мінюста, міністэрства вывучыла дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі партыі на іх адпаведнасць дзейнаму заканадаўству, а таксама на прадмет выканання парадку стварэння палітычнай партыі. У часе вывучэння спісу заснавальнікаў БПП і іншых дакументаў, якія тычацца стварэння гэтай партыі, Мінюст устанавіў, што "фактычная колькасць заснавальнікаў меншая за мінімальна дапушчальную колькасць, неабходную для стварэння палітычнай партыі".

Для праверкі дакладнасці прадстаўленых матэрыялаў міністэрства запытала ў савета БПП пратакол аргкамітэта па скліканні ўстаноўчага з’езда і іншыя дакументы. Аднак, гаворыцца ў паведамленні, савет БПП адказаў адмовай і матываваў гэта тым, што парадак вылучэння дэлегатаў на з’езд правераны мандатнай камісіяй.

У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі БПП і дадзены дадатковы тэрмін для выканання патрабаванняў. Устаноўчы з’езд Беларускай партыі працоўных прайшоў 26 ліпеня 2009 года ў Мінску, удзел у ім узялі 65 дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі. Аргкамітэт па стварэнню БПП узначальвае Аляксандр Бухвостаў – былы кіраўнік зліквідаванай уладамі Беларускай партыі працы, на аснове якой і ствараецца новая арганізацыя.

Кніга "Палітвязні"

На гэтым тыдні адбылася прэзентацыя кнігі "Палітвязьні: крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2008 годзе па палітычных матывах", якая была падрыхтаваная незалежнымі беларускімі журналістамі з удзелам праваабарончага цэнтру "Вясна".

Як адзначыла ўкладальніца зборніка праваадаронца Алена Лапцёнак, хоць зборнік і распавядае пра падзеі мінулага году, тым не менш, сама тэма да гэтага часу застаецца актуальнай па шматлікіх прычынах. "Адна з іх – самая галоўная – гэта наяўнасць у Беларусі палітвязняў, што, аднак, адмаўляюць беларускія ўлады", - падкрэсліла Алена Лапцёнак.

Menschenrechtsvertreter in Belarus
Кіраўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна"Фото: Bymedia

У афармленні вокладкі кнігі выкарыстаны вядомы здымак фотажурналісткі Юлі Дарашкевіч "Абвал вежы Пішчалаўскага замку", дзе знаходзіцца следчы ізалятар №1 галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму, празваны "Валадаркай".

На думку Алены Лапцёнак, "сам здымак настолькі сімвалічны, што яго немагчыма было не змясціць на вокладцы, бо ён сімвалізуе сабой непазбежны крах усёй існуючай дзяржаўнай сістэмы і, як следства, завяршэнне эпохі палітвязняў".

У кнігу ўвайшлі дакументальныя матэрыялы па самай гучнай леташняй справе - "Працэсу 14-ці". Сярод іх - прысуд, вынесены 22 красавіка 10 фігурантам справы, апошняе слова падсуднага Міхася Крывава, якое выклікала бурныя апладысменты ў судовай залі, а таксама незалежная грамадская юрыдычная экспертыза па справе, падрыхтаваная Беларускім Хельсінскім камітэтам і перададзеная ў суд 8 снежня 2009 года перад пачаткам працэсу над апошнім абвінавачаным Аляксандрам Баразенкам.

У прэзентацыі ўзялі ўдзел некаторыя героі кнігі і іх сваякі. Выступоўцы адзначалі, што "Працэс 14-ці" не завершаны да гэтага часу: з 11-ці фігурантаў, прызнаных міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнямі сумлення, толькі чацвёра амніставаныя, яшчэ два дамагаюцца амністыі праз суд.

Між тым, два "вязня сумлення" атрымалі дадатковы тэрмін па крымінальнай справе нібыта за ўхіленне ад адбывання пакарання, гэта – Максім Дашук і Арцём Дубскі. Каб патрымаць Арцёма, які знаходзіцца ў Магілёўскай папраўчай калоніі, і выказаць з ім салідарнасьць, удзельнікі прэзентацыі падпісалі яму адзін з асобнікаў зборніку.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще