1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Някляеў: У Кіеве я ўпершыню адчуў, што такое свабода

11 декабря 2023 г.

Паводле пісьменніка, вайна ва Украіне стала для яго нават большай драмай, чым арышт у 2010-м, калі родныя не ведалі, ці жывы ён.

https://p.dw.com/p/4a19F
Уладзімір Някляеў выступае ў Вільні
Уладзімір НякляеўФото: DW

Уладзімір Някляеў апынуўся ў эміграцыі амаль два гады таму, хоць больш не думаў з'язджаць. Усё змяніла вайна, якую пісьменнік называе самай вялікай трагедыяй у сваім жыцці. На сустрэчы з беларусамі ў Вільні ён распавёў, як размаўляў з сябрамі па абодва бакі канфлікту, як упершыню адчуў свабоду на Майдане і ці адчувае віну за тое, што з Беларусі ляцелі ракеты.

Сустрэча з Уладзімірам Някляевым праходзіць у кафэ Віленскага старога тэатру. Калі пачалася вайна, у Вільню прыехала актрыса Анастасія Шпакоўская, якую адразу запрасілі стаць часткай трупы. Яна ж арганізавала "Шпакоўню" - імпрэзы, дзе беларусы сустракаюцца з беларусамі і ва ўтульнай атмасферы могуць адчуць сябе, як дома.

"Я прыйшла на спатканне з домам, - кажа Наталля, якая апынулася ў Вільні два гады таму. - Так я падтрымліваю сувязь з Беларуссю. Калі бачыш сваіх людзей, чуеш сваю мову, разумееш, што ты не адна".

"Мы стараемся выхоўваць дзяцей па-беларуску, - кажа Андрэй, які прыйшоў на імпрэзу з сям’ёй. - Важна, каб дзеці чулі мову не толькі ад нас, але і ў асяроддзі. Думаю, калі яны падрастуць, будуць ганарыцца, што не проста чыталі Някляева, але чулі вершы ад яго самога".

"Я ўжо не думаў трапіць у эміграцыю"

Уладзімір Някляеў ужо пакідаў Беларусь па палітычных прычынах у канцы 90-х, але вярнуўся дадому і думаў, што больш не будзе з'язджаць. У 2022-м яго запрасілі на фестываль беларускай культуры ў Польшчы, які павінен быў працягвацца амаль год. 

"Але пачалася вайна, і адносіны да беларусаў з самых прыязных пераўтварыліся ў не самыя прыязныя, - прыгадвае пісьменнік. - Я пачаў пісаць у Польшчы раман. Мне прапанавалі яго выдаць, так мая паездка расцягнулася амаль на два гады. З аднаго боку, гэта нечаканка і няўтульшчына, я ўжо не думаў жыць за мяжой. З іншага, не чакаў, што ў такі цяжкі час выйдзе тры маіх кнігі".

Паміж чытаннем вершаў Някляеў прыгадваў гісторыі з жыцця, якія добра паказваюць эпоху, якую ён заспеў. "За савецкім часам, які можна ўспамінаць па-рознаму, была такая рэч, якой не было нідзе ў гісторыі, - так званая эстрадная паэзія, калі вершы чыталіся на стадыёнах, - адзначыў пісьменнік. - І я быў апошнім, хто ўскочыў у цягнік стадыённай паэзіі, куды мяне зацягнуў за руку мой старэйшы сябар Яўген Яўтушэнка. Ён вельмі шмат дапамагаў мне па жыцці. Пры яго актыўным садзеянні мне ўдалося выйсці з турмы раней, чым гэта планавалася".

Калі стаіш на сцэне, а перад табой 10 тысяч чалавек, прыгадаў Някляеў, гэта дзея, якую могуць зразумець толькі акторы, якія выходзяць на сцэну, не зважаючы на тое, колькі ім плацяць і як яны жывуць.

"Яны не могуць не стаяць сцэне менавіта таму, што ў зале сядзяць людзі, якія выпраменьваюць ім насустрач энергію. Я гэта вельмі моцна адчуў на першым Майдане, там было 1,5 мільёны чалавек. Я чытаў вершы, нагінаючыся наперад, бо ад людзей ішла энергія, як вецер, - гэта была энергія свабоды.

Уладзімір Някляеў на сустрэчы з чытачамі ў Вільні
Уладзімір Някляеў на сустрэчы з чытачамі ў ВільніФото: DW

Колькі панапісана, яшчэ за савецкім часам, пра свабоду. Гэта як халва, ад якой не салодка ў роце. Бо свабоду трэба адчуць, каб зразумець, што гэта такое. Прачытаць слова на паперы - нічога не значыць. Я ўпершыню адчуў усімі клетачкамі, што такое свабода, у Кіеве, за што вельмі ўдзячны Майдану".

Самая вялікая трагедыя

Вайну ва Украіне пісьменнік называе самай вялікай драмай і трагедыяй за сваё жыццё.

"Гэта нават не параўнальна з тым, што я перажываў у 2010 годзе, калі быў кандыдатам у прэзідэнты, калі мяне арыштоўвалі, здзекаваліся, а мае родныя не ведалі, жывы я ці не. Цяпер сітуацыя яшчэ больш балючая, бо столькі з аднаго і другога боку было… Жыццё там прайшло, большасць сяброў там. І што цяпер з імі? У Маскве фактычна нікога не засталося. Адзін з маіх блізкіх сяброў, найлепшы на сёння рускі паэт, у дзень, калі пачалася вайна, замест таго, каб напісаць "Не вайне", піша: "Прэзентацыя маёй кнігі не адбудзецца па незразумелых прычынах". Пачатак вайны для яго - незразумелая прычына".

Не прасцей з украінцамі, кажа Някляеў. Амаль месяц ён шукаў свайго сябра, аднаго з найвядомейшых украінскіх празаікаў, які ў лютым 2022-га быў пад Кіевам.

"І я нарэшце знайшоў яго, і ён наваліўся на беларусаў: "Агрэсары!" Я стаў нагадваць яму, як мы сябравалі, а ён мне: "Валодзя, якое сяброўства, калі пад маімі вокнамі ляжаць дзеці, забітыя тваімі ракетамі?" І што яму скажаш? Што не мае ракеты? Што не я іх пускаў? Гэта ўсё такія апраўданні, не мужчынскага кшталту".

Самае страшнае, кажа пісьменнік, што не бачна ні канца, ні краю вайне. "Ніякія перамір’і не дапамогуць, бо столькі нянавісці закладзена ў падмурак, гэта на стагоддзі наперад, - лічыць ён. - Як з гэтага выбірацца будуць нашыя дзеці і ўнукі? Як бы я невінаваты, мне збольшага і кажуць: "Пры чым тут ты? Мы ведаем, хто ты і што рабіў". Але тым не менш ёсць адчуванне віны".

Культуру абвесцілі экстрэмізмам

Падмурак для вынішчэння нацыянальнай культуры, на думку Някляева, улады заклалі яшчэ ў 90-я. Ён прыгадвае, што ў той час навокал панавала думка, што спачатку трэба аднаўляць эканоміку, тады як Някляеў лічыў, што трэба брацца за культуру: "Я казаў, давайце возьмемся за тое, што ў нас найбольш знішчалася. У адказ крычалі: "Не, з гэтым мы разбярэмся пасля!" А цяпер глядзіце, што адбываецца. Наязджаюць на беларускую эканоміку ці прамысловасць? Не, наязджаюць на нашу культуру, гісторыю і памяць, якую абвесцілі ледзь не экстрэмізмам".

Нягледзячы на змрочны час, Някляеў верыць, што вернецца дадому, што беларусы захаваюць сваю краіну: "Беларусы, што б ні казалі, ні плялі! Мы не ў зямлі, а на зямлі".

Святлана Курс: Я веру ў перамогу дабра над злом

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще