1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Нямецкі даследчык напісаў кнігу пра гісторыю Гродна

11 июня 2026 г.

У Літве прадставілі беларускі пераклад даследавання Фелікса Акермана пра гісторыю Гродна з 1919 па 1991 год.

https://p.dw.com/p/5FBdB
Фелікс Акерман, Вільнюс
Фелікс Акерман з кнігай па гісторыі ГроднаФото: Daria Bernstein/DW

Калі ў 2003-м нямецкі гісторык Фелікс Акерман (Felix Ackermann) упершыню прыехаў у Гродна, ён наўрад ці мог уявіць, што гэты горад стане тэмай ягонага даследавання. Праз пятнаццаць гадоў пасля выхаду кнігі на нямецкай мове яна нарэшце стала даступная і па-беларуску. Прэзентацыя перакладу ў Вільнюсе перарасла ў дыскусію пра тое, якім было Гродна да Другой сусветнай і як змянілі яго вайна, Халакост і савецкая ўлада.

Як з’явілася кніга пра Гродна

Гісторыя кнігі пачалася больш за два дзесяцігоддзі таму. Як распавёў аўтар, у 2003 годзе ён прыехаў у Гродна амаль выпадкова, калі шукаў тэму для параўнальнага даследавання пасляваенных трансфармацый ва Украіне і Беларусі.

"Я шукаў магчымасць непасрэднага кантакту з рэгіёнам і выпадкова патрапіў у Гродна. Гэты горад захапіў мяне, і я застаўся там на нейкі час", - адзначыў Акерман.

Першапачаткова ён планаваў даследаваць пасляваенную гісторыю горада. Аднак праца з архівамі хутка паказала, што немагчыма зразумець Гродна ў савецкі час без разумення, якім горад быў да вайны.

"Выявілася дзіўная рэч: пра міжваеннае Гродна амаль не існавала грунтоўных даследаванняў. Бракавала цэласнага разумення таго, якім быў гэты горад перад катастрофай Другой сусветнай вайны. Таму давялося пашырыць рамкі працы і фактычна перапісаць увесь даследчы план", - кажа гісторык.

У выніку нарадзілася кніга, якая ахоплівае перыяд ад 1919 да 1991 года. Яе падзагаловак - "Вынішчэнне і саветызацыя" - задае галоўную логіку даследавання. Паводле аўтара, міжваенны час быў эпохай польскай нацыяналізацыі, гады трох акупацый - часам вынішчэння старога горада, а пасляваенны перыяд стаў эпохай саветызацыі.

Асобнае месца ў кнізе займае пытанне мовы. Менавіта яно прымусіла гісторыка вывучыць беларускую: "Мяне цікавіла вельмі простае, але фундаментальнае пытанне: чаму ў былым польска-яўрэйскім горадзе, які быў акружаны беларускамоўнымі вёскамі, паступова пачала дамінаваць руская мова. Каб адказаць на гэта, мне недастаткова было працаваць толькі з дакументамі. Таму я вывучыў беларускую мову і спрабаваў зразумець горад знутры".

Для працы над кнігай даследчык выкарыстаў матэрыялы архіваў Беларусі, Нямеччыны і Ізраіля. У мемарыяльным цэнтры Яд Вашэм ён таксама запісаў інтэрв’ю з людзьмі, якія перажылі Халакост.

Горад, які страціў большасць сваіх жыхароў

Адна з галоўных тэз кнігі - сучаснае Гродна нарадзілася пасля вайны амаль нанова. Гэтая выснова выклікала спрэчкі сярод чытачоў, што прыйшлі на прэзентацыю ў Вільнюс. Многім цяжка прыняць думку, што міжваеннае Гродна было перадусім польскім і яўрэйскім горадам, беларусы не складалі ў ім большасці. Сам Акерман заклікае не падмяняць гісторыю сучаснымі чаканнямі: "Напрыканцы 1930-х гадоў нічога не сведчыла пра тое, што Гродна калі-небудзь стане часткай беларускай дзяржавы. Гэта адбылося ў выніку Другой сусветнай вайны і пасляваенных геапалітычных зменаў, а не дзякуючы лакальнаму нацыянальнаму руху. Менавіта таму гісторыю трэба вывучаць такой, якой яна была, а не такой, якой нам хацелася б яе бачыць сёння".

Паводле гісторыка, сапраўдны пералом адбыўся ў гады вайны. Спачатку было знішчана яўрэйскае насельніцтва, якое складала амаль палову горада. Затым значная частка польскага насельніцтва выехала ў Польшчу. "У выніку вайны Гродна страціла каля 70 працэнтаў свайго насельніцтва. Спачатку была фізічна вынішчана яўрэйская супольнасць, а пасля гэтага адбыўся масавы выезд палякаў у межах пасляваеннай рэпатрыяцыі. Калі мы гаворым пра пасляваенны горад, то гаворым фактычна пра новую супольнасць, якая пачала фармавацца пасля 1945 года", кажа гісторык.

Разам з тым даследчык прызнае, што ў ягонай канцэпцыі ёсць месца для дыскусіі. Беларускія гісторыкі нагадваюць, што менавіта ў савецкі час у Гродне з’явіліся новыя нацыянальныя эліты, якія пасля 1991 года сталі асновай беларускага культурнага руху.

Сам Акерман лічыць такія спрэчкі натуральнымі: "Кніга не павінна падабацца ўсім. Яна павінна прымушаць задаваць нязручныя пытанні і сумнявацца ў міфах, якія існуюць у розных нацыянальных супольнасцях. Калі пасля яе чытання ўзнікае жаданне паспрачацца - гэта азначае, што яна працуе".

Фелікс Акерман, гісторык
Фелікс Акерман прысвяціў гісторыі Гродна больш за дваццаць гадоў жыццяФото: Jan Zappner

Гісторык не можа быць толькі назіральнікам

Значная частка сустрэчы ў Вільні была прысвечана не мінуламу, а адказнасці гісторыка перад сучаснасцю. Акерман прызнаўся, што праца над кнігай пра Гродна змяніла яго ўяўленні аб прафесіі: "Для мяне Гродна перастала быць проста лабараторыяй, дзе можна сабраць крыніцы, хутка напісаць дысертацыю і з’ехаць. Паступова я зразумеў, што мая пазіцыя адносна таго, што адбываецца ў гэтым горадзе і з людзьмі, якія там жывуць, таксама мае значэнне. Гэта стала часткай маёй адказнасці як даследчыка".

Ён нагадаў, што многія ягоныя калегі з Гродна жывуць пад ціскам ужо больш за дзесяць гадоў: "Рэпрэсіі супраць гісторыкаў пачаліся не ў 2020 годзе. Яны пачаліся значна раней, калі людзей пачалі выціскаць з універсітэтаў і пазбаўляць магчымасці займацца сваёй працай. Таму для мяне было важна захаваць сувязі і працягваць падтрымліваць гэтых людзей нават тады, калі мая ўласная даследчая праца ўжо скончылася".

На заканчэнне гісторык прызнаўся, што сёння яму было б цікава напісаць ужо іншую кнігу - пра Гродна пасля 1991 года. На яго думку, 2020 год паставіў кропку ў цэлай эпосе гарадскога жыцця, звязанай з незалежнымі культурнымі ініцыятывамі, грамадскімі арганізацыямі і асяродкамі, якія фармавалі аблічча сучаснага горада.

Але пакуль Акерман лічыць сваю місію выкананай. Ён прысвяціў гісторыі Гродна больш за дваццаць гадоў жыцця і цяпер спадзяецца, што дыскусію працягнуць ужо беларускія даследчыкі. Бо галоўная каштоўнасць ягонай кнігі - не ў гатовых адказах, а ў пытаннях, якія яна ставіць перад грамадствам.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме