1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

В. Главацкіх: “Галоўнае, не проста крытыкаваць, але i прапаноўваць рэальныя рэчы“

Павел Андрыеўскі

У наваполацкім гарсавеце ёсць толькі адзін дэпутат ад апазіцыі. Cпачатку ён ўспрымаў уладныя структуры як адназначна варожыя, потым яго асабістае меркаванне аб узаемадносінах дэпутатаў і выканаўчай улады змянілася

https://p.dw.com/p/7rPP

Васіль Главацкіх прызнаецца, што за два гады работы ў гарсавеце яго асабістае меркаванне аб узаемадносінах дэпутатаў і выканаўчай улады змянілася. Калі Васіль вырашыў балатавацца, то, паводле яго словаў, меў ілюзіі, што, стаўшы дэпутатам, здолее зрабіць шмат для горада. Але на дзеле апынулася, што большую частку задуманага зрабіць не ўдасцца пры цяперашнім становішчы ў краіне. Васіль Главацкіх упэўніўся на асабістым вопыце, што дэпутаты бяспраўныя. Паводле яго меркавання, “савету адведзена роля вырашэння дробных праблемаў. Самі саветы за рэдкім выключэннем практычна цалкам складаюцца з кіраўнікоў гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацыяў, у якіх выканкам — працадацель. А супраць працадацеля мала хто наважыцца выступаць”.

Разам з тым, дэпутат Главацкіх стараецца дапамагаць сваім выбаршчыкам. А звяртаюцца да яго па самых розных пытаннях. Хтосьці не можа ўладкавацца на працу, у кагосьці праблемы з ацяпленнем у кватэры. Канкрэтная дапамога выбаршчыкам аднімае вялікую колькасць часу, сіл і нерваў. І ўдзячнасць людзей — адзінае, што ён атрымлівае за сваю працу.

Праўда, апошнім часам Васіль Главацкіх стаў адзначаць, што адносіны да яго і з боку калегаў-дэпутатаў, і з боку ўладаў змянілася. На першым паседжанні гарсавета, паводле словаў дэпутатаў, усе разглядалі яго з непрыхаванай цікавасцю, ледзьве ня пальцам паказвалі, маўляў, глядзіце, сапраўдны БНФ-авец! А зараз Васіль кажа, што адносіны сталі больш спакойнымі: можна пагутарыць, абмеркаваць праблемы і ў савеце, і ў гарадской адміністрацыі.

Змяніліся і адносіны самога Васіля Главацкіх да ўлады і чыноўнікаў. Як прадстаўнік апазіцыі, Главацкіх спачатку ўспрынімаў уладныя структуры як адназначна варожыя. Аднак, як кажа сам дэпутат, мясцовая адміністрацыя гатова да канструктыўнага дыялогу. “Галоўнае, не проста крытыкаваць усё запар, што сыходзіць ад улады, але прапаноўваць рэальныя рэчы. Тады да твайго меркавання абавязкова прыслухаюцца”, — лічыць Васіль Главацкіх.

Але, ня гледзячы на відавочнае паляпшэнне ўзаемаадносін, падчас мінулых парламенцкіх выбараў Васіль Главацкіх, які ўдзельнічаў у іх у якасці кандыдата, адчуваў моцны ціск, атрымліваў папярэджванні і ад выбарчай камісіі, і ад гарсавета. А аднойчы раніцай нават убачыў, што пакрышкі яго аўтамабіля парэзаныя. Так што ці ісці на наступныя выбары, дэпутат Васіль Главацкіх яшчэ не вырашыў.