Студэнты ЕГУ - супраць палітычнага прызыву у войска
6 февраля 2009 г.У літоўскай сталіцы прайшлі акцыі ў падтрымку беларускіх маладзёвых актывістаў, гвалтоўна забраных у войска – як сцвярджаюць праваабаронцы, з парушэннямі законаў і працэдур. Пераважная большасць пратэстоўцаў – студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту, якія не па чутках ведаюць асаблівасці прызыву ў беларускую армію.
"Не – палітычнаму прызыву"
Два дні запар студэнты ЕГУ і мясцовыя беларускія актывісты пікетавалі амбасаду Беларусі з бел-чырвона-белымі беларускімі і літоўскімі сцягамі, а таксама плакатамі "Не – палітычнаму прызыву", "Беларускае войска – цяпер турма" і г.д. Акцыя зладжаная на знак падтрымкі Івана Шылы, Змітра Хведарука і Франка Вячоркі, прызваных у беларускае войска.
"Мы пратэстуем супраць ганебнай знявагі беларускага войска, супраць палітычных прызываў маладзёвых актывістаў у Беларусі", – адзначыў арганізатар акцый, лідэр студэнцкай ініцыятывы "СтудАльянс" Кірыл Атаманчык.
Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту складалі актыўную большасць удзельнікаў акцыі. Беларускі універсітэт у выгнанні мае афіцыйны статус вышэйшай навучальнай установы Літвы, таму яго студэнты мужчынскага полу маюць права на адтэрміноўку. Як казаў адзін з удзельнікаў пікету, беларускі ваенкамат звычайна гэтую адтэрміноўку дае ў адпаведнасці з заканадаўствам: "Хочаш не хочаш, але ёсць даведка, што ты студэнт, і больш нічога ад цябе не патрабуецца. У законе напісана, што ты можаш навучацца і за мяжой, тады табе даецца адтэрміноўка".
Ініцыятар прызыву – КДБ?
Аднак Закон Рэспублікі Беларусь аб воінскім абавязку і воінскай службе, хоць і гарантуе студэнтам адтэрміноўку, часам не працуе. Як і ў выпадку з прызванымі апазіцыянерамі, праблемы са спробамі спрэчнага прызыву ў войска здараюцца і ў студэнтаў гэтай навучальнай установы. Паводле маладзёвага актывіста Кірыла Атаманчыка, гэта актуальна і для студэнтаў ЕГУ ў Вільні, якія ўдзельнічаюць у беларускім руху – ужо былі выпадкі прызыву іх у войска. Адзін з хлапцоў ужо не можа ездзіць дадому ў Беларусь, бо аб’яўлены ў вышук.
Некаторыя студэнты дзеляцца гісторыямі аб тым, як іх спрабавалі прыцягнуць у войска. Паводле іх аповедаў, ініцыятарам у такіх выпадках звычайна выступае не ваенкамат, а беларускі Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Актыўных маладзёнаў, выкліканых у камісарыят, нібыта "апрацоўвае" прадстаўнік КДБ, угаворвае супрацоўнічаць з органамі дзяржбяспекі. Калі маладыя людзі адмаўляюцца данасіць на сваіх сяброў, ім пагражаюць "гумовымі ботамі", часам адразу на месцы выпісваюць павесткі.
Прадстаўнікі заходніх амбасадаў, якія цяпер займаюцца разгортваннем дыялогу з беларускім рэжымам, сцвярджаюць, што яны не збіраюцца праз пальцы глядзець на гэтую новую форму запалохвання і нейтралізацыі апазіцыйных элементаў, якая прыйшла на месца палітычных зняволенняў.
Вадзім Вілейта