Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня
28 мая 2010 г.Супрацоўнікі праваахоўных органаў выкарысталі фізічную сілу супраць моладзевых актывістаў, якія хацелі правесці роварны прабег да ўгодкаў смерці славутага беларускага паэта, грамадзянін Бельгіі падаў у суд скаргу на незаконныя дзеянні беларускіх міліцыянтаў, гомельскія чыноўнікі адмовілі мясцовым праваабаронцам у праве правесці сход грамадзянаў, прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей.
Затрыманне з пераломам ключыцы
Супрацоўнікі праваахоўных органаў з выкарыстаннем грубай фізічнай сілы прадухілілі правядзенне мірнай акцыі, прысвечанай угодкам смерці вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча. 27 траўня ў Мінску актывісты арганізацыі "Моладзь БНФ" планавалі правесці праезд на роварах ад стэлы "Мінск – горад-герой" па адмысловай роварнай сцежцы да помніка Максіма Багдановіча і музея славутага літаратара.
Яшчэ на пад’ездзе да стэлы маладзёнаў затрымалі каля дзесятка асобаў у цывільным. Пад час затрымання актывістаў моцна збілі, а адзін з іх – Зміцер Пармон – нават апынуўся ў 6-й сталічнай лякарні з пераламанай ключыцаю. Сілавікі сканфіскавалі ў маладзёнаў гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, майкі і налепкі з выявай Максіма Багдановіча, сімволіку "Моладзі БНФ".
Як адзначае кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла, такія дзеянні сілавых структураў ў Беларусі ўжо сталі тыповымі, аднак грамадзянам практычна немагчыма абараніць свае правы і абскардзіць такія дзеянні спецслужбаў. Па словах праваюаронцы, такія зверствы, якія чыняць спецслужбы, толькі характарызуюць уладу і рэжым, які ўсталяваны ў Беларусі.
Абараніцца немагчыма
Што тычыцца прававых інструментаў, каб неяк змагацца з прававым бязмежжам, то, як падкрэсліў юрыст, суды фактычна падлеглі пад выканаўчую ўладу, незалежных судоў няма і права не дзейнічае. "Мы таксама неаднаразова звярталіся ў адпаведныя структуры ў звязку з разгонам мірных дэманстрацыяў і неадэкватным выкарыстаннем сілы спецпадраздзяленнямі, але ніводнай крымінальнай справы заведзена так і не было, ніхто не быў пакараны", - адзначыў Гары Паганяйла.
Нягледзячы на гэта, пацярплыя ад дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў актывісты ўсё ж вырашылі звярнуца ў адпаведныя дзяржаўныя структуры са скаргаю на дзеянні асобаў у цывільным.
Скарга бельгійца
Грамадзянін Бельгіі Адрыен Бодуэн 27 траўня накіраваў у суд Маскоўскага раёну беларускае сталіцы скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў раённага ўпраўлення ўнутраных справаў. 17 траўня Адрыена разам з іншымі маладымі людзьмі беспадстаўна затрымалі, калі яны прыйшлі на прагляд фільму ў памяшканне "Гістарычнай майстэрні", якая з’яўляецца філіяй Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Яханэса Рау. Прагляд меўся адбыцца ў межах паседжання Беспартшколы на тэму "Грамадзянская вайна ў Іспаніі і камуны Арагон".
Маладзён выказвае абурэнне дзеяннямі міліцыянтаў і ў сваёй скарзе паведамляе пра грубае парушэнне сваіх правоў. Па словах бельгійца, на патрабаванні прысутных прадставіцца і патлумачыць падставу забароны прагляду фільма і затрымання міліцыянты не рэагавалі. Пасля настойванняў праз некаторы толькі час адзін з міліцыянтаў адказаў таму маладому чалавеку, які запытваўся пра падставу, што ён нібыта падобны на злачынцу. Потым прысутных вывелі з памяшкання, дагледзелі на вуліцы іх рэчы і прымусілі выключыць ды схаваць мабільныя тэлефоны. Пры гэтым, па словах Адрыена Бодуэна, супрацоўнікі міліцыі пагражалі людзям расправай, выказваліся ў іх адрас грубай нецэнзурнай лаянкай, абражалі іх, на патрабаванні прадставіцца і патлумачыць прычыну такіх паводзінаў не рэагавалі.
У актавай зале РУУС у дастаўленых туды людзей адабралі пашпарты, некаторых, у тым ліку і самога бельгійца, выводзілі на размову да таго чаалвека, які кіраваў затрыманнем і так і не прадставіўся. Пасля гэтага Адрыена адвялі ў пакой, дзе без ягонай згоды ў яго ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і знялі юнака на відэа. Каля 22 гадзінаў маладзёна адпусцілі без тлумачэнняў і прабачэнняў.
У сваёй скарзе Адрыен Бодуэн просіць суд, сярод іншага, прызнаць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі, якія парушаюць яго правы і законныя інтарэсы, і абавязаць праваахоўнікаў прынесці яму публічнае прабачэнне. Копію скаргі Адрыен Бодуэн накіраваў таксама ў консульства Бельгіі ў Беларусі і ў амбасаду Бельгіі ў Маскве.
Адмова ў мірным сходзе
Улады адмовілі гомельскім праваабаронцам Леаніду Судаленку і Анатолю Паплаўнаму ў правядзенні мірнага сходу, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня. З меркавання гарадскіх чыноўнікаў, грамадскія актывісты не аплацілі паслугі міліцыі, медыцынскай і санітарнай службаў.
Як лічаць праваабаронцы, рашэнне гарвыканкаму, якім устаноўлены парадак правядзення мірных сходаў у Гомелі, у частцы вызначэння ў паўмільённым горадзе аднаго адзінага месца для іх правядзення і ўскладання абавязкаў па складанні дамоваў аб аплаце з органамі правапарадку, медыцынскай службай і прыбіраннем тэрыторыі, пярэчыць не толькі канстытуцыйным гарантыям на свабоду правядзення мірных сходаў, але і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар:Уладзімір Дорахаў