1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

18 марта 2011 г.

Экс-кандыдатам у прэзідэнты выстаўлены абвінавачанні, а колькасць фігурантаў справы 19 снежня павялічваецца. Улады накіроўваюць арганізатараў Дня Волі на Бангалор. Расійскага правабаронцу выставілі з Беларусі.

https://p.dw.com/p/10c7I
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Двум былым кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі прад’яўлены абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 году. Павялічваецца колькасць асобаў, якім пагражае крымінальны пераслед за падзеі ў дзень прэзідэнтскіх выбараў. Сталічныя ўлады забаранілі правядзенне масавай акцыі на Дзень Волі ў цэнтры Мінску. Расійскі праваабаронца па патрабаванні беларускіх уладаў пакінуў Беларусь.

Новыя абвінавачанні за 19 снежня

Былому кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Дзмітрыю Усу 18 сакавіка прад’яўлена абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (КК) Беларусі "арганізацыя масавых беспарадкаў". Аналагічнае абвінавачанне ў гэты ж дзень выстаўлена і яшчэ аднаму экс-кандыдату на пасаду кіраўніка дзяржавы Мікалаю Статкевічу – старшыню аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада).

Заключенный смотрит в окно через решетку тюрьмы
Экс-кандыдатам у прэзідэнты выстаўлены абвінавачанні ў масавых беспарадкахФото: Picture-Alliance /dpa

Следства перакваліфікавала абвінавачаным больш "мяккую" частку 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса "удзел у масаввых беспарадках" на больш жорсткую частку 1. Цяпер Усу і Статкевічу пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

А былому міліцыянту 33-гадоваму Аляксандру Класкоўскаму прад’явілі абвінавачанне не толькі ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, але і ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК Беларусі), а таксама ў свавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы (артыкул 382 КК Беларусі).

Колькасць фігурантаў расце

Беларускім праваабаронцам сталі вядомыя новыя фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках, што мелі месца ў Мінску 19 снежня 2010 году. Абвіначанне выстаўлена Андрэю Пратасеню. У якасці падазраванага па справе праходзіць Зміцер Даронін.

29-гадовага праграміста Андрэя Пратасеню затрымалі яшчэ 9 лютага, зараз малады чалавек знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У той жа дзень у кватэры бацькоў Пратасені адбыўся ператрус, пасля чаго Андрэя забралі ў КДБ.

ОМОН разгоняет акцию протеста в Минске 19 декабря 2010 года
КДБ павялічвае колькасць фігурантаў па справе аб беспарадках у МінскуФото: picture-alliance/dpa

28-гадовага жыхара Мінска Змітра Дароніна забралі 15 сакавіка наўпрост на працоўным месцы і на трое сутак пасадзілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна. Зараз малады чалавек знаходзіцца ў статусе падазраванага ў парушэнні артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У кватэры, дзе Зміцер жыве з бацькамі, таксама быў праведзены ператрус, у выніку якога быў сканфіскаваны сістэмны блок кампутара.

Не ў цэнтр, а на Бангалор

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў праводзіць акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў цэнтры Мінска. 18 сакавіка адбылося паседжанне Мінгарвывканкаму, на якім разглядалася заяўка на правядзенне вулічнай акцыі. Як паведаміў журналістам адзін з заяўнікаў мерапрыемства намеснік старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі Міжнароднага моладзевага аб’яднання "Малады фронт" Мікалай Дземідзенка, гарадскія ўлады прапанавалі ўдзельнікам сабрацца на плошчы Бангалор.

Замглавы организации "Молодой фронт" Николай Демиденко
Мікалая Дземідзенку папярэдзілі пра адказнасць за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемстваФото: DW

Мікалаю Дземідзенку было прапанавана падпісаць паперу аб папярэджанні пра адказнасць за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства, але маладафронтавец адмовіўся гэта зрабіць. Арганізатары планавалі правесці збор удзельнікаў акцыі на плошчы Якуба Коласа і прайсці шэсцем да Парку імя Янкі Купалы, дзе правесці мітынг.

Змушаны ад’езд праваабаронцы

Старшыня Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў раніцою 18 сакавіка з патрабавання ўладаў быў змушаны пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Андрэй Юраў прыбыў у Мінск 14 сакавіка, а ўжо 16 сакавіка яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Ноч расійскі праваабаронца правёў у РУУС Савецкага раёна беларускае сталіцы. Як стала вядома са словаў прадстаўнікоў улады, яшчэ 4 сакавіка Юрава ўнеслі ў спіс асобаў, знаходжанне якіх непажаданае на тэрыторыі Беларусі. У звязку з гэтым правааабаронцу выдалі прадпісанне пакінуць краіну цягам 24 гадзінаў.

Міністэрства замежных справаў Расіі ужо выказала "шкадаванне" з нагоды дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да вядомага абаронцы правоў чалавека – грамадзяніна Расійскай Федэрацыі.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще