Правы чалавека: падзеі тыдня
28 августа 2009 г.Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненні скаргі заснавальнікаў Партыі свабоды і прагрэсу на рашэнне Міністэрства юстыцыі не рэгістраваць арганізацыю. Суддзя Мікалай Бабкоў палічыў, што Мінюст меў законныя падставы для такога рашэння. У прыватнасці, былі згаданы парушэнне парадку стварэння палітычных партый і непраўдзівасць часткі звестак у пададзеных на рэгістрацыю дакументах.
Старшыня аргкамітэту па стварэнню Партыі свабоды і прагрэсу, экс-дэпутат парламента Уладзімір Навасяд заявіў, што ён і яго паплечнікі "будуць працягваць і далей займацца палітычнай дзейнасцю". У бліжэйшых планах аргкамітэта - падрыхтоўка да ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы, якія пройдуць у наступным годзе. Нагадайма, што гэта была ўжо чацвёртая адмова Мінюста зарэгістраваць Партыю свабоды і прагрэсу.
Лёсы "палітпрызыўнікоў"
Адзін з лідэраў "Моладзі БНФ" Зміцер Жалезнічэнка, моладзевы актывіст, прызнаны праваабаронцамі палітычным прызыўніком, які месяц таму вярнуўся з войска, стаў навучэнцам Тэхнічнага універсітэту ў Амстэрдаме. Маладзён днямі атрымаў пацвярджэнне аб зачысленні.
Зміцер Жалезнічэнка, студэнт-выдатнік, быў двойчы адлічаны з гомельскага дзяржаўнага універсітэта, як кажуць правааборонцы, па палітычных матывах і тэрмінова адпраўлены ў войска, дзе ён адбываў службу, на знак пратэсту адмовіўшыся прымаць прысягу.
А яшчэ аднаго актывіста "Маладога фронту" Зміцера Федарука пакладуць у Рэспубліканскі вайсковы шпіталь. Рашэнне прынялі лекары Цэнтральнай вайсковай паліклінікі па выніках абследвання маладзёна. Зміцер правядзе ў лякарні не меньш як два тыдні. Гэта будзе ўжо трэцяя шпіталізацыя маладафронтаўца за сем месяцаў, што ён служыць у беларускай арміі.
Зміцера Федарука забралі ў войска ў студзені 2009 году пасля адміністрацыйнага затрымання. Моладзевага актывіста тэрмінова мабілізавалі, не звяртаючы ўвагі на цэлы шэраг медычных супрацьпаказанняў і на тое, што маладфаронтавец быў студэнтам каледжа.
Замежныя журналісты збіраюцца ў Мінск
У верасні ў Мінск плануе прыехаць група прадстаўнікоў міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый.
Візіт мае адбыцца пад эгідай Міжнароднай федэраціі журналістаў, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца Беларуская асацыяцыя журналістаў. Мэтаю меркаванага візіту мусіць быць вывучэнне актуальнай сітуацыі са СМІ і свабодай слова ў Беларусі.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў