1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Падзямеллі і манахі-прывіды: што хавае Кастрычніцкая плошча

28 апреля 2026 г.

Кастрычніцкая плошча ў Мінску - адзін з самых пазнавальных раёнаў горада. Як яна выглядала некалькі стагоддзяў таму, і што было страчана падчас перабудоў ХХ стагоддзя?

https://p.dw.com/p/5Cxqn
Сучасная Кастрычніцкая плошча ў Мінску
Кастрычніцкая плошча ў Мінску, 2025 годФото: Olesya Kurpyayeva/AFP/Getty Images

Сучасная Кастрычніцкая плошча ў Мінску здаецца тыповай савецкай прасторай, аднак так было не заўсёды. Калісьці тут стаяў палац і два велічныя касцёлы. Тут вырошчвалі рэдкія гатункі яблыкаў, а юны Станіслаў Манюшка вучыўся іграць на аргане.

Палац Сапегаў, дзе бацька Кацярыны І быў садоўнікам

Па сучаснай Кастрычніцкай плошчы раней праходзіла не існуючая зараз вуліца Юраўская. Сваю назву яна, верагодна, атрымала ад уніяцкай царквы Святога Юрыя. "Вуліца Юраўская ці Юр'еўская - гістарычная вузкая вулачка з тыповымі камяніцамі, крамамі, цырульням", - распавядае гісторык, краязнаўца Юрый Куўшынаў.

Але былі на Юраўскай і будынкі іншага масшбу. Напрыклад, палац роду Сапегаў, які доўгі час лічыўся адным з найлепшых дамоў горада. Яго магчымым уладальнікам, паводле Куўшынава, можа быць Казімір Ян Сапега.

Палац Сапегаў быў акружаны садам, дзе разводзілі рэдкія сарты яблынь і груш - яны давалі плады чорнага колеру. У 1670-1690 гады садоўнікам у палацы служыў Іван Скаваршчук (Скаўронскі) - бацька будучай расійскай імператрыцы Кацярыны І. Потым ён уцёк у Эстляндыю, дзе і нарадзілася Кацярына.

Выяў палаца ў яго першапачатковым выглядзе не засталося, але ёсць некалькі фотаздымкаў пачатку XX стагоддзя. Палац пацярпеў ад бамбардзіровак падчас Другой сусветнай вайны і потым быў знесены. Зараз на месцы сядзібы Сапегаў знаходзіцца фантан і Палац прафсаюзаў.

Дом Сапегаў, XVII стагодзьдзе. Малюнак Міхася Філіповіча з кнігі Сяргея Абламейкі "Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня", выдадзенай Радыё Свабода
Дом Сапегаў, XVII стагоддзе. Малюнак Міхася Філіповіча з кнігі Сяргея Абламейкі "Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня", выдадзенай Радыё СвабодаФото: Siarhei Ablameika/Radio Svaboda

Касцёл, у якім граў Манюшка

Але найбольш яскравым прыкладам знішчэння гістарычнай забудовы ў Менску стаў дамініканскі касцёл Тамаша Аквінскага - адзін з найстарэйшых і самых значных касцёлаў горада. Ён займаў каля двух гектараў у межах тагачасных вуліц Дамініканскай, Валоцкай і Юраўскай (злева ад сучаснага Палаца Рэспублікі, калі стаяць да яго тварам. - Рэд.).

Касцёл быў закладзены ў 1605 годзе Соф’яй Слушкай з роду Завішаў. Беларускія шляхцічы, вяртаючыся з ваеннага паходу на Маскву, ахвяравалі грошы на яго пашырэнне, уносячы плату за праход кожнага каня - так званы збор "з капыта". "Потым у знак удзячнасці ў інтэр’ерах касцёла размясцілі гербы васьмі шляхецкіх родаў", - адзначае Юрый Куўшынаў.

Першапачаткова касцёл быў драўляны, аднак неўзабаве здарыўся пажар. У 1615 годзе менскі ваявода Пётр Тышкевіч падарыў манахам пляц для ўзвядзення мураванага касцёла і кляштара. Таксама пры манастыры быў разбіты сад.

Касцёл быў створаны ў стылі барока. Адной з яго адметнасцей быў 24-галосы арган. На ім ў свой час іграў сам Станіслаў Манюшка. "Ён вучыўся ў мужчынскай гімназіі. Браў заняткі ў Дамініка Стэфановіча і граў на гэтым аргане", - удакладняе гісторык.

Манахі-прывіды хочуць забраць свае скарбы

Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 расійскія ўлады зачынілі дамініканскі кляштар, а касцёл пачаў дзейнічаць як парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У 1840-я гады кляштарныя будынкі аддалі пад каталіцкую семінарыю.

"Ёсць легенда, што манахі-дамініканцы, якіх выгналі з кляштара расійскія ўлады, пакінулі ў сутарэннях манастыра свае скарбы і хочуць іх забраць, - распавядае Куўшынаў. - І быццам бы часам уначы на скрыжаванні сучасных вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса з'яўляюцца іх прывіды, якія сцерагуць свой скарб".

Пасля паўстання 1863-1864 гадоў комплекс былога дамініканскага манастыра увогуле аддалі пад ваенныя казармы. У пачатку ХХ стагоддзя верх франтона касцёла разабралі, а на яго месцы з’явілася драўляная пажарная вышка. "Многія раннія выявы Мінска зробленыя з гэтай каланчы", - адзначае Куўшынаў.

У 1926 годзе комплекс касцёла і кляштара дамініканцаў узялі пад ахову дзяржавы.

Вуліца Губернатарская (былая Францішканская) ў бокВысокага рынку
Вуліца Губернатарская (былая Францішканская). Нямецкая паштоўка 1918 года з кнігі Сяргея Абламейкі "Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня", выдадзенай Радыё СвабодаФото: Siarhei Ablameika/Radio Svaboda

Помнік Сталіну, дзеля якога знішчылі стары касцёл, таксама знеслі

Падчас заняцця Мінска савецкімі войскамі ў 1944 годзе яны былі пашкоджаныя. На рэспубліканскай нарадзе па аднаўленні гарадоў і гарадской гаспадаркі Беларусі у маі 1945 многія выступілі ў абарону касцёла, праз некаторы час нават была зроблена першасная кансервацыя будынку.

Аднак у 1950 годзе кіраўніцтва БССР зацвердзіла новы генеральны план плошчы з помнікам  Сталіну ўцэнтры, а месцы кляштара планавалі разбіць сквер. У 1950 годзе ўначы кляштарны комплекс узарвалі. Дарэчы, помнік Сталіну, дзеля каторага разбурылі касцёл, таксама ўрэшце знеслі.

У 1985 годзе на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а праз год археолагі адкапалі падмуркі касцёла Святога Тамаша Аквінскага. Яго сцены месцамі дасягалі 3-метровай таўшчыні, а на фасадах былі байніцы для ніжняга бою. У раскопках удзельнічаў Зянон Пазняк.

"У адным з артыкулаў ён прыгадваў, што калі археолагі дабраліся да пласта XVII ст., то выявілі некалькі дзясяткаў шкілетаў з праламанымі альбо прастрэленымі чарапамі, - расказвае Юрый Куўшынаў. - Гэта можа быць звязана і з Другой сусветнай вайной, і з рэпрэсіямі. Дакладна складана вызначыць".

У 2011 годзе Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала зварот да ўладаў сталіцы з абгрунтаваннем аднаўлення касцёла Святога Тамаша Аквінскага. Аднак зараз гаворка пра гэта не ідзе.

Касцёл Тамаша Аквінскага, 1942 год.
Касцёл Тамаша Аквінскага, 1942 год. Фота з кнігі Сяргея Абламейкі "Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня", выдадзенай Радыё СвабодаФото: Siarhei Ablameika/Radio Svaboda

"Горад стаў складацца з асобных фрагментаў"

Лёс дамініканскага касцёла Тамаша Аквінскага, на жаль, не унікальны. У гэтым жа раёне гістарычнага Менска былі знішчаны касцёл Святога Антонія Падуанскага і францысканскі кляштар.

Яны былі заснаваныя ў кастрычніку 1680 года. Вуліца Лошыцкая, на якую выходзіў фасад кляштарнага касцёла, з цягам часу стала называцца Францысканскай (сёння гэта вуліца Леніна).

Касцёл быў драўляны, як і кляштарныя будынкі. Комплекс меў разнастайную гаспадарчую інфраструктуру: вялікі агарод, сад, стайню і вінакурню. У 1798 годзе францысканцаў перавялі ў будынкі кармеліцкага кляштара ў Менску, а пабудовы на Францысканскай вуліцы перадалі Менскай каталіцкай семінарыі.

У другой палове XIX стагоддзя каменныя будынкі комплексу перабудавалі пад Менскую гарадскую ўправу. Па Другой сусветнай вайне яны пацярпелі, а ў канцы 1940-х гадоў былі канчаткова разбураныя падчас рэканструкцыі вуліцы Леніна.

Юрый Куўшынаў адзначае, што ў выніку паслядоўных перабудоў і зносаў гістарычны цэнтр Менска страціў сваю цэласнасць. "Выйшла, што разрэзаныя кавалкі старога Менска цяпер захаваліся ў выглядзе асобных частак, а да гэтага быў адзіны пласт. Яшчэ ў 1920-я пры БССР былі спробы аднавіць замчышча, зрабіць горад цэласным. Але потым прыйшла новая эпоха - Нямігу знеслі, плошчы расчысцілі... Засталіся толькі Ракаўскае прадмесце і Верхні горад", - дадае Юрый Куўшынаў.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме