1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Перакладчыца з беларускай: Я ў авангардзе, а не дыназаўр

22 сентября 2023 г.

Ціна Вюншман пераклала на нямецкую кнігу "Па што ідзеш, воўча?". DW пагаварыла з ёй пра беларускую вёску.

https://p.dw.com/p/4WLUl
Porträt der Übersetzerin Tina Wünschmann
Фото: privat

Ціна Вюншман (Tina Wünschmann) пераклала з беларускай на нямецкую аповесць "Па што ідзеш, воўча?" Святланы Курс (псеўданім Ева Вежнавец). Кніга патрапіла ў шорт-ліст Міжнароднай літаратурнай прэміі, якую прысуджаюць за выбітны твор сучаснай замежнай літаратуры ў яго першым нямецкім перакладзе. DW паразмаўляла з Цінай Вюншман аб цяжкасцях перакладу, гістарычных сувязях у кнізе і сям'і, беларускай вёсцы, а таксама аб тым, як быць перакладчыцай з беларускай у Германіі.

DW: Як вы даведаліся пра кнігу "Па што ідзеш, воўча?", чаму вырашылі перакласці яе на нямецкую?

Ціна Вюншман: Дзесяць гадоў таму я пераклала на нямецкую два апавяданні Святланы Курс з яе першай кнігі "Шлях дробнай сволачы". З таго часу я сачыла за тым, што яна робіць, і чакала чагосьці новага. І вось у 2020 годзе выйшла новая кніга. Я звярнулася да выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм”, і мне далі яе пачытаць. Мне вельмі захацелася яе перакласці. Выдавецтва "Жолнай" (Zsolnay) з Вены зацікавілася кнігай у пачатку 2022 года. Паколькі ўжоішла вайна, я прапанавала зрабіць пераклад як мага хутчэй. Бо гэтая кніга так сціснутая і выразна паказвае, што такое вайна. У лютым 2023 года яна выйшла па-нямецку.

Пра гістарычныя сувязі паміж немцамі і беларусамі

- На думку журы Міжнароднай літаратурнай прэміі, у шорт-ліст якой патрапіла кніга, гэта - "жорсткая гісторыя 20 стагоддзя, ад сталінскіх чыстак да злачынстваў немцаў". Ці цяжка вам было займацца гэтай тэмай?

- Я даўно займаюся гісторыяй Усходняй Еўропы і шмат чытала пра яе. Я радая, што нехта змог напісаць пра гэта так дакладна, ясна і коратка, таму што лічу, што менавіта так гэта і трэба фармуляваць. Вядома, можна было б напісаць аб гэтым тысячу старонак. Але вялікая моц і адная з прычынаў, чаму кнігу намінавалі на гэтую прэмію - гэтая прагматычная лаканічнасць, якая аднак не чэрствая, а вельмі інтэнсіўна апісвае ўсё гэтае стагоддзе.

Я шмат разважала аб гісторыі сваёй сям'і. Мы на іншым баку гісторыі, і магчыма, менавіта таму першы пераклад кнігі быў на нямецкую. Бо немцы гралі важную ролю ў гісторыі Беларусі. У жорсткім, а не ў станоўчым сэнсе. Вось чаму важна, каб кнігу чыталі тут. З яе, апроч усяго гвалту, можна шмат даведацца пра жыццё ў Савецкім Саюзе, часы "перабудовы", людзей, жывёл, прыроду, жыццё ў вёсцы, на балоце.

- Якія цяжкасці ўзнікалі пры перакладзе? Як вы знаходзілі значэнне рэдкіх слоў, якія ўжываюць жыхары беларускай вёскі?

- Мне пашанцавала, я магла спытаць Святлану аб чым заўгодна. Я часта адпраўляла ёй словы і пыталася, што гэта значыць. Напрыклад, "мачары" і "цьхумара". Калі іх пагугліць, то выходзяць назвы грузінскіх сёлаў. Насамрэч, першае - гэта ямы на балоце, калі на іх стаць, можна патануць. Другое слова складзена з двух - "цьху" і "мара". Вы як быццам плюяце на багіню Мару, маецца на ўвазе "мяне не хвалюе".

Пра беларускую вёску

- Вы калі-небудзь былі ў беларускай вёсцы?

- Шмат разоў, і гэта было вельмі важна. Праўда, не ў тым рэгіёне, пра які расказваецца ў кнізе, а на поўдні, каля Пінску. У размовах з людзьмі там, думаю, у мяне і развілася гэтая страсць і цікавасць да Беларусі. Бо нашы гісторыі так цесна звязаныя. Мы сустракалі там шмат пажылых людзей, якія расказалі нам пра сваё мінулае ў якасці прымусовых рабочых у Германіі з адкрытасцю і ветлівасцю, якая вельмі, вельмі здзіўляла і ўражвала нас, маладых немцаў.

У маіх бабулі і дзядулі таксама была свая гаспадарка і фруктовы сад. Таму пра такія рэчы, як хлеў, хатнюю жывёлу ці прышчэпкі яблынь я ведаю з дзяцінства. Гэта дапамагала мне знайсці адпаведныя словы ў нямецкай. Хоць неяк дзіўна было звяртацца да досведу сваіх нямецкіх бабуль і дзядуль для пошуку мовы беларусаў, міма якіх у 1941 годзе праязджаў мой нямецкі дзядуля, калі быў на вайне.

- Перакладчыкаў з беларускай мовы ў Германіі няшмат. Ці адчуваеце вы сябе ў некаторым родзе дыназаўрам?

- Я вывучала польскую і рускую, а затым знайшла для сябе беларускую. Магчыма, таму, што папярэднія две мне надакучылі. Я крыху вучыла беларускую ў Мінску 20 гадоў таму. Але ў асноўным гэта было саманавучанне. Я неверагодна ўдзячная ўсім, хто на працягу многіх гадоў паслядоўна размаўляў са мной па-беларуску, таму што заўсёды ёсць альтэрнатыва, што, вядома, ускладняе задачу. Але я заўсёды як быццам чакала чагосьці, з-за чаго яно таго было вартае. У выніку гэтым і стала кніга Святланы. У ёй усё сышлося, і я змагла ўжыць усё, чаму вучылася.

Раней многія творы спачатку перакладалі з беларускай на рускую, каб потым перакласці іх на нямецкую. Пераклад з беларускай на нямецкую - рэдкасць. Але я лічу, што займацца рэдкімі мовамі, - гэта значыць быць у авангардзе, а не дыназаўрам. Гэта цудоўная прафесія, хоць аднымі перакладамі з беларускай сям'ю не пракарміць. Хаця з 2020 года цікавасць да беларускай літаратуры вырасла, і, спадзяюся, гэта будзе працягвацца. У гэтым плане намінацыя на прэмію вельмі важная. А яшчэ цікава і прыемна ўбачыць кнігу ў глабальным кантэксце, побач з літаратурай Лацінскай Амерыкі, Азіі і ўсяго свету.

Глядзіце таксама:

Наколькі падобныя беларуская і нямецкая мовы

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще