Amnesty International прызнала фігурантаў "Працэсу чатырнаццаці" вязнямі сумлення
13 мая 2009 г.Amnesty International прызнала ўсіх маладзёнаў, што фігуравалі ў справе "Працэсу чатырнаццаці", вязнямі сумлення. Гэтага прызнання дамагаліся беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Асуджэнне міжнароднай арганізацыі
Прадстаўнік Amnesty International, дырэктар у справах рэгіёнаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі Нікаля Дакварс (Nicola Duckworth), звярнуўся з афіцыйным лістом да Генеральнага пракурора Беларусі па справе адзінаццаці маладзёнаў, што падпалі пад абмежаванне волі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 студзеня 2008 году ў Мінску. Як адзначаецца ў лісце Amnesty International, маладыя людзі былі пакараныя за мірнае ажыццяўленне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў, і ў сувязі з гэтым яны прызнаныя вязнямі сумлення.
У сваёй заяве Amnesty International называе адзінаццаць фігурантаў "Працэсу чатырнаццаці" - Арцёма Дубскага, Міхася Пашкевіча, Таццяну Цішкевіч, Паўла Вінаградава, Аляксея Бондара, Міхася Крывава, Алеся Стральцова, Алеся Чарнышова, Міхася Субача, Максіма Дашука, Аляксандра Баразенку.
Усе яны на дадзены момант адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Маладзёны знаходзяцца пад хатнім арыштам і ў любы момант могуць апынуцца за кратамі пры дробным парушэнні ўсталяванага заканадаўствам правапарадку. Яшчэ два фігуранты гэтай крымінальнай справы Антось Койпіш і Ўладзімір Сяргееў былі пакараныя буйнымі грашовымі штрафамі.
Ганебная справа
"Справа чатырнаццаці" ёсць крымінальнай справай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася летась у студзені ў беларускай сталіцы.
У інтэрвью Deutsche Welle старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак заявіў, што гэтая крымінальная справа цалкам ганебная для беларускай дзяржавы. "Нашы ўлады разумеюць, што асуджаннасць - такая пляма на сумленні тых жа ўладаў, і таму ўсе гэтыя людзі мусяць трапіць пад амністыю", - адзначыў праваабаронца.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Марына Нікіціч