1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Піпі ДоўгаяПанчоха загаварыла па-беларуску

Марына Мазуркевіч

Першы пераклад бестселера Астрыд Ліндгрэн “Піпі ДоўгаяПанчоха” на беларускую мову выйшаў з дазволу шведскага агенцтва “Сальткрокан” у выдавецтве Змітра Коласа накладам 2 тысячы асобнікаў.

https://p.dw.com/p/Dh1r
Дачка Астрыд Ліндгрэн прэзентуе "Піпі ДоўгуюПанчоху" першым беларускамоўным чытачамФото: Maryna Masurkewitsch

На прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі новую кнігу першай прадставіла чытачам па-шведску дачка пісьменніцы Карын Нюман: “На ўскрайку маленькага-маленькага гарадка раскінуўся векавы зарослы сад. У садзе стаяў стары дом, а ў доме жыла Піпі ДоўгаяПанчоха. Ёй было дзевяць гадоў і жыла яна там зусім адна. Ніякай мамы, ніякага таты. І гэта было насмарэч не так ужо і кепска”.

Чаму Піпі?

Кіраўнік аддзялення шведскай амбасады ў Мінску Стэфан Эрыксан у дзяцінстве захапляўся зусім не Піпі, а Эмілем з Лёнебергі – таксама героем Ліндгрэн. Але ён вымушаны пагадзіцца: “Піпі, відаць, самы ўлюбёны герой у Швецыі. Такая жыццярадасная дзяўчынка! Ну проста немагчыма не любіць яе!”

Кніжкі пра Піпі ёсць у кожным шведскім доме. Як хлеб у хлебніцы і малако ў лядоўні. Толькі вось чаму Піпі, а не Пэпі, як мы прызвычаіліся? “Таму што яе так завуць - Піпі ДоўгаяПанчоха. Гэта яе імя. Піпі перакладзеная на 63 мовы, беларуская мова - 64-я, і толькі на трох мовах яе завуць неяк інакш – па французску, па-партугальску і па-арабску. Чаму па-руску яе называюць Пэпі, гэта пытанне не да мяне", - даводзіць перакладчык Дзмітрый Плакс.

Нават самой Астрыд імя падалося дзіўным, калі сямігадовая дачка раптам папрасіла яе распавесці гісторыю пра Піпі ДоўгуюПанчоху. Але ж надта ўжо пасавала яно да эксцэнтрычнага характару гераіні ды й самой пісьменніцы.

Тонкасці перакладу

Выдаўцы абралі за мэту захаваць асаблівасці шведскага выдання: арыгінальныя ілюстрацыі дацкай мастачкі Інгрыд Ванг Нюман, тая ж вокладка і вельмі блізкі да шведскага дызайн. Ды й пераклад месцамі літаральны. “Такім чынам там апынулася “адна-адзіная мэбля”. Гэта калька са шведскай, але мне падаецца, што гэтая мэбля стаіць там вельмі файна. Так па-беларуску не кажуць, але…",- тлумачыць перакладчык.

Карамелькі замест рыбінага тлушчу

Піпі непадобная да савецкага Васька Трубачова альбо Цімура і ягонай каманды. Для паваеннай Швецыі, дзе дзяўчаткі насілі ружовае і слухаліся дарослых, гэтае шалёнае дзяўчо ў вялізных чаравіках таксама было нечаканасцю. Цяпер сацыёлагі сцвярджаюць: з Піпі распачалася эмансіпацыя шведскіх жанчын.

“Нават я чытала, што яна з’яўлялася ледзьве не сцягам фемінізму. Сапраўды вельмі незалежная, самастойная і адчайная такая гераіня”, - пагаджаецца каардынатар праекта Аляксандра Макавік. А вось якое меркаванне ў Стэфана Эрыксана: “Насамрэч, яна адыграла ролю для шведскіх жанчын, таму што яна была моцнай, самавольнай. Але я думаю, што яна была важная не толькі для дзяўчынак, але і для хлопцаў. Яна - змагар за правы дзяцей”.

На думку нямецкага палітолага Астрыд Зам, у Германіі ў 60-я гады з Піпі распачаліся рэформы педагогікі, скіраваныя супраць аўтарытарнага выхавання. “З маім голасам заўсёды лічыліся. Я памятаю, калі бацька вырашыў адкрыць сваю справу, мяне прыцягнулі да працэса прыняцця рашэння. Таму для мяне важны гэты момант: дзіця нароўні з дарослымі быў значным, а не момант менавіта жаночай эмансіпацыі”.

Пакуль дарослыя шукаюць сэнс у існаванні Піпі, дзеці проста зачараваныя ёю. “Я правяраў на сваім сыне. Ён быў першым слухачом, таму што чытаць ён яшчэ не ўмее. Яму вельмі спадабалася. Ён смяяўся”, - засведчыў перакладчык Дзмітрый Плакс.