Дэмакраты працягнуць удзел у выбарах
21 сентября 2008 г.Нядзельнае паседжанне Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў было самым кароткім за ўсю выбарчую кампанію, бо, па словах дзейнага старшыні прэзідыюма палітрады Анатоля Лябедзькі, выніковае рашэнне было ўзгоднена загадзя з усімі суб’ектамі АДС.
Мажлівасць працаваць ёсць для ўсіх
“Рашэнне дае мажлівасць удзелу ўсім, хто хоча працаваць: і 75-ці кандыдатам, якія застаюцца ў выбарчай кампаніі - яны зараз мусяць зрабіць апошні крок, сканцэнтраваўшыся на здабыцці фактаў, доказаў фальсіфікацыі, і паспрабаваць атрымаць доступ для кантролю над галасаваннем, - адзначае Анатоль Лябедзька.
Па словах палітыка, мажлівасць працаваць ёсць і для тых, хто не зарэгістраваны, і там, дзе выбарчыя акругі засталіся без альтэрнатывы. “І для першай, і для другой катэгорыі ёсць яшчэ трэцяе рашэнне – калі мы лічым гэтую кампанію несправядлівай і нелегітымнай, мы павінны быць паслядоўнымі і маральнымі, мы павінны зваць людзей на пратэстныя акцыі, незалежна ад таго, колькі людзей выйдзе”.
Яшчэ некалькі дзён таму рашэнне Палітрады АДС было пад пытаннем, таму што адмысловую пазіцыю дачынна далейшага ўдзелу ў выбарах мела Партыя БНФ. Аднак, суботні Сойм партыі скарэктаваў сваё папярэдняе рашэнне месячнае даўніны і дазволіў сваім кандыдатам працягваць удзел у кампаніі, калі яны лічаць гэта мэтазгодным. Па словах Вінцука Вячоркі, Аб’яднаныя дэмсілы, дыскутуючы апошнімі тыднямі пытанне, удзельнічаць далей у выбарах ці здымаць сваіх кандыдатаў, не на тое звярталі ўвагу.
Праблема ў прызнанні
Першы намеснік старшыні Партыі БНФ падкрэслівае, што галоўная праблема ў тым, ці будзе прызнана легітымнай будучая Палата (прадстаўнікоў – рэд.) – “ці яна будзе прызнана як такая міжнароднай супольнасцю, ці будзе адзінства дэмакратычных сілаў і кожнага асобна ўзятага кандыдата наконт апрыёрнага непрызнання”. На думку палітыка, калі такое прызнанне праявяць хоць некаторыя, і яно выявіцца, гэта будзе азначаць, што “мы даем права Аляксандру Лукашэнку самому сваім пальцам прызначаць дэпутатаў у парламент нават з дэмакратычных сілаў”.
Экс-старшыня Нацыянальнага Банку Станіслаў Багданкевіч, які разам з яшчэ пяццю кандыдатамі ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Мінску ў мінулую пятніцу зняў сваю кандыдатуру з выбараў, патлумачыў, што прычынай такога кроку была не толькі адмова друкарняў вырабляць агітацыйныя матэр’ялы апазіцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, як тое сцявярджаюць бальшыня медыяў.
“Галоўнае - што нам не далі магчымасць выкласці нашу пазіцыю выбарцам. Пазіцыю ўлады яны ведаюць, а нашу – не, таму выбару ўжо няма. Не будзе падліку галасоў, таму што “партыя ўлады” аднабакова сфармавала ўсе выбарчыя камісіі – ад Цэнтрвыбаркама да ўчастковых. Так што гэта сукупнасць прычынаў, па якіх мы былі змушаныя адмовіцца ад удзелу ў гэтым фарсе”, - тлумачыць Станіслаў Багданкевіч.
Найвышэйшае папярэджанне
Міжнародным наглядальнікам давядзецца рабіць складаныя высновы з нагоды ацэнкі сёлетніх парламенкіх выбараў у Беларусі. Тым больш што прэзідэнт Беларусі ў20 верасня, у часе ягонага знаходжання на “Дажынках” у Оршы, заявіў журналістам: “Калі ўжо і гэтым разам нашы выбары апынуцца “недэмакратычнымі” і камусці на Захадзе не спадабаюцца, мы з імі спынім усе размовы. Мы не проста па законе, па Канстытуцыі вядзем гэтыя выбары тут у Беларусі, мы парушаем на кожным кроку нашы законы і Канстытуцыю і вядзем выбары па паняццях АБСЕ і заходніх назіральнікаў”.