Як Ціль Уленшпігель беларускіх чыноўнікаў напалохаў
4 декабря 2021 г.21 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск) адбылася прэм'ера спектакля "Цiль" паводле п'есы Грыгорыя Горына. Яе рыхтавалі да 95-годдзя Коласаўскага тэатра. Але адразу пасля юбілею спектакль знік з рэпертуару, а з дырэктарам тэатра Аляксандрам Старых скасавалі кантракт, не падоўжаць працоўныя адносіны і з некалькімі акцёрамі, занятымі ў пастаноўцы.
Як паведамлялі супрацоўнікі тэатра беларускім СМІ, "Ціль" не спадабаўся чыноўнікам, якія прысутнічалі на прэм'еры: кіраўніцтва Віцебскай вобласці і Мінкульта Беларусі абурыла фраза "Жыве Фландрыя!" у беларускім тэксце п'есы. DW паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.
Што здарылася ў віцебскім тэатры?
"Чыноўнікі прыехалі на прэм'еру спектакля, пасля чаго яшчэ выходзілі на сцэну, каб павіншаваць акцёраў і тэатр з юбілеем.На наступны дзень стала вядома, што дырэктара выклікаюць у Мінск, каб скасаваць з ім кантракт са згоды бакоў, і што спектакль больш ісці не будзе", - распавёў DW адзін з супрацоўнікаў тэатра, які пажадаў захаваць ананімнасць.
Паводле яго, са студзеня 2022 года таксама не падоўжаць кантракты з трыма акцёрамі. Усе гэтыя рашэнні прымаліся не ў тэатры, упэўнены наш суразмоўца.
"Тэатр "апусціў рукі", ніхто не разумее, як займацца творчасцю далей. Цяпер кожны спектакль, нават казкі, якія рыхтуюцца да выпуску, будуць вельмі ўважліва правярацца на наяўнасць у іх усялякага роду "недасканаласцей", якія могуць хоць неяк намякнуць на недасканаласць сістэмы, чыноўнікаў ці яшчэ каго-небудзь. Іх прызма ўспрымання - іх правілы, якія тэатр абавязаны выконваць", - дадае супрацоўнік Коласаўскага.
На сайце тэатра няма інфармацыі пра "Цiля", а онлайн-рэсурс па продажы квіткоў паведамляе, што спектакль адменены. DW паспрабавала пагаварыць з кіраўніцтвам тэатра: у прыёмнай дырэктара нам адказалі, што Аляксандр Старых больш у тэатры не працуе, намесніца дырэктара ад каментароў адмовілася. Аператыўна атрымаць інфармацыю ў Мінкульце таксама не змаглі, але DW накіравала ў ведамства афіцыйны запыт і апублікуем адказ, як толькі яго атрымае.
Ці была ў спектаклі "крамола"?
"Ёсць такі добры выраз: "Вельмі цяжка шукаць у цёмным пакоі чорную котку, асабліва калі там яе няма". Калі я назіраў за сітуацыяй у віцебскім тэатры, у мяне якраз складвалася ўражанне, што беларускія чыноўнікі занятыя пошукам гэтай чорнай коткі, бо нічога крамольнага там не было", - кажа беларускі тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.
П'еса Грыгорыя Горына "Ціль" напісана на аснове рамана бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра "Ціль Уленшпігель" і расказвае пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў XVI стагоддзі, якая завяршылася вызваленнем сучасных Нідэрландаў. У свой час у "Ленкоме" яе ставіў Марк Захараў, нагадвае Марціновіч, а беларускі кампазітар Яўген Глебаў у 1970-я на аснове гэтага сюжэту стварыў балет "Легенда пра Уленшпігеля".
"Я ўпэўнены, калі б прэм'ера была не ў 2021 годзе, а, напрыклад, у 2019-м, то яна б нікога з чыноўнікаў не зацікавіла. Чытаў, што іх зачапіла фраза "Жыве Фландрыя!", але гэта ўсяго толькі пераклад Горына - у яго п'есе героі спяваюць "Да здравствует Фландрия!". Паколькі віцебскі тэатр працуе на беларускай мове, натуральна, што яе так пераклалі", - адзначае крытык.
У Беларусі знік альтэрнатыўны тэатр
На думку Марціновіча, гісторыя з "Цілем" выклікала рэзананс яшчэ і таму, што спектакль быў забаронены ўжо пасля прэм'еры, а такога ў Беларусі не было апошнія гадоў дваццаць.
"У беларускіх тэатрах такія гісторыі не здараюцца. Калі мы кажам пра дзяржаўныя тэатры, то ўсё ж існуюць планы прэм’ер, якія папярэдне зацвярджаюцца, у тым ліку з чыноўнікамі, - расказвае крытык. - Калі казаць аб прыватных тэатрах, то існуе такая з’ява, як гастрольнае пасведчанне. Нейкая трупа не можа паказаць спектакль проста так, таму што ёй так захочацца, яна мусіць атрымаць гастрольнае пасведчанне ў дзяржавы. З-за гэтых перашкод узнікае самацэнзура: ты будзеш ставіць такія спектаклі, якія, хутчэй за ўсё, не выклікаюць пярэчанні і пытанні".
У цэлым, лічыць суразмоўца, за апошні год у Беларусі значна скарацілася колькасць тэатральных прэм'ер, фактычна зніклі альтэрнатыўныя пастаноўкі - ліквідаваны ўладамі Цэнтр візуальных мастацтваў "Арт Карпарэйшн" і прастора ОК16, якія займаліся такімі паказамі, а прадзюсары часта проста не бяруцца за спектакль, таму што баяцца, што не атрымаюць гастрольныя пасведчанні.
"Беларуская культура, беларускі тэатр у прыватнасці, вярнуліся да стану 2000-х гадоў, калі існавалі дзяржаўныя тэатры і нейкія антрэпрызы. За 10 гадоў узнікла сістэма альтэрнатыўных тэатраў, якая зараз практычна знікла", - кажа Марціновіч.
Таксама крытык звяртае ўвагу на фінансаванне культуры ў Беларусі: паводле газеты "Культура", у 2006 годзе заробак у сферы культуры складаў 80 працэнтаў ад сярэдняга па краіне, у 2020 - 50 працэнтаў. "Насамрэч, пасля такіх лічбаў цяжка нешта аналізаваць, з такімі заробкамі складана казаць пра сур'ёзнае развіццё культуры", - заключае Дзяніс Марціновіч.
Глядзіце таксама: