1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Такія судовыя працэсы – гэта тэрор, спроба ў духу 37-га году запалохаць моладзь"

Генадзь Канстанцінаў4 сентября 2007 г.

У аўторак у гарадах Беларусі праходзілі судовыя працэсы над дэмакратычнымі актывістамі. Падчас судовых паседжанняў мелі месца затрыманні і збіццё прадстаўнікоў грамадскасці, якія прыйшлі падтрымаць маладафронтаўцаў.

https://p.dw.com/p/BbRI

У Салігорску і Нясвіжы разглядалі крымінальныя справы сябраў “Маладога Фронту”, абвінавачаных паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. А ў Берасці працягвалі судзіць затрыманых 19-га ліпеня ўдзельнікаў прэзентацыі кнігі палітыка Паўла Севярынца “Лісты з лесу”.

Ад самага ранку на судовыя працэсы ў Салігорск і Нясвіж з Мінску накіраваліся прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, палітыкі, правабаронцы і журналісты. Ужо на шляху ў Салігорск, дзе праходзіў працэс над шаснаццацігадовым сябрам “Маладога Фронту” Іванам Шылам, былі затрыманыя юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, адвакатка Івана Шылы, а таксама прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў “Міжнародная амністыя” з Лондану і Шведскага Хельсінскага Камітэту. Пасля праверкі дакументаў іх адпусцілі. Паводле словаў Валянціна Стэфановіча, замежных праваабаронцаў іх затрыманне ўразіла:

“Прадстаўнік Шведскага Хельсінскага Камітэту ўвогуле ўпершыню ў Беларусі, упершыню на постсавецкай прасторы, ён, канешне, уражаны”.

Каля будынку суда, дзе сабраліся некалькі дзесяткаў грамадзянаў, каб падтрымаць маладафронтаўца, з’явіўся атрад палку міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП). Экіпаваныя міліцыянты затрымалі 13 чалавек, якіх адвезлі ў РАУС, дзе на пяцёх арыштаваных былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. Некалькі чалавек былі жорстка збітыя, адной з пацярпелых Таццяне Буланавай стала кепска, і ёй выклікалі “хуткую дапамогу”, якая адвезла дзяўчыну ў шпіталь.

У першай палове дня пракурор, які падтрымліваў абвінавачанне Івана Шылы, прадставіў суду перадрукоўкі з інтэрнэт-сайтаў, якія ўтрымлівалі інфармацыю пра дзейнасць “Маладога Фронту”, а таксама раздрукоўкі тэлефонных размоваў абвінавачанага, што, на думку юрыстаў, ёсць незаконным, бо для праслухоўвання тэлефонных размоваў актывіста не было санкцыі адпаведных органаў. Суддзя, нягледзячы на пратэсты абароны, дазволіла пракурору зачытаць раздрукоўкі. Гэтае ды іншыя парушэнні закону, як і тое, што судзяць маладзёнаў па артыкуле за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, як адзначае юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч, сьведчыць пра замоўны характар і незаконнасць гэтага крымінальнага працэсу.

“Наяўнасць такога артыкула ў Крымінальным кодэксе супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, найперш Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, таму адпаведна я лічу, што гэты пераслед носіць абсалютна палітычны характар, і расцэньваю гэтыя дзеянні як антыканстытуцыйныя”.

Салігорскі суд, як таго патрабаваў пракурор, прызнаў Івана Шылу вінаватым, але, улічваючы ўзрост маладафронтаўца, у якасці пакарання вынес яму перасцярогу. Сам юнак са здзіўленнем успрыняў такое рашэнне служкаў Феміды.

“Гэта абсурдны судовы працэс, я не ведаю, што ставілі за мэту, нашто ўвогуле быў гэты чатырохмесячны цырк, нашто было праводзіць усе гэтыя расследаванні, калі для мяне запатрабавалі проста судзімасць, і нічога болей. Цалкам неспрагназаваная тактыка нашых уладаў, я не здольны яе зразумець”.

Івана абурыў факт збіцця міліцыянтамі людзей, якія прыйшлі падтрымаць яго да будынку суда.

“Тое, што тут збіваюць людзей, што майго брата двойчы затрымлівалі, гэта мяне проста абурае, і я не разумею, ці гэта людзі, ці нейкія звяры, якім даюць загад, і яны з задавальненнем яго выконваюць”.

У сераду ў салігорскім судзе а 9-й раніцы пачнуцца адміністратыўныя суды над затрыманымі напярэдадні моладзевымі актывістамі. У ізалятары часовага ўтрымання ноч правялі 9 чалавек, у тым ліку тры дзяўчыны. Іх абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

А ў Нясвіжы, дзе ў аўторак судзілі актывістку “Маладога фронту” Насту Азарку, таксама былі спробы затрымання грамадзянаў, што прыйшлі падтрымаць апазіцыянерку, але гэтыя спробы не мелі поспеху. Тым не меней, былі арыштаваныя незалежныя журналісты Сяргей Сыс і Уладзімір Грызін, якія імкнуліся сфатаграфаваць спробу затрыманняў. Абодвух даставілі ў РАУС для разбіральніцтва.

Пракурор патрабаваў для Насты Азаркі пакарання ў выглядзе штрафу памерам у 500 базавых велічыняў, альбо ў пераліку больш за 3 тысячы еўра. Але суддзя спыніўся на штрафе ў прыкладна 430 еўра.

Заснавальнік “Маладога Фронту” Павал Севярынец, які толькі ў 4 гадзіны раніцы ў гэты ж дзень выйшаў на волю пасля 15 сутак адміністратыўнага арышту, якія адбываў у берасцейскім ізалятары за арганізацыю прэзентацыі ў абласным цэнтры ўласнай кнігі, паспеў на працэсы і ў Салігорск, і ў Нясвіж. Ён так азначыў тое, што адбылося ў гэтых гарадах у дачыненні да маладафронтаўцаў:

“Такія судовыя працэсы – гэта тэрор, спроба ў духу 37-га году запалохаць моладзь. Але тыя, хто верыць у Бога і любіць Беларусь, не палохаюцца, не купляюцца, і іх немагчыма спыніць”.

А ў Берасці ў аўторак прайшоў разгляд адміністратыўных справаў моладзевага актывіста Юрася Бокура і незалежнай журналісткі Любові Праневіч, затрыманых 19-га ліпеня ў офісе берасцейскай арганізацыі Партыі БНФ падчас прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты з лесу”. Ім інкрымінавалі парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Юрыя Бокура пакаралі штрафам на тры базавыя велічыні (у пераліку каля 30 еўра). А сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў Любові Праневіч суд вынес пакаранне ў выглядзе афіцыйнага папярэджання. Суды над іншымі затрыманымі 19-га ліпеня ў Берасці працягнуцца найбліжэйшым часам.