Дзень Волі адбудзецца ў любым выпадку | Беларусь и белорусы: новости и аналитика | DW | 19.03.2008
  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Дзень Волі адбудзецца ў любым выпадку

Акцыя 25 сакавіка да 90-х угодкаў БНР адбудзецца незалежна ад рашэння ўладаў. Пра гэта было заявілі лідэры апазіцыі, якія таксама рыхтуюцца да агульнанацыянальнай дыктоўкі, запланаванай на 23 сакавіка.

default

Старшыня аргкамітэту па святкаванні юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі Віктар Івашкевіч падксрэсліў выключную важнасць масавасці будучай акцыі. “Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, амерыканскія і еўрапейскія палітыкі могуць рэальна нас падтрымліваць і слухаць нашы прапановы толькі тады, калі будзе дэманстрацыя, што на Беларусі ёсць не купка апазіцыянераў, а шырокія народная масы, якія гатовыя адкыта выступаць у падтрымку незалежнасці Беларусі, дэмакратычнай Беларусі, еўрапейскай Беларусі”.

Мірная акцыя

Віктар Івашкевіч звярнуў увагу на тое, што акцыя мае перад сабою выключна цывільныя мэты і заўляецца арганізатарамі як мірная. “Па маршруце мы будзем ускладаць кветкі да помнікаў нашых вядомых творцаў, паэтаў і пісьменнікаў. У сувязі з гэтым просьба прыходзіць з кветкамі. Людзі, якія будуць у першых шэрагах з кветкамі, гэта будзе дэманстрацыяй таго, што мы не збіраемся біцца ні с АМОНам, ні з міліцыяй, ні з ДАІ”.

Кіраўнік аргкамітэту папярэдзіў усіх мажлівых правакатараў пра наступствы іх дзеянняў у часе вулічнай акцыі 25-га сакавіка.

“Мы рыхтуем дружыну, якая будзе ўсялякім правакатарам ці ад белых воль, ці ад чорных русей, ці ад чырвоных анархій даваць адпор. Мы іх проста будзем затрымліваць і здаваць супрацоўнікам міліцыі. Таму гэтае пасланне і ім, што мы ніякіх правакацыяў дапускаць не будзем, у дачыненні да правакатараў будзем дзейнічаць вельмі жорстка”.

Міжнародны аспект

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, арганізатары чакаюць на акцыю і замежных гасцей, а з-за мяжы падтрымку аказвае ў першую чаргу старшыня Рады БНР, якая звярнулася з лістамі да ўрадаў ЗША і найбуйнейшых еўрапейскіх краінаў, каб яны адсочвалі сітуацыю 25-га сакавіка.

“Па-другое, шэраг прадстаўнікоў Еўрапарламента і нацыянальных парламентаў зараз спрабуюць атрымаць беларускія візы. Наколькі ім гэта ўдасца, спрагназаваць зараз цяжка,” – кажа Лявон Баршчэўскі.

Віктар Івашкевіч выказаў задавальненне тым фактам, што адрозна ад мінулых гадоў і мінулых акцыяў за шесць дзён да Дня Волі – 2008 пакуль толькі адзін чалавек прэвентыўна трапіў за краты.

Нагадваем, што 17 сакавіка на 12 сутак адміністратыўнага арышту быў асуджаны моладзевы актывіст Зміцер Каспяровіч, у машыне якога супрацоўнікі ДПС знайшлі больш за сто тысяч налепак кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і “Маладога Фронту”. Аднак, засудзілі маладзёна “за лаянку матам у грамадскім месцы”.

У мінулыя гады ў гэты час у Мінску і рэгіёнах у вязніцах былі дзесяткі актывістаў дэмакратычных сіл. Але старшыня аргкамітэту Дня Волі паведміў, што ўранку 19 сакавіка былі затрыманыя аўтамабілі, якія везлі наклады незалежных газет “Народная воля” і “Товарищ” з публікацыямі да юбілею БНР.

Будзе і акцыя, будзе і дыктоўка

Як падкрэсліў Віктар Івашкевіч, вулічная акцыя да 90-х угодкаў БНР у беларускай сталіцы адбудзецца абавязкова.

“На сёння забароны на акцыю, на збор на плошчы Якуба Коласа няма. Няма і афіцыйнага дазволу. У любым выпадку, мы збіраемся на Якуба Коласа ў 18 гадзінаў і ўскладваем кветкі да помнікаў Коласа, Купалы, Міцкевіча і Багдановіча. Як нам удасца да іх дайсці, будзе залежаць ці ад спрыяння, ці ад нейтралітэта, ці ад перашкодаў уладаў”.

Цяпер дэмакратычныя лідэры рыхтуюцца да агульнанацыянальнай дыктоўкі да юбілею БНР, якая адбудзецца 23 сакавіка, і заклікаюць усіх грамадзян далучыцца да яе. Частка жадаючых будзе пісаць дыктоўку ў сядзібе БНФ – штогадзіну ад 11-й да 17-й гадзіны. Як сказаў кіраўнік БНФ Лявон Баршчэўскі, “я буду пісаць тут, і думаю, партыйныя лідэры прыйдуць сюды”.

Юбілейная дыктоўка ў нядзелю пройдзе амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Контекст

Реклама