1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ангажаванасць - галоўная праблема журналістаў

1 ноября 2007 г.

Такі вынік быў атрыманы ў часе ананімнага анкетавання, якое праводзілася ў Гомелі сярод прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Па якіх крытэрыях гомельскія калегі ацэньваюць сваю працу?

https://p.dw.com/p/Bzzn
Фото: picture-alliance/dpa

Ідэя правесці апытанне ў журналісцкай супольнасці належыць маладым сябрам гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Актывісты самі распрацавалі анкеты, абапіраючыся на досвед даследаванняў такога кшталту ў Еўропе. У анкеце ёсць пытанні, датычныя магчымасці самарэалізацыі журналістаў, іх ацэнкі ўласных прафесійных стандартаў і працы свайго СМІ.

Адна з ініцыятарак анкетавання, маладая журналістка Таццяна падкрэслівае, што само па сабе анкетаванне – не самамэта. «Мы хацелі даведацца, што людзі думаюць пра сваю прафесію, што робіцца ў іх СМІ, з якім настроем яны там працуюць, ці адрозніваюцца крытэрыі прафесійнасці ў дзяржаўнікаў і недзяржаўнікаў», - гаворыць Таццяна.

Асноўныя перашкоды

Удзельнікамі ананімнага анкетавання сталі гомельскія журналісты як дзяржаўных, так і недзяржаўных выданняў. Дарэчы, на Гомельшчыне няма мясцовых незалежных СМІ, так што апытанне праводзілася таксама сярод тых журналістаў, якія асвятляюць падзеі ў рэгіёне для рэспубліканскіх і замежных медыяў.

Большасць удзельнікаў апытання адзначылі, што ў Беларусі існуе толькі абмежаваная свабода слова. Пры гэтым сярод асноўных перашкодаў для журналістаў паўстаюць недастатковая гатоўнасць уладаў даваць інфармацыю і недасканаласць законаў, якія тычацца СМІ.

У недзяржаўных СМІ больш магчымасцей для рэалізацыі

Адметна, што супрацоўнікі дзяржаўных выданняў засведчылі, што практычна пазбаўленыя магчымасці крытыкаваць і кантраляваць уладу. У адрозненні ад сваіх незалежных калег, дзяржаўныя журналісты надаюць значна менш увагі такім характарыстыкам, як праўдзівасць, аб’ектыўнасць, актуальнасць.

Зыходзячы з вынікаў анкетавання, не даводзіцца здзіўляцца, што большасць журналістаў кажуць, што журналіст можа больш рэалізавацца ў СМІ недзяржаўнай формай уласнасці. «То бок мы бачым ацэнку самімі журналістамі ўмоваў працы ў сваіх выданнях”, - падсумоўвае адна з аўтарак анкетавання Таццяна.

Актуальнасць інфармацыі не так i важная?

І тым не менш некаторыя вынікі даследавання ўразілі саміх даследчыкаў. І дзяржаўныя, і недзяржаўныя журналісты прызнаюцца ў сваёй ангажаванасці. Маладой журналістцы Таццяне пашчасціла ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства ў Еўропе, таму яна не хавае свайго здзіўлення. Яе шакавала, што крытэрыі прафесійнага журналісцкага матэрыялу ў людзей скажоныя. «І дзяржаўнікі, і недзяржаўнікі кажуць, што ў матэрыяле павінны быць ангажаванасць і перадузятасць, а актуальнасць інфармацыі не так i важная».

Ва ўсялякім разе, працягвае Таццяна, «на аснове гэтага анкетавання мы не хацелі паказаць, што маўляў і “чэсныя”, і “нячэсныя” працуюць няправільна. Мы хацелі данесці мэсідж нашым гомельскім журналістам – людзі, вярніцеся да сваіх прафесійных прынцыпаў!»