1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Старажытныя Каляды ў святле сучаснасці

Мікалай Паддубны13 января 2008 г.

У Гомелі мясцовая моладзь зладзіла калядную вечарыну паводле народных традыцыяў. Гледачы ўбачылі прадстаўленне лялечнага тэатра батлейка, а таксама інсцэніроўку таго, як беларусы традыцыйна сустракалі Каляды.

https://p.dw.com/p/Cp3Z
Фото: Marina Masurkevitsch

У святочныя зімовыя дні моладзевая краязнаўчая арганізацыя “Талака” прадставіла жыхарам Гомеля, як святкаваліся Каляды ў Беларусі некалькі стагоддзяў таму. Каля трыццаці гледачоў з захапленнем назіралі за п’есай “Цар Ірад”, якая разыгрывалася ў сапраўднай батлейцы.

Батлейка – народны лялечны тэатр

Батлейка вядома ў Беларусі з ХVІ стагоддзя. Яе назва паходзіць ад горада, дзе нарадзіўся Хрыстос, - Бэтлеем (ці Віфлеем). Батлейка ўяўляе сабой драўляную скрыню - своеасаблівы прататып тэлевізара. Батлейка мае адзін ці два гарызантальныя ярусы-сцэны, па якіх з дапамогай драўляных стрыжняў водзяцца лялькі. Ларыса Шчыракова, старшыня “Талакі”, распавядала, што сябры ейнай арганізацыі ўласнаручна зрабілі батлейку і лялькі.

"Гэта двухпавярховая магілеўская батлейка. На вышэйшым паверсе ігралі персанажы светлыя – анёлы, добрыя людзі, а на ніжнім ярусе – чорт, Ірад, кепскія людзі".

Біблейскі сюжэт з улікам актуальнасці

Біблейскі сюжэт пра цара Ірада і нараджэнне Хрыста якраз падыходзіць для паказу ў святочныя дні Раства. У “талакоўскай” батлейцы рэлігійныя персанажы падобныя на некаторых вядомых асобаў Беларусі. Цар Ірад выдае “дзякрэты”, а вайсковец абвінавачвае старую кабету ў незаконным вулічным гандлі.

Ларыса Шчыракова адзначае, што першае прадстаўленне п’есы “Цар Ірад” “Талака” зрабіла яшчэ ў 2001 годзе. Па яе словах, батлейка ўспрымаецца добра ў любой аўдыторыі, дзякуючы простаму і актуальнаму тэксту. Нягледзячы на гэта, Ларыса выказвае асцярогу:

"У свой час дазвалялі, а цяпер, калі крамолу шукаюць паўсюль, нават ня ведаю. Забараняць батлейку – гэта ўжо маразм".

Кастусь Жукоўскі, актывіст па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, у п’есе выконвае ролю чорта.

"Я зацягваю дыктатара ў пекла", - кажа Кастусь.

Дарэчы, самому Кастусю Жукоўскаму цяпер пагражае штраф да сямі мільёнаў рублёў за парушэнне прэзідэнцкага дэкрэта, які прадугледжвае рэгістрацыю замежнай бязвыплатнай дапамогі. Справа ў тым, што сваяк з Украіны падараваў Кастусю на вяселле дзве тысячы даляраў. Падатковая інспекцыя палічыла гэты падарунак замежнай дапамогай, якую трэба рэгістраваць і з якой трэба сплочваць падатак. Пакуль Кастусь Жукоўскі чакае суда і верыць, што на Каляды нічога не можа здарыцца кепскага.

"Хай трымаецца жонка і цешча, а там усё будзе добра. Каго нам баяцца, калі з намі бог і праўда".

Дзеля захавання беларускасці

На каляднай вечарыне прысутнічаў з сям’ёй Андрэй Толчын, кіраўнік гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Андрэй Толчын засведчыў, што такія імпрэзы дазваляюць пачуваць сябе грамадзянінам і беларусам.

"Я вельмі рады, што ёсць такія людзі, якія захоўваюць нашу спадчыну. У мяне вельмі добры настрой, якога да гэтага не было".

А вось такое каляднае пажаданне талакоўцы зрабілі для слухачоў “Нямецкай хвалі”:

"Каб у вас у кожным куточку было па сыночку,

А як коціцца бочачка, была яшчэ і дочачка.

Каб у вашай хаце было заўжды што даці,

Каб мякіну не таўклі і хлеб з яе не пяклі".