1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Кліч да збору земляў ці дэжа-вю

Вадзім Вілейта25 апреля 2007 г.

Літва і Польшча сёлета як ніколі актыўна збіраюцца адсвяткаваць чарговую гадавіну прыняцця першай у Еўропе канстытуцыі. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай пасля прыняцця ў 1791 годзе была ў сіле толькі год.

https://p.dw.com/p/AJQQ

Калі ў Польшчы 3 траўня – даўно любімае нацыянальнае свята, то Літва толькі нядаўна на афіцыйным узроўні ўзялася станоўча пераасэнсоўваць ролю Канстытуцыі. Пры гэтым у Вільні чуваць галасы, што адраджэнне гістарычнай памяці аб былой польска-літоўскай рэспубліцы акажа беспасярэдні ўплыў і на сучасную міжнародную палітыку, у прыватнасці – на актывізацыю сумесных польска-літоўскіх намаганняў на беларуска-ўкраінскім кірунку.

Гэта можа здацца дэжа-вю, асабліва савецкім беларускім гісторыкам – “літоўска-польскія феадалы”, якія стагоддзямі прыгняталі “исконно русских” беларусаў і ўкраінцаў, зноў уздымаюць старыя штандары. Падстава прыгожая – 3 траўня, гадавіна першай агульнай канстытуцыі, якую Літва неўзабаве аб’явіць калі не нацыянальным святам, дык памятнай датай. Ініцыятар ушанавання новага дня ў афіцыйным літоўскім календары дэпутат Сойму з фракцыі “Саюз Айчыны” Эмануэліс Зінгерыс сцвярджае, што аб’яднаўшыся пад сцягам найбольш прагрэсіўнага дакумента канца 18 стагоддзя, Вільня і Варшава змогуць і ў 21 стагоддзі падаць выразны сігнал усходнім суседзям Еўразвязу:

“Вядома, тыя землі, народы, што разам з намі былі ў Рэспубліцы Абодвух Народаў, мелі гарант аб будучым больш цывілізаваным ладзе, які ў сабе гэтая Канстытуцыя несла. Адыход ад прыгонніцтва паводле Канстытуцыі ствараў і для часткі Беларусі, і Украіны лепшы варыянт за той, што са старых часоў цягнуўся ў Расеі”.

Знаны літоўскі палітолаг-міжнароднік Раймундас Лапата ў гэтым ключы выказваецца яшчэ больш празрыста. На яго думку, сумеснае святкаванне Канстытуцыі 1791 года – яшчэ адзін крок да ўмацавання стратэгічнага партнэрства Вільні і Варшавы. У дужках Лапата дадае, што зварот да сумеснай мінуўшчыны дапаможа палякам і літоўцам у будучыні большага дамагчыся на абшарах былой Рэчы Паспалітай:

“Мяркую, з гэтай згодай у справе гісторыі нам адкрыецца добрая палітычная будучыня – маю на ўвазе рэшткі земляў агульнай дзяржавы, краіны на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай: Беларусь, Украіну, у некаторым сэнсе нават Малдову”.

Але ж гэта кліч да збору земляў, і нязменна ў межах 1772 года, у духу рэвалюцый 19 стагоддзя! Праўда, наноў абвешчанай польска-літоўскай еднасці трэба будзе пазмагацца са “старымі стэрэатыпамі” – у прыватнасці, з вузка-этнічным летувіскім нацыяналізмам. Грамадскасць Літвы даволі насцярожана паставілася да ідэі адраджэння добрай памяці хоць бы і аб Канстытуцыі 3 траўня. Літоўцам са школьнай лавы ўбіта ў галаву, што гэтая канстытуцыя паклала канец аўтаноміі ВКЛ у складзе Рэспублікі, ды і ўся гісторыя дачыненняў з палякамі ім больш нагадвае аб варажнечы, чымся аб сумесных прагрэсіўных дасягненнях.

“Гэта проста з Захаду ідзе палітычная замова. А вось я мяркую, што гэты чыста польскае свята, юрыдычная перамога польскай дзяржавы над Літвой, у тэксце канстытуцыі аб Літве ўвогуле ні слова. Менавіта гэтая канстытуцыя была праўнай падставай для захопу Віленскага краю ў 1920 годзе”, - гаворыць Эгідзіюс Клумбіс, дэпутат ліберал-дэмакрат, які ў літоўскім Сойме праславіўся нацыяналістычнымі ды антызаходнімі выступамі. 3 траўня ён прапанаваў абвясціць днём трагедыі літоўскай дзяржавы, а патугі Вільні адрадзіць даўнейшы ўплыў на тэрыторыі былога княства лічыць за авантуру.

Аднак генеральная лінія кіраўніцтва Літвы цяпер на карысць новай вуніі з Варшавай. 3 траўня, бадай, упершыню з часоў падзелу Рэчы Паспалітай адбудзецца сумеснае ўрачыстае пасяджэнне парламентаў Літвы і Польшчы – праўда, у наш час Вальны Сойм будзе адбывацца з дапамогай тэлемасту. А вось ці ўдасца заходнім суседзям Беларусі пабудаваць новыя сапраўдныя масты з былымі вялікакняскімі землямі – пакажа час. Пакуль Беларусь – на іншым баку фронту падзелу Рэчы Паспалітай, і да канстытуцыяналізму ў цяперашніх беларускіх уладаў стаўленне адпаведнае.