1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

За адмену дыскрымінацыйнага артыкула

Генадзь Канстанцінаў11 ноября 2008 г.

Паводле заявы канцлера ФРГ, Еўразвяз дамагаецца адмены арт. 193 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таго ж патрабуюць і беларускія праваабаронцы.

https://p.dw.com/p/FrgG
Фото: BilderBox

Артыкул 193, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, з’явіўся ў Крымінальным кодэксе ў снежні 2005 году незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў (сакавік 2006). Ініцыятарам з’яўлення гэтага артыкула быў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Раней адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў выглядзе штрафаў, а за паўторнае цягам году парушэнне ў выглядзе арышту да 15 сутак прадугледжваў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

Цяпер жа санкцыя крымінальнага артыкула 193 прым. прадугледжвае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Ужо ў 2006 годдзе да крымільнай адказнасці паводле гэтага артыкула былі прыцягнуты два актывісты "Маладога фронту" і чатыры – з арганізацыі незалежнага назірання за выбарамі "Партнёрства", якія былі асуджаны да рэальнага пазбаўлення волі. Самым вядомым асуджаным па гэтым артыкуле стаўся лідэр "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, прыгавораны да палутара гадоў калоніі.

Артыкул “плодзіць” вязняў сумлення

"І надалей гэты артыкул актыўна выкарыстоўваўся, праўда, улады ўжо потым пад уціскам міжнароднае супольнасці пачалі ўстрымлівацца ад вынясення рэальных тэрмінаў пазбаўлення волі, - адзначае юрыст Валянцін Стэфановіч. – Крытыка выкарыстання гэтага артыкула вельмі моцна ўзрастала на ўсіх міжнародных форумах АБСЕ, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Паўсюль беларускія праваабаронцы, апазіцыйныя палітычныя партыі казалі пра гэты артыкул і лічылі, што практыка яго прымянення з’яўляецца недапушчальнай, і патрабавалі яго адмены".

Па словах Валянціна Стэфановіча, "Amnesty International" казала, што гэта пераслед за выражэнне свайго меркавання, абсалютна палітычны пераслед, і таму і Зміцер Дашкевіч, і актывісты "Партнёрства" былі прызнаныя "Amnesty International" вязнямі сумлення”.

Супярэчыць Канстытуцыі

Незалежныя эксперты правялі прававую ацэнку артыкула 193 прым. Крымінальнага кодэкса і, па словах старшыні юрыдычнае камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, прыйшлі да наступнае высновы:

"Гэты артыкул яўна па-за межамі Канстытуцыі, ён фактычна, паводле зместу, не з’яўляецца дзеяй, што падпадае пад крымінальнае пакаранне, бо ў ім адсутнічае адзін з элементаў складу злачынства – наяўнасць істотных уронаў для грамадства альбо пэўных асобаў у дзяржаве. І, па сутнасці, сама практыка прымянення артыкула – гэта недапушчальнае абмежаванне свабоды асацыяцыяў, якая дакладна прапісаная ў Канстытуцыі".

Улада спяшацца не будзе

Еўрапейскі Звяз, міжнародныя структуры і асобныя лідэры заходніх дзяржаваў заклікаюць беларускае кіраўніцтва адмяніць артыкул 193 прым. Але, на думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, беларускія ўлады наўрадці адразу ж выканаюць гэтае патрабаванне. Яны, хутчэй за ўсё, уцягнуцца ў доўгі перамоўны працэс, бо адмена артыкула была б для іх вельмі цяжкім псіхалагічным рашэннем.

"Увогуле, беларускія ўлады прывыклі дзейнічаць паводле прынцыпу дамоклава мяча, яны не хочуць, каб былі брутальныя рэпрэсіі, якія бы давалі падставы для абвінавачванняў, ярлыкоў кшталту “злачынны рэжым” і гэтак далей. Таму яны хочуць абмяжоўвацца нейкімі кропкавымі рэпрэсіямі, каб, найперш, была проста атмасфера страху, і вось такія артыкулы сапраўды вісяць дамоклавым мячом і ствараюць атмасферу страху. Таму што, як толькі народ асмялее, то хутка могуць захістацца ўстоі ўсёй палітычнай сістэмы".

Як мяркуе Аляксандр Класкоўскі, "найхутчэй можа быць такая негалосная ўмова, маўляў, мы ўводзім мараторый, не будзем болей нікога кідаць за краты, але, як кажа афіцыйны беларускі лідэр, не змушайце нас рабіць тое, што мы сёння не зможам рабіць. Гэта такі эўфемізм, які сведчыць пра тое, што адмаўляцца ад гэтакіх рэпрэсіўных артыкулаў улада не паспяшаецца".