1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія палітыкі пра незалежнасць Косава

Генадзь Канстанцінаў19 февраля 2008 г.

Абвяшчэнне незалежнасці Косава выклікала шырокую дыскусію і ў беларускім грамадстве. Як ставяцца апазіцыйныя палітыкі і прадстаўнікі ўлады да суверэнітэта Косава і яго прызнання іншымі краінамі?

https://p.dw.com/p/DA4h

Абвяшчэнне незалежнасці Косава выклікала шырокую дыскусію і ў беларускім грамадстве. Гэта той рэдкі выпадак, калі і апазіцыйныя палітыкі, і прадстаўнікі ўлады не вельмі разыходзяцца ў ацэнках, што да суверэнітэта Косава і яго прызнання іншымі краінамі.

Як адзначае кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

"Сітуацыя не пралічаная да канца з наступствамі. Наўрад ці можна аднадушна яе прымаць".

Магчымы новы “парад суверэнітэтаў?

"Калі мы бярэм постсавецкую прастору – гэта Грузія, Малдова, - як гэта адгукнецца, і ці не пачнецца парад маленькіх суверэнітэтаў з неразвязанымі не толькі палітычнымі, але і міжнацыянальнымі спрэчкамі, цяжка сказаць", - гаворыць Анатоль Лябедзька.

На думку палітыка, у пытаннях абвяшчэння незалежнасці спяшацца ня трэба.

"Хай бы гэта праблема яшчэ дыскутавалася, заставалася ў падвешаным стане, бо ніхто там ніякіх праблемаў для касавараў на сённяшні дзень не ствараў, яны дэ-факта і так існавалі, але вось дэ-юрэ ствараць такія прэцэдэнты не зусім правільна", - лічыць палітык.

Свет робіцца больш нестабільным

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін перакананы, што абвяшчэнне незалежнасці Косава робіць свет больш нестабільным. Па словах палітыка, гэта падрывае асновы сусветнага ўкладу, парушае міжнароднае права.

"Калі прымаецца рашэнне без узгаднення з вышэйшымі кіроўнымі органамі суверэннае дзяржавы, то ёсць няправільным, калі гэта пачынаюць прызнаваць іншыя дзяржавы. Гэта можа выклікаць цэлы шэраг падзеяў у іншых частках свету па стымуляванні сепаратысцкіх настрояў у асобных рэгіёнах", - гаворыць Сяргей Калякін.

Старшыня Цэнтральнага аргкамітэта Народнай грамады (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Мікалай Статкевіч таксама ацэньвае абвяшчэнне суверэнітэту Косава і фактычнае прызнанне яго некаторымі дзяржавамі

"як прэцэдэнт парушэння міжнароднага права. Акрамя таго, на постсавецкай прасторы гэта выклікае чарговую хвалю антыамерыканізму".

Новае дыханне сепаратызму

Паводле Мікалая Статкевіча, другое дыханне атрымаюць сепаратысты ў Іспаніі, на Балканах зноў пачнецца абвастрэнне сітуацыі. Акамя таго, ...

"Я думаю, што нейкія дадатковыя шансы атрымаюць Прыднястроўе, Паўднёвая Асетыя і Абхазія, а таксама Карабах. Так што, на мой погляд, гэта вельмі рызыкоўнае рашэнне".

“Міжнароднае злачынства”

Больш катэгарычны ў сваіх ацэнках дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Касцян.

"Здзейснена найвялікшае міжнароднае злачынства. Ахцісаары – гэта падпальнік міру на Балканах, а ўсе тыя, хто паспяшаўся прызнаць незалежнасць Косава, - гэта злачынцы ХХІ стагоддзя, якія мусяць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасыці".

Але ў першую чаргу, упэўнены Сяргей Касцян, прызнанне незалежнасці косаўскага краю нанясе ўрон галоўным ідэолагам абвяшчэння суверэнітэту Косава.

"Гэта будзе вялізны ўдар па Злучаных Штатах, што нявыгадна для ўсяго светаўкладу. Па-першае, у саміх ЗША даўно рыхтуецца новае дзяржаўнае ўтварэнне ў гішпанамоўных штатах, дзе цяпер жыве Буш, дзе забілі Джона Кенэдзі".

Такім чынам, па словах палітыка, ідзе развал усяго сусветнага ўкладу, перадзел межаў, братазабойныя войны.

І яшчэ, як адзначае Мікалай Статкевіч, афіцыйныя ўлады скарыстаюць факт абвяшчэння незалежнасці Косава ў сваіх ідэалагічных мэтах.

"І ў Расіі, і ў Беларусі дзяржаўная прапаганда выкарыстае гэта “на ўсе сто”, каб стварыць для заходніх краінаў, заходніх дэмакратыяў імідж ворага".