1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чарнобыльская тэматыка хоць ненадоўга прымірае нават ідэалагічных супраціўнікаў

Вадзім Вілейта15 апреля 2007 г.

У літоўскім Сойме праходзіць выстава, прысвечаная гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На выставе экспануюцца некалькі дзясяткаў работ мастака Сяргея Давідовіча.

https://p.dw.com/p/AFcF

З прычыны дрэнных адносінаў паміж Беларуссю і Літвой, афіцыйны чырвона-зялёны беларускі сцяг у сценах літоўскага Сойму выглядае як недарэчнасць. Але ж на гэтым тыдні яго месца тут, побач з літоўскім трыкалёрам, ніхто аспрэчваць ня будзе – чарнобыльская тэматыка і павага да памяці ахвяр хоць ненадоўга змірае нават ідэалагічных супраціўнікаў.

Падчас адкрыцця выставы Давідовіча як ніколі часта ў парламенце была чуваць і расейская гаворка з беларускім акцэнтам – сабралася нямала прадстаўнікоў беларускай амбасады, а таксама проста віленскіх беларусаў, што ўступалі ў гутарку з літоўскімі парламентарамі. Амбасадар Беларусі ў Вільні Ўладзімір Дражын зазначыў, што выстава мусіць нагадаць, як важна пільна ставіцца да так званага мірнага атаму:

- Гэтая выстава – яшчэ адзін напамін, як мы павінны выбудаваць сістэму праектавання, пабудовы, уводу ў эксплуатацыю атамных электрастанцый, каб ня здарылася трагедыі. І я мяркую, што паколькі мы разам ідзем у адным кірунку – прынятае рашэнне аб пабудове новых блокаў ігналінскай атамнай станцыі і прынятае палітычнае рашэнне аб пабудове атамнай электрастанцыі ў Беларусі – гэтая выстава сёння ў Сойме нам нагадвае аб тым, што мы павінны быць у некалькі разоў пільнейшыя.

Беларускае кіраўніцтва, нягледзячы на негатыўнае стаўленне грамадскасці, не адмаўляецца ад планаў пабудаваць у краіне электроўню. А Літва яшчэ з савецкага часу застаецца атамнай дзяржавай, літоўскі ўрад якраз рыхтуецца да пабудовы на старой Ігналінскай станцыі новых ядравых рэактараў. Адзінае што абяцаецца, нібы новыя рэактары за старыя будуць куды больш бяспечныя.

Большасць літоўцаў у гэта вераць, а калі і не, дык усё адно больш баяцца ня выбухаў, а вялізных рахункаў за электрычнасць, якая мусіць шматкроць падаражэць пасля закрыцця старога ігналінскага блоку напрыканцы 2009 года. Таму і галасуюць за атамную энергетыку. На думку аўтара выставы Сяргея Давідовіча-Зосіна, гады, што мінулі пасля Чарнобыля, прытупляюць пачуццё болю і небяспекі:

- Прайшло дваццаць гадоў, дваццаць першы год – людзі пачалі забывацца, людзі перасталі баяцца. Баяцца, калаціцца, магчыма і нятрэба, але трэба памятаць пра гэта, і гэта засцярога на будучыню, каб гэта не адбылося ні ў Беларусі, ні ў Літве, ні ва ўсім свеце, нідзе.

Старшыня парламенцкай групы па сувязях з Беларуссю, дэпутат Вацлаў Станкевіч гаворыць, што планы развіваць атамную энергетыку павінны крыху больш зблізіць Беларусь і Літву:

- Энергетыка цяпер – пытанне нумар адзін і для Беларусі, і для Літвы, гаворачы праз прызму нават незалежнасці нашых краін, таму развіваць энергетыку мы павінны. Але несумненна, мы не павінны забыць, да чаго можа давесці бескантрольная праца ў гэтай важнай галіне. Нават няважна, ці там будзе электрастанцыя на тэрыторыі Літвы чы Беларусі – не дай Бог сталася б з ёй якое няшчасце, то гэта датычыла б і адну, і другую краіну.

Выстава твораў беларускага мастака ў Сойме прайшла з ініцыятывы беларускай амбасады ў Вільні – гэта першая імпрэза з цыклу, прысвечанага 15-годдзю усталявання дыпламатычных адносінаў паміж краінамі.

Тым часам на гэтым тыдні ўжо з ініцыятывы парламентароў адбудзецца яшчэ адно афіцыйнае мерапрыемства – новаствораная парламенцкая група па сувязях з Беларуссю пад кіраўніцтвам В.Станкевіча збіраецца з Уладзімірам Дражыным пагутарыць ня толькі на культурніцкія, але і на эканоміка-палітычныя тэмы. Такім чынам, як сцвярджае старшыня групы, літоўскі Сойм збіраецца зрушыць лёд у адносінах паміж дзвюма краінамі, але пры гэтым спадзяецца не паспрыяць рэабілітацыі беларускага рэжыму.

Ну а пакуль чырвона-зялёны сцяг у літоўскім Сойме проста нагадвае пра вечны беларускі чарнобыльскі боль. На наступным тыдні выстава Сяргея Давідовіча, прымеркаваная да 21-й гадавіны катастрофы, з Літвы пераязджае ў Латвію.