"Ланцуг неабыякавых" адбудзецца ў Мінску 16 верасня
15 сентября 2008 г."Ланцуг неабыякавых людзей" - акцыя дэмакратычных сілаў адбудзецца ў Мінску ў Дзень беларускай салідарнасці, 16 верасня, на Кастрычніцкай плошчы.
У цэнтр беларускай сталіцы выйдуць людзі з партрэтамі зніклых без вестак, а па сцвярджэннях апазіцыі, скрадзеных і забітых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага. Асноўнымі ўдзельнікамі акцыі будуць кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з адзінага спісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія балатуюцца па горадзе Мінску.
З нагоды маючай адбыцца акцыі дзейны старшыня Прэзідыюма Палітрады АДС, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў: "Мы лічым прынцыповым і маральным для Аб’яднаных дэмакратычных сілаў не трапіць толькі ў сітуацыю ўхвалення таго, што ў нас няма палітычных вязняў. У нас ёсць некалькі балючых ран - гэта скраданне і забойства палітыкаў і журналістаў у Беларусі, і гэтая праблема застаецца актуальнай".
На думку Анатоля Лябедзькі, трэба памятаць, што калі апазіцыя гаворыць, што гатова размаўляць з уладай і шукаць нейкія супольныя рашэнні пытанняў, звязаных з суверэнітэтам, з эканамічнымі рэформамі, сацыяльнымі рэформамі, то па пытаннях зніклых, па пытаннях палітычных вязняў, па справе "чатырнаццаці", якія таксама абмежаваныя ў сваёй волі, кампрамісу з уладамі быць не можа.
"Мы павінны нагадваць, што ніхто не забыты і нішто не забыта. Канешне ж, на гэту акцыю ніхто не падаваў ніякіх заявак, таму фармальна яна лічыцца, з аднаго боку, несанкцыянаванай, а з іншага боку, у нас ёсць два рашэнні Вярхоўнага Суда, які дазваляе грамадзянам прыходзіць у любую кропку горада Мінска з партрэтамі зніклых людзей, і на гэта не патрабуецца спецыяльнай заяўкі", - падкрэсліш палітык.
Акцыя "Ланцуг неабыякавых людзей" пачнецца а 18-й гадзіне. (гк)