Выбары: ціск на апазіцыю і "акно магчымасцяў" для Еўропы
8 сентября 2008 г.Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кандыдат у дэпутаты Дзяніс Садоўскі паведаміў пад час сустрэчы з журналістамі 8 верасня, што ўлады працягваюць пераслед актывістаў БХД у многіх раёнах Беларусі: "Пастаянна ідзе ўціск на кандыдатаў, на сябраў ініцыятыўных груп і на давераных асобаў. За апошнія паўтары тыдні за ўдзел у выбарчай кампаніі чатыры сябры аргкамітэту БХД страцілі працу альбо былі выгнаныя з універсітэтаў".
У Гомелі быў змушаны звольніцца з працы актывіст БХД Кастусь Жукоўскі, цяперашні кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, тое ж самае здарылася і з кіраўніком выбарчага штабу Жукоўскага Алесем Сіваковым. З Магілёўскага дзяржаўнага універсітэту за быццам бы акадэмічную запазычанасць была адлічаная каардынатар аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласці Таццяна Шамбалава, якая была самай маладой прэтэндэнткай на кандыдата ў Беларусі, але не была зарэгістраваная, а з Полацкага дзяржуніверсітэту гэткім жа чынам быў выдалены тамтэйшы актывіст БХД і "Маладога Фронту" Мікалай Дземідзенка, удзельнік перадвыбарчага штабу кандыдата ў дэпутаты Таццяны Севярынец. Уціск на сябраў БХД чыніўся ў іншых гарадах краіны.
Выбары – толькі нагода
Паводле словаў Таццяны Шамбалавай, удзел у выбарчай кампаніі часам рабіўся толькі нагодай для пазбаўлення ад няўгодных кіраўніцтву ВНУ студэнтаў.
"Мяне выклікалі да дэкана пасля студэнцкага пікету – акцыі пратэсту супраць адмены ільготаў. Тады прагучала фраза: "у далейшым пытанне вашага навучання ў дзяржаўным універсітэце за дзяржаўны кошт можа легчы ў практычную плоскасць". Напэўна, гэтае пытанне і легла ў практычную плоскасць у час выбарчай кампаніі".
Дзяніс Садоўскі заявіў, што хрысціянскія дэмакраты могуць адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах: "Мы ў гэтай сітуацыі не можам працягваць заклікаць людзей удзельнічаць і галасаваць за нас, і разумеючы тое, што ў любы дзень і час тое ж самае можа адбыцца з кожным з нас, мы заклікаем людзей не ўдзельнічаць у гэтым выбарчым фарсе і плануем, каб ужо да 23 верасня нашы кандыдаты ўжо не ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі".
Некаторыя палітыкі, якія заяўляюць пра магчымае зняццё дэмакратычных кандыдатаў з выбараў за некалькі дзён да галасавання, разлічваюць, што такі крок паспрыяе непрызнанню міжнароднай супольнасцю гэтых выбараў. Але, як адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, хоць у выніковай справаздачы місіі міжнародных назіральнікаў будуць зафіксаваныя многія негатыўныя моманты, сутнасці выніковага дакументу гэта не зменіць.
Прызнанне прадбачанае
"Гэтая місія настроена вельмі талерантна, улічваецца той кантэкст, што зараз Захад і Еўропа, у прыватнасці, хоча скарыстаць гэтае "акно магчымасцяў", шанец на паляпшэнне дачыненняў з Беларуссю, - лічыць Аляксандр Класкоўскі. – На пэўныя хібы выбарчай кмапаніі Еўропа сёння гатова заплюшчыць вочы, таму што кажуць ужо не аб цалкам дэмакратычных выбарах, а каб быў прагрэс у параўнанні з папярэднімі".
Што да выключэнняў актывістаў з ВНУ, то, на думку аналітыка, усё абстаўляецца як іхняя элементарная акадэмічная непаспяховаць, і міжнародным назіральнікам вельмі цяжка давесці, што гэта звязана менавіта з выбарчай кампаніяй.
Што да заяваў аб магчымым зняцці дэмакратычных кандыдатаў з выбараў, то Аляксандр Класкоўскі падкрэсліў: "Захад сёння не зацікаўлены, каб беларуская апазіцыя байкатавала выбары, бо гэта, напэўна, камусьці на Захадзе здаецца нейкай дзіцячай гульнёй, якая можа сапсаваць сапраўды сур’ёзныя шансы на нармалізацыю стасункаў".