Што ў Слоніме нагадвае пра гетмана Агінскага?
9 марта 2008 г.З краязнаўцам і пісьменнікам Сяргеем Чыгрынам мы вандруем па слонімскіх дастапомнасцях. Вось Ружанская вуліца. Ужо сто гадоў яна мае такую назву.
Дзе Лумумба сустракаўся з Энгельсам
Сяргей Чыгрын каменціруе: “Значыць, на Ружаны вядзе. Але ў савецкі час, дзесьці ў 1970-х гадах, гэтай вуліцы далі імя Патрыса Лумумбы”.
Першы прэм’ер-міністр незалежнай Рэспублікі Конга ніколі ў Слоніме не бываў. У 1990-х пад ціскам грамадскасці мясцовыя ўлады, нарэшце, усвядомілі кур’ёзнасць сітуацыі і вярнулі Ружанскай былую назву.
Гадоў трыста існуе ў мястэчку вуліца Студэнцкая. “А адзін краязнаўца ўзяў і памяняў яе на вуліцу Хлюпіна. Хто такі Хлюпін? Быў такі вайсковец, які ў гады вайны праехаў па ёй на танку”, - тлумачыць Сяргей Чыгрын.
Адваяваць гістрычную назву Студэнцкай вуліцы ўдалося толькі ў самай старой яе частцы. А некалькі дамоў так і засталіся на Хлюпіна. “Дарэчы, вось тут каля парку, вуліца была Энгельса. А раней яна называлася вуліца Оперная. Па гэтай вуліцы артысты ішлі ў тэатр. Мы таксама вярнулі назву. Больш нідзе ў свеце няма вуліцы Опернай. Толькі ёсць у Слоніме”, - ганарыцца краязнаўца.
Палесскія Афіны
Адзін турыст ажно з Санкт-Пецярбургу ехаў, каб прайсціся па слонімскай Опернай. Усіх мінакоў распытваў, як знайсці знакаміты тэатр гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага.
У заснаваным напрыканцы XVIII стагоддзя слонімскім Доме оперы ставілі спектаклі з удзелам вядомых танцораў балету і прафесійных італьянскіх, нямецкіх, польскіх оперных спевакоў.
Сюды прыязджалі знаўцы тэатральнай справы з усяго свету. “Дзьве тысячы чалавек налічвала толькі глядзельная зала! І сцэна была даволі вялікая, таму што там нават конскія баталіі маглі адбывацца. Можаце ўявіць, якая суперпабудова!”
На канале Агінскага дзейнічаў "плывучы тэатр" на баржах. "Падымалася сцэна і пад нізам канал Агінскага працякаў. І па вадзе на лодках плавалі гледачы і глядзелі спектакль”, - гаворыць Сяргей Чыгрын.
А турыст з Санкт-Пецярбургу спазніўся на 200 гадоў. Ад былой культурнай раскошы Слоніма ацалеў толькі роўненькі, бы скрыпка, канал Агінскага. Амаль такі, як быў пры гетману. Праўда, вады ў ім стала намнога менш.
Насамрэч канал будаваўся не для ўцех. Ён злучаў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў і садзейнічаў эканамічнаму росту Палесся. Па ім сплаўлялі лес, перавозілі зерне, сыравіну для мануфактур ды іншыя грузы. Падчас другой сусветнай вайны тут адбыўся Агінскі бой. Шлюзы і плаціны былі пашкоджаныя. Іх не аднаўлялі.
Куды знікла сэрца Агінскага?
Мала хто ў Слоніме чуў пра тое, што ў скляпеннях тутэйшага касцёла святога Андрэя ў куфэрачку захоўвалася сэрца Міхала Казіміра Агінскага. “Яго пахавалі на тэрыторыі Польшчы, але сэрца яго прывезлі ў Слонім. Дзесьці ў 1950-х гадах гэтае сэрца ўкралі і звезлі на Усход. Дзе яно зараз, пакуль невядома”, - распавядае Сяргей Чыгрын.
На ягоную думку, гетман заслугоўвае таго, каб у Слоніме яму паставілі помнік.
Пакуль жа на беразе канала Агінскага ў слонімскім парку ўшаноўваюць памяць Леніна. Правадыр пралетарыяту паўстае ў нязвыклай выяве: ён мірна чытае кнігу. Для аднаўлення справядлівасці Сяргей Чыгрын прапаноўвае, каб на сённяшняй плошчы Леніна паявіўся помнік Агінскаму, а таксама будынак для слонімскага прафесійнага драматычнага тэатру. Ён ужо 18 гадоў месціцца на сцэне раённага дома культуры.