Швецыя спыняе супрацоўніцтва з некаторымі беларускімі ВНУ
Партыйная дэлегацыя мела сустрэчы таксама з кіраўніцтвам дэпартаменту Шведскага ўпраўлення міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Sida і Інстытута павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO, які фінансуе арганізацыю семінараў і адукацыйных праграм для выкладчыкаў журфака.
Адной з тэмаў абмерквання былі рэпрэсіі ў дачыненні да палітычна актыўных студэнтаў, якіх за іх дзейнасць выключаюць з навучальных установаў. Апошнім прыкладам таму – адлічэнне з журфаку быццам бы “за акадэмічную непаспяховасць” студэнта-выдатніка Франака Вячоркі.
Падтрымка абяцаная
Як адзначыў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, беларускі бок на сустрэчах падняў пытанне спынення супрацоўніцтва шведскіх інстытуцыяў з беларускімі ВНУ, якія вызначыліся проціпраўнымі дзеяннямі дачынна навучэнцаў, і знайшоў поўнае паразуменне ў шведаў.
Па словах Вінцука Вячоркі, беларускія універсітэты, у прыватнасці, журфак БДУ і Лінгвістычны універсітэт, цешацца з вельмі вялікіх праграмаў падтрымкі.
"Лічба прагучала ад шведаў - 48 мільёнаў шведскіх кронаў (больш за 5 мільёнаў еўра) было выдаткавана толькі на супрацу журфаку з шведскімі партнёрамі".
Палітык назваў абсалютна непрымальным тое, што выкладчыкі Журфака, у тым ліку тыя, хто вінаваты ў рэпрэсіях супраць студэнтаў, ездзілі ў Кальмар, у Стакгольм.
"Мы нашу пазіцыю выклалі і ў агенцтве “Sida”, і міністру міжнароднае супрацы спадарыні Гуніле Карлсан, дэпутатам шведскага парламента і еўрадэпутату Крыстаферу Фьельнару, і ўсюды мы атрымалі цвёрдае запэўніванне, што гэтае пытанне будзе сур’ёзна разглядацца".
Перасцярога ад "ганебных крокаў"
Першы намеснік старшыні Партыі БНФ спадзяецца, што гэта будзе...
"справядлівым крокам у дачыненні да тых, хто "корчыць з сябе сябраў свабоднай акадэмічнай навуковай супольнасьці на экспарт, а ўнутры краіны з’яўляюцца банальнымі “дзержымордамі” і выганяюць студэнтаў за іх погляды".
Акрамя таго, паводле словаў палітыка, гэта будзе сігналам усім тым, хто...
"хацеў бы пайсці іхным следам, каб яны падумалі сто разоў і ўсё ж такі асцерагліся ад таго, каб рабіць ганебныя крокі".