Часопіс "Дзеяслоў" уручыў "Залатыя апострафы"
4 декабря 2008 г.Уладальнікамі прэміяў за 2007 год былі названыя – у намінацыі "Проза" вядомы пісьменнік-гісторык Кастусь Тарасаў, у намінацыі "Паэзія" – Андрэй Хадановіч, а прэмію за лепшы дэбют году атрымала маладая паэтка з Полацку Ірына Бельская.
Як адзначыў у інтэрв'ю Deutsche Welle галоўны рэдактар "Дзеяслова" Барыс Пятровіч, на жаль, за апошнія пяць гадоў у Беларусі не з'явілась новых прэміяў, а таксама і новых літаратурных выданняў. "Наадварот, нас на гэтым шляху чакалі страты – не стала такіх вядомых часопісаў, як "Крыніца", "Першацвет", "Беларусь", даўно ўжо не ўручаліся дзяржаўныя прэміі, не стала літаратурных прэміяў часопісаў".
На думку Барыса Пятровіча, фактычна, прэмія "Залаты апостраф" "Дзеяслова" – гэта адна з тых прэміяў, якая нейкім чынам аб'ядноўвае ўсіх беларускіх літаратараў агульнанацыянальнай прэміяй, і адна з тых прэміяў, якая ўручаецца за поспехі ў літаратуры за год незалежна ад таго, дзе працуюць літаратары, якіх поглядаў яны прытрымліваюцца.
Сапраўды, беларуская літаратура сёння цудоўна развіваецца, з'яўляецца адной з самых цікавых і, на жаль, адной з самых невядомых, кажа галоўны рэдактар "Дзеяслова". "І таму нам, літаратурным выданням, радыё, трэба ўсяляк прапагандаваць нашу літаратуру: у нас ёсць што пачытаць самім, і нам ёсць што паказаць іншым, ёсць што перакладаць на іншыя мовы свету і нам ёсць чым ганарыцца". (гк)