Ці гатовы афіцыйны Мінск да супрацоўніцтва з Еўропай?
14 октября 2008 г.Старшыня аргкамітэту “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі), каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікалай Статкевіч упэўнены, што ў сённяшніх варунках прэзідэнта Беларусі цікавіць, у першую чаргу, матэрыяльны аспект стасункаў з Еўропаю.
“Ён будзе карыстацца тымі магчымасцямі, якія з’явіліся, будзе ў сваёй звычайнай нахабнай манеры даказваць, што ў нас усё нармальна, усё дэмакратычна, будзе спрабаваць выцягнуць грошы. Калі зразумее, што пятнаццаць мільярдаў не даюць нахаляву, то проста скарыстае ўсё гэта для таго, каб пацягнуць грошы ўжо з Расіі. І, у рэшце рэшт, усё завершыцца фразай дзе-небудзь у Парыжы: «Мы дружбой с братским русским народом не торгуем!».
На думку палітыка, беларускі лідэр не пабаіцца праз шэсць месяцаў, а менавіта на столькі прыпыненая забарона на ўезд Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ больш як трыццаці высокіх чыноўнікаў у краіны Еўразвязу, страціць магчымасць наведваць Еўропу: “Ён не стане рызыкаваць сваёй уладай для гэтай магчымасці. А тое, што далей хоча Еўропа, - гэта ўжо рызыка ўлады”.
Эканамічны аспект
Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што афіцыйны Мінск зацікаўлены ў тым, каб прыадчыненыя для беларускіх уладаў еўрапейскія вароты мелі выключна эканамічнае змесціва: “Еўропе будзе прапанавана пакупка беларускіх прадпрыемстваў на беларускіх умовах, афіцыйны Мінск зацікаўлены, каб былі заключаныя два-тры афіцыйныя гешэфты”.
Эканаміст адзначае, што ў Беларусі ёсць рэчы, якія наўпрост цікаваць Захад: “Еўропу цікавяць банкі, нафтаперапрацоўчыя заводы, хімічныя заводы, Беларускі металургічны завод – стандартны набор прадпрыемстваў, а штук пяцьдзесят іх у Беларусі ёсць, якімі актыўна цікавяцца не толькі на Захадзе, але і на Усходзе”.
Аднак, па словах Яраслава Раманчука, ёсць яшчэ адна важная акалічнасць: “Зараз такая парадаксальная сітуацыя, калі еўрапейскія структуры самі залізваюць уласныя раны, і пра знешнія інвестыцыі мала хто разважае, таму Лукашэнка можа сказаць: “мы ж прапанавалі, але вы самі не хочаце ісці”, пасля чаго пакінуць увесь кантроль сабе і дазволіць наменклатуры прыватызаваць беларускія прадпрыемствы для наступнага перапродажу”.
Рызыкоўная гульня
Як адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, палітычная гульня, якую распачала Еўропа, - даволі рызыкоўная і з няпэўным вынікам: “Беларуская ўлада ментальна ніяк не змянілася, яна не стала болей ліберальнай. Адзінае, што змяніліся знешнія варункі, і найперш, канешне, ціск Масквы, Каўказская вайна прымусілі і Мінск, і Захад задумацца пра тое, як усё ж дыстанцыявацца ад Расіі, ад яе вялікадзяржаўнага пад’ёму, які пагражае, у прыватнасці, Старому Свету, яго стабільнасці”.
На гэтай глебе, паводле аналітыка, магчымы пэўныя кампрамісы, а відавочна, што Брусэль ужо гатовы на такія кампрамісы, бо ён гатовы адсунуць у бок свае ранейшыя дванаццаць патрабаванняў ці хаця б мінімізаваць іх і весці прагматычны дыялог.
“Я думаю, што беларускія ўлады таксама будуць старацца, безумоўна, мінімум саступіць, але ж на пэўныя саступкі яны пойдуць, таму што банальна гэта ўсё перарываць нейкім скандалам, груканнем дзвярыма, калі пасля столькіх гадоў яны нарэшце дабіліся жаданага – калі ласка, Еўропа калі не адчыніла, то прыадчыніла дзверы. Я думаю, так лёгка развітвацца з гэтым шансам яны таксама не будуць, - мяркуе Аляксандр Класкоўскі. – Іншая рэч, што будзе цяжкі, вельмі пакутлівы торг, які мы таксама гадамі назіралі ў дачыненнях з Масквой. Таму гэта будзе працэс без ніякіх цудаў у сэнсе лібералізацыі, але, разам з тым, афіцыйны Мінск будзе пазбягаць скандалаў. Брусель, са свайго боку, будзе праяўляць пэўную гнуткасць”.