Ціхая выбарчая кампанія
9 сентября 2008 г.Паводле словаў кіраўніка групы маніторынгу БАЖ Алеся Анціпенкі, афіцыйныя СМІ амаль не надаюць увагу канкрэтным удзельнікам парламенцкіх выбараў. Дзяржаўныя медыі не змянілі характар асвятлення выбарчай кампаніі, і па-ранейшаму асноўная ўвага акцэнтуецца на арганізацыі выбарчай кампаніі і яе тэнічных аспектах.
"Гэтыя выбары адбываюцца ў фармаце такіх "ціхіх выбараў", калі канкурэнтная барацьба фактычна кантралюецца і стрымліваецца штучным чынам, - адзначыў Алесь Анціпенка. - Дзяржаўныя медыі імкнуцца мінімізаваць выбарчую канкурэнтную барацьбу, адсунуць на маргінез альтэрнатыўныя палітычныя платформы, і фактычна гэта вядзе да добра знаёмай сітуацыі, як у Савецкім Саюзе, калі выбарцы робяць свой выбар на падставе афіцыйных кароткіх абвестак альбо інфармацыі ў дзень галасавання, якія вывешваюцца на выбарчых участках, і гэта тая інфармацыя, якая падрыхтаваная выбарчымі камісіямі".
У Беларусі сёння грамадзяне фактычна адхіленыя ад актыўнага удзелу ў выбарчым працэсе.
"Выбарцы пакуль што застаюцца статыстамі ў гэтай выбарчай кампаніі, і гэта праблема, - мяркуе Алесь Анціпенка. – Выбарцы не могуць быць статыстамі, а задача сродкаў масавай інфармацыі – паінфармаваць іх такім чынам, каб яны здолелі зрабіць усвядомлены выбар".
Альбо добра, альбо ніяк
Па словах Анціпенкі, гэтым разам альбо нейтральна, альбо станоўча падаецца ў афіцыйных СМІ дзейнасць міжнародных назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, чаго не было раней. Кіраўнік маніторцаў таксама адзначыў адсутнасць інфармацыйнай вайны ў эфірах дзяржаўнага тэлебачання і на старонках буйных афіцыйных газетаў.
"Сапраўды, няма "чорнага піяру", калі параўнаць з кампаніяй 2004 году, чым асабліва выразна займалася Беларускае тэлебачанне – Першы нацыянальны тэлеканал, калі апазіцыя малявалася ў выглядзе страшыдла, ворага, сілы, якая займаецца падрыўной дзейнасцю".
Адказваючы на заўвагу, што выступы апазіцыйных кандыдатаў па тэлевізіі і радыё ідуць хоць і ў запісы, але фактычна без купюраў, Алесь Анціпенка падкрэсліў:
"Гэтыя выступы не ствараюць атмасферы перадвыбарчага напалу. Шмат хто не мае магчымасці паглядзець гэтыя выступы. Асвятленне самой выбарчай кампаніі скіраванае не на тое, каб стварыць сітуацыю выбараў".
З аглядкаю на Захад
Адсутнасць адкрытых выпадаў на адрас апазіцыі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, асабліва ў электронных, што ў пэўным сэнсе таксама ёсць часткай выбарчай кампаніі, палітолаг Дзяніс Мельянцоў звязвае з пэўнымі спадзяваннямі афіцыйнага Мінску на станоўчыя змяненні ў дачыненнях з Еўропай і ЗША.
"Зараз беларускае кіраўніцтва проста робіць такую паўзу, чакае, што гэты парламент будзе прызнаны Захадам, і калі ён будзе прызнаны, гэта адкрывае дастаткова вялікія, значныя магчымасці для беларускай знешняй палітыкі надалей".