Фотаздымак супраць "бульдозернай рэстаўрацыі"
Старажытная беларуская дуда вітала ўсіх, хто прыйшоў на ўшанаванне пераможцаў фотаконкурсу "Беларусь, якую мы заўтра не ўбачым". Каардынатар праекту Яна Мельнікава распавядае:
"Калі мы пачыналі гэты конкурс я, шчыра кажучы думала, што будзе 10, ну 20 работ. Калі работы пачалі прыходзіць і значна больш, я зразумела, што цікаўнасць ёсць, цікаўнасць апраўданая".
Яну Мельнікаву радуе, што людзі думаюць пра спадчыну, ездзяць па розных мясцінах, фатаграфуюць.
"Нават калі не будзе гэтых будынкаў, у нас застануцца фотаздымкі", - дадае Яна.
Пераможцы вартыя перамогі
Сапраўды, цікавасць да конкурсу з боку як прафесіяналаў, так і фотааматараў была немалая. Журы, у склад якога ўваходзілі вядомыя ў Беларусі фотажурналісты, — Юры Дзядзінкін, Уладзімір Базан, Уладзімір Багданаў ды іншыя, прагледзела больш за восемдзесят фотаздымкаў. Былі вызначаныя чатыры пераможцы, яшчэ двух удзельнікаў фотаконкурсу адзначылі спецыяльнымі дыпломамі. Наведвальнікі інтэрнэт-старонкі www.spadchyna.ximik.info шляхам галасавання абралі свайго пераможцу. Яна Мельнікава лічыць, што ўзнагародаў. насамрэч, вартыя значна больш працаў:
"Можа, нават, трэба было адабраць не 7, а 10 працаў. Але пераможцы гэтыя — сапраўдныя пераможцы".
Як распавядае каардынатар праекту, журы ацэньвала ўдзельнікаў на дзесяцібальнай сістэме. Потым ўсі адзнакі былі сведзеныя ў адзіны ліст і атрымалася, што ўсе члены журы адабралі адны і тыя ж працы.
Не з-за прагі прызоў
У выніку атрымалася, што найбольшую колькасць балаў набралі два фотаздымкі: "Экскаватарная рэканструкцыя" Зміцера Вінчэўскага і "З карчмы" Андрэя Елісеева.
Зміцер Вінчэўскі гаворыць, што быў упэўнены — яго фотаздымак будзе адзначаны:
"Будзе неяк самаўпэўнена з майго боку, але я думаў, што гэты здымак напэўна перможа, таму і даслаў адзін, хаця іх у мяне шмат".
Але, — зазначыў пераможца, — узяць удзел у конкурсе яго падштурхнула не прага прызоў:
"Для мяне было важна, каб людзі даведаліся, што адбываецца ў Горадні. Калі мы там жывем, нас гэта вельмі кранае, а людзі з іншых куткоў дакладна і не ведаюць, што сапраўды адбываецца".
А адбываецца, па словах Зміцера, жудасная рэч: знішчаюцца помнікі архітэктуры і нічога вартага на іх месцы не ўзнікае. Ён спадзяецца, што фотаздымкі паспрыяюць таму, што грамадства звярне ўвагу на склаўшаеся становішча.
Прыцягнуць увагу да напаўразбураных палацаў і касцёлаў, на аднаўленне якіх у дзяржавы не знаходзіцца грошай, да так званай "бульдозернай рэстаўрацыі", калі замест таго, каб аднавіць старажытныя пабудовы, іх папросту руйнуюць, а на іх месцы ствараюць навабуд, — арганізатарам конкурсу, здаецца, удалося.
Польскі Дом у Брэсце прапанаваў прывесці гэту выставу да іх. На яе збіраюцца запрасіць польскага консула, запрасіць журналістаў, простых грамадзян, каб яны пагледзілі на гэта.
"Шчыра кажучы, ёсць цікаўнасць з боку журналістаў, з боку грамадства, таму мы будзем працягваць кампанію "Журналісты за гістарычную спадчыну".
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ўпэўненая, што і аўтараў прадстаўленных на фотаконкурс працаў, чакае вядомасць:
"Мы гэтым конкурсам адкрылі новыя імёны творчых, таленавітых людзей, якія заслугоўваюць не толькі нашых сціплых узнагародаў, нашых дыпломаў. Яны ў свой час стануць удзельнікамі міжнародных фотаконкурсаў".
Лепшыя фотаздымкі, паведаміла Жанна Літвіна, будуць змешчаныя ў календары на наступны год, а шмат хто з удзельнікаў конкурсу будзе мець магчымасць узяць удзел у трэніг-семінары па фотажурналістыцы, які пройдзе ў Стакгольме.