Тэлевізійны універсал па-шведскі
Фінансуе праекты Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця з дзяржаўнага бюджету Швэціі. З 1993 года 2 з паловай тысячы журналістаў з краінаў СНД – у тым ліку 450 чалавек з Беларусі, - атрымалі дыпломы інстытута «Фуйо» аб навучанні на курсах па пытаннях інфармацыйнага і газетнага менеджменту, журналістыцы і дэмакратыі, газетнаму дызайну, журналісцкіх даследванняў, палітычнага, эканамічнага і сацыальнага рэпартажаў.
Семінар па тэлежурналістыцы для вопытных і пачынаючых работнікаў электроных СМІ складаўся з тэарэтычнай часткі па тэхніцы інтэрв’ю і кампутарным мантажы, а таксама з практычных заняткаў. Пры гэтым практыкавацца беларусы былі павінныя ў ролі тэлевізійнага “універсала”. У Швэцыі гэта называецца “тры ў адным”: сучасны тэлежурналіст вядзе гутарку, здымае на відэакамеру, а да таго ж манціруе матэрыял з дапамогай кампутара.
А таму тэлевізійным карэспандэнтам з Беларусі далі відэакамеры, перакладчыкаў, транспарт і накіравалі на заданне. Напачатку ўсім курсантам трэба было самастойна правесці інтэрв”ю з “мільянерамі-інвестарамі”, вобразы якіх стваралі выкладчыкі інстытута “Фуйо”. Гэта была цяжкая задача, як для маладых тэлевізійшчыкаў, гэтак і для прафесіяналаў з вялікім тэлевізійным стажам. Адно недакладнае пытанне – і рэспандэнт не дасць канкрэтнага адказу, а тэлеглядач не атрымае поўнай інфармацыі.
Дарэчы, і настаўнікі-шведы, і курсанты з Беларусі так увайшлі ў свае ролі, што запамятавалі, што гэта проста гульня, і падчас праглядаў шчыра абураліся з-за няўдач.
А тэмы для сюжэтаў беларусы абіралі самастойна ў дыяпазоне ад птушынага грыпу да сенсацыйных знаходак з флагмана шведскага флоту “Карона”, які загінуў у 17 стагоддзі. І здымалі сюжэты, як кажуць, “на натуры”: на вуліцах Кальмара, у аўтамайстэрні, у шведскай сям’і ды ў гарадскім тэатры.
Настаўнікі ацэньвалі, наколькі граматна журналіст вядзе збор інфармацыі, а таксама, як цікава і аб’ектыўна рыхтуецца падаць яе тэлегледачу.
Нашы трэнеры не стамляліся паўтараць, што крытэрый працы ў еўрапейскіх СМІ толькі адзіны – прафесіяналізм. Значэнне мае якасць матэрыялаў, а не рэгаліяў чалавека. Галоўнае – аператыўная дастаўка поўнай і дакладнай інфармацыі. А тэлебачанне, адрозна ад беларускага, згодна заканадаўства, не можа быць сродкам прапаганды і агітацыі.
Напрыклад, два каналы Шведскага тэлебачання фінансуюцца за кошт абаненцкай платы насельніцтва, і магчымасць улады ўплываць на дзейнасць нацыянальнага тэлебачання абмежаваная законамі. Астатнія тэлеканалы – прыватныя, яны існуюць за кошт рэкламы.
На развітанне кіраўнік праекту Ларс Хольм адзначыў: “Мы ведаем становішча ў вашай краіне, але ў любой сітуацыі журналіст павінен захоўваць гонар і прынцыпы этыкі сваёй прафесіі”.