Рух "За свабоду" атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю
17 декабря 2008 г.17 снежня Міністэрства юстыцыі ўручыла Аляксею Кавальцу - аднаму з заснавальнікаў праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання Рух "За свабоду", ачоленага экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыі.
Дагэтуль Рух "За свабоду" падаваў дакументы на рэгістрацыю ў Міністэства юстыцыі чатыры разы, але атрымліваў адмовы па розных, на думку сябраў аб’яднання, надуманых прычынах. Нарэшце афіцыйны статус арганізацыі стаў рэальнасцю.
Дэманстрацыя імкнення да дыялогу
Як адзначыў у інтэрв’ю Deutsche Welle намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч, нічога дзіўнага ў рэгістрацыі няма, таму што дакументы з юрыдычнага пункту гледжання былі бездакорныя, як і ў мінулыя разы.
"Факт рэгістрацыі сведчыць пра тое, што ўлада хоча прадэманстраваць перад усім еўрапейскай супольнасці, што яна гатовая на пэўныя крокі па лібералізацыі, прынамсі ў галіне грамадскіх арганізацый, грамадзянскай супольнасці", - мяркуе намеснік старшыні Руху "За свабоду".
Юрась Губарэвіч выказаў спадзяванне, што такі ж лёс напаткае і іншыя арганізацыі "трэцяга сектара", што маюць выразную незалежніцкую і дэмакратычную скіраванасць, якія таксама падалі ў Мінюст дакументы на рэгістрацыю.
Паўнапраўны суб’ект
Па словах палітыка, атрыманне легальнага статусу не паўплывае на тактыку і стратэгію Руху "За свабоду".
"Мы і раней працавалі, хоць і без дзяржаўнай рэгістрацыі, - кажа Юрась Губарэвіч. Ён падкрэсліў, што зараз арганізацыія будзе выкарыстоўваць магчымасці, якія дае статус легальна дзеючай структуры – афіцыйна звяртацца ў дзяржаўныя органы і атрымліваць афіцыйныя адказы. "То бок, мы робімся суб’ектам прававых узаемаадносінаў, - адзначае намеснік старышні Руху "За свабоду". (гк)