Прыпыненае расследаванне справы па нападзе на журналіста Алега Улевіча
7 июня 2006 г.Упраўленне ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму прыпыніла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па факце збіцця карэспандэнта "Комсомольской правды в Белоруссии" Алега Улевіча. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, якое журналіст атрымаў па пошце ў канцы мінулага тыдня. Следства прыпынена "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню з якасці абвінавачанага". У лісце з ГУУС паведамляецца, што правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне вінаватай асобы, працягваецца, а рашэнне аб прыпыненні расследавання можа быць абскарджана пракурору Мінску. Як паведаміў прэс-службе БАЖ сам Улевіч, ён збіраецца скарыстацца гэтай магчымасцю. Паводле пацярпелага, у матэрыялах справы ёсць паказанні міліцыянта, які здымаў інцыдэнт каля Кастрычніцкага РУУС на відэакамеру: ён сцвярджае, што кепска валодаў відэатэхнікай і якраз у гэты момант не змог зрабіць запісу. Між тым, па звестках А. Улевіча, відэазапіс у той час вёў не адзін, а некалькі прадстаўнікоў праваахоўных органаў.