Памёр апошні літаратурны рамантык Беларусі ХХ стагоддзя
20 ноября 2008 г.Алег Лойка выдаў роўна сто кніг, пераклаў на беларускую мову творы 180 польскіх літаратараў. Колькі словаў пра свайго былога настаўніка DW-RADIO сказаў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч: “Алег Антонавіч Лойка бачыцца мне працаўніком – доктарам беларушчыны. Я меў гонар яшчэ на першым курсе слухаць ягоныя лекцыі і лекцыі папярэдняга дэкана. Папярэдні дэкан пачынаў сваю першую лекцыю на філфаку з прызнання, што прачытаў поўны збор твораў Леніна. А першая лекцыя дэкана Лойкі пачыналася з прызнання: я прачытаў збор беларускіх летапісаў.
Алесь Пашкевіч нагадаў, што лёс Алега Лойкі быў цяжкім: "Таленавітага юнака не прынялі на пачатку на філфак, а толькі кандыдатам у студэнты, бо ён меў сувязі з Саюзам беларускай моладзі. Аднак затым былі і кандыдацкая дысертацыя, і доктарская, ён стаў член-карэспандэнтам Акадэміі навук і ўсёй сваёй дзейнасцю сведчыў ганаровае званне доктара беларускасці, а не толькі літаратуразнаўства. Застаюцца жыць дзесяткі зборнікаў паэзіі Лойкі, два раманы-эсэ - пра Янку Купалу і Францішка Скарыну ды літаратуразнаўчы эсэістычны летапіс гісторыі беларускай літаратуры ад старажытнасці і да сучасных дзён".
Паводле Пашкевіча, з адыходам Алега Антонавіча Лойкі беларуская літаратура страціла апошняга літаратурнага рамантыка ХХ стагоддзя: "Нават у складаныя часы сваёй нямоглай хваробы Алег Антонавіч заставаўся сонечным, усмешлівым і рамантычным чалавекам, і па такой сіле рамантычнае напоўненасці, рамантычнага сузірання жыцця ён быў адзіны ў беларускай нацыянальнай культуры”.
Алег Лойка будзе пахаваны ў пятніцу ў ягоным родным Слоніме. (гк)