Любімыя налепкі беларускага супраціву
28 апреля 2008 г.На некалькіх стэндах — сучасны беларускі грамадзянскі супраціў. Налепкі. Маленькія, з запалкавы карабок, каб зручней было схаваць у далоні і хуценька прыляпіць, напрыклад, на дзверы дзяржаўнай установы. І вялікія — са сшыткавы аркуш. Такія расклейвалі ўначы, калі міліцыя спіць.
Запрошаны на выставу ў якасці ганаровага госця мастак Аляксей Марачкін прызнаецца, што ў яго ёсць свая любімая налепка: «Намалеваны пейзаж, гарызонт роўны і ўказальнік: Шклоў, столькі та кіламетраў. А ў нізе напісана: «У Шклоў, да жынкі!».
Дзяржава гумару не разумее
Неад’емнай часткай гісторыі беларускага супраціву называе Марачкін прадстаўленае на выставе і тут жа дадае, што таксама збірае гэтыя своеасаблівыя творы мастацтва: «Налепкі прапагандуюць ідэі незалежнасці і дэмакратыі. Дэмакратычная краіна тым і адрозніваюцца, што яна разумее гумар. Дае людзям прастор і волю для выказванняў. Нават пры каралі был блазн. Мы тут жартуем, блазнуем, але наш гумар не разумеюць».
Тое, што дзяржава «не разумее», пацверджана шматлікімі затрыманнямі і суткамі зняволення на Акрэсціна. Праўда, у беларускім Крымінальным кодэксе няма карных артыкулаў «за налепкі», але адбываецца ўсё прыкладна так:
— Фамилия! Ну, хлопцы, смела, давайце…
— Франак Вячоркав.
— Так. 25 красавіка ў 19.20 на Сядзібе БНФ нецэнзурна лаяўся, прыставаў да прахожых, разлепліваў налепкі невызначанага паходжання без выходных дадзеных. Тым самым здзейсніл правапарушэнне, прадугледжанае арт. 22.9 ч.2 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў. Месца вучобы — беспрацоўны. Месца пражывання — бяздомны. Займаемая пасада — апазіцыянер. Правільна? Правільна!
—
Канешне, гэта быў жарт. «Пратаколы затрымання», падпісаныя старшынём культурніцкай камісіі Партыі БНФ, Франак Вячорка ўручаў усім, хто не пасквапіўся падзяліцца запасамі з прыватнай калекцыі.
Рарытэты з прыватных калекцый
Дарэчы, выстава менавіта так і збіралася — усім светам. Арганізатар выставы Аляксандра Клімовіч распавядае: «Мы разбіралі архівы і абнаружылі налепкі. Старыя, я нават такіх і не бачыла. Падумалі з сябрамі: кожны з нас збірае налепкі, з кожнай акцыі адну захоўваюць заўсёды. У прыватных калекцыянераў іх шмат. Вось і кінулі кліч…»
Сацыяльныя і палітычныя, востра сатырычныя і звычайныя інфармацыйныя, налепкі, якія заклікаюць уступіць у рух маладзёвага супраціву альбо ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Налепкі, якія нагадваюць аб «непажаданых датах» з беларускай гісторыі і прысвечаныя адмене ільготаў. Зробленыя на аснове фотаздымкаў альбо шаржаў і малюнкаў. Ёсць на выставе і сапраўдныя рарытэты. Аляксандра гаворыць, што самай старой стала налепка часоў польскай «Салідарнасці»: «Яна нават ужо і не клеілася.Мы яе двухбаковым скотчам прыляпілі да шкла».
Забараніць смяяцца з ўлады — немагчыма
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі ўзгадвае, што шмат з прадстаўленага на выставе рабілася не мастакамі і паліттэхнолагамі, а звычайнымі людзьмі: «Напрыклад налепка, дзе Ельцын з Лукашэнка цалуюцца і хлапец з дзяўчынай. Гэтыя маладзёны — нашыя сябры. Яны як раз перад вясселем сваім здымаліся. Вось яшчэ адна налепка — Тэлепузік Лу-Лу, яе зрабіў сябра нашай партыі Алесь Карніенка».
Дабравольскі ўпэўнены, любая дыктатура баіцца падобнага праяўлення іншадумства не менш, чым лозунгаў і вулічных акцыяў: «Але, відавочна, што забараніць людзям выказвацца і крытыкаваць, і, можа быць, кпіць з гэтай улады, смяяцца — немагчыма».
Арганізатары спадзяюцца, што выстава будзе мець працяг у іншых гарадах, дзе знойдуцца прыдатныя для яе правядзення памяшканні.