Артур Клінаў запрашае ў падарожжа
“Я хацеў бы выступіць на баку нямецкага выдавецтва, якое рызыкнула замовіць мастаку напісаць кніжку. Вельмі ўдала", - выказаў сваеасаблівую падзяку пісьменнік Адам Глобус.
Пісьменнік патлумачыў, што ў сітуацыі, калі на беларускую культуру выдаткоўваюцца нейкія грошы, пісьменнікі, якія пішуць раманы, вершы, паэмы і апавяданні, стаяць на апошнім месцы.
"Трошкі авантура"
“Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” напісана па прапанове нямецкага выдавецтва Suhrkamp пасля падзеяў, звязаных з апошнімі прэзіденцкімі выбарамі ў Беларуси, калі...
"Градус цікавасці да краіны быў высачэзны, але кніжкі пра Беларусь, якую жыхар Нямеччыны мог бы набыць у краме, не было", - кажа Клімаў.
Адказ на пранову быў такі:
"Варум ніхт? Канешне, магу".
Сваю згоду Клінаў назваў “трошкі авантурай”, бо дагэтуль ён кніжкі ніколі не пісаў. І ўвогуле літаратарам сябе не лічыў.
"Хаця ў мяне была ў планах такая ідэя. І нават я прыдумаў першую фразу – яна ў мяне ўжо некалькі гадоў круцілася ў галаве – “Я нарадзіўся ў горадзе сонца”.
Хто ж не паверыць хлопчыку?
Менавіта з гэтай фразы і пачынаецца “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца”, якая была задуманая найперш дзеля еўрапейскага чытача. Як згадваецца ў анатацыі, па пракладзеным Клінавым маршруце, як па дублінскіх маршрутах Джойса, або маскоўскіх Венечкі Ерафеева, у Мінску можна вадзіць з экскурсіямі турыстаў.
Паводле філосафа Валянціна Акудовіча, кніга Клінава перафарматоўвае прастору беларускай літаратуры, у яго атрымалася ў адной невялікай кніжцы спалучыць...
"Лірычную прозу, культуралагічнае эсэ, метафізічны росшук, гісторыяграфічны нарыс, геапалітычную гісторыю прасторы аж да турыстычнага даведніка".
Сам Клінаў кажа, што хацеў выкласці гісторыю Беларусі й Мінска вобразамі, каб не сумна было чытаць. Аповед пачынаецца ад імя маленькага хлопчыка:
"Я вырашыў увесці у гэтую кніжку ўспаміны свайго дзяцінства. Гэта хлопчык, які нарадзіўся ў Горадзе Сонца, які верыў, што ен жыве ў Краіне Шчасця".
Чаму у Артура таленавітая кніжка?
Хлопчку паверылі адразу – спачатку за мяжой, а зараз і на радзіме. У канцы мінулага году прайшлі прэзентацыі ў Парыжы і ў Брусэлі, яшчэ раней – у Берліне. Газета Suddeutsche Zeitung назвала Клінава “перакананым аптымістам, апантаным ідэяй даць Мінску тое, чаго яму бракуе: твар, ідэнтычнасць". У кніжцы Клінава есць разгадка таямніцы, чаму у Беларусі пануе дыктатура”.
Адам Глобус, якому замінала напісаць раман пра Мінск сталічная тапаніміка, тлумачыць:
"Калі я бачу: вуліца Кірава, і скрыжаванне Свярдлова, ці Энгельса з Марксам, мяне заўседы пераклінівала. А вось Клінава не. Клінаў цалкам геніальна вырашыў праблему з дзікімі назвамі нашых вуліц".
Вобраз горада перадусім стварае літаратура
З Артурам Клінавым, які канстатаваў вядомы факт – вобраз горада стварае літаратура – згодны пісьменнік Сяргей Харэўскі. Але на жаль, дагэтуль ніхто не займаўся асэнсаваннем Мінску як суб’екта культуры і нашага жыцця, адзначае пісьменнік.
"Генеральнай лініяй беларускай літаратуры і мастацкай культуры было апяванне вескі, як апірышча беларускага духу, ідэнтычнасці",- тлумачыць Сяргей Харэўскі.
Кнігу Клінава Харэўскі назваў “фактычна пачаткам прозы пра Менск”. А таксама ацаніў паліграфічнае афармленне кнігі, ілюстрацыі, бо гэта кніга ёсць працягам праекта, першай часткай якога быў альбом – “Горад Сонца”.
“Планы на будучыню звязваю з літаратурай”
Культуролаг Максім Жбанкоў заўважае:
"Артур пісаў пра сябе, а атрымалася пра ўсіх нас, пра закладнікаў гэтага любага ненавіснага горада Сонца".
Пісьменнік Андрей Хадановіч заўважыў, што творчасць Клінава па-за межамі выяўленчага мастацтва правакавала ў ім нешта накшталт літаратурнай рэўнасці.
Але зараз ен упэўнены, что Артур Клінаў...
"Гэта не абы які эсэіст. А літаратар , які проста з тэхнічных прычынаў не меў літаратурных твораў. А цяпер усе становіцца на свае месцы".
Наступны раман Клінава будзе называцца “Шалом”. “Чыста па-беларуску”, - пажартаваў Максім Жбанкоў.