АДС звяртаюцца ў Генпракуратуру
9 июля 2008 г.Аб прычынах звароту і аб чаканнях АДС DW-RADIO распавёў сустаршыня АДС, першы намеснік кіраўніка Партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“Не паспела пачацца выбарчая кампанія, як пачалі выганяць з працы людзей, якія ўнесеныя ў адзіны спіс як прэтэндэнты ў кандыдаты. Гэта Алесь Мех з Кобрыну, якога выгналі з інжынерскай пасады ў “Белтрансгазе”, і Лявон Аўтухоў з Гарадка, ён страціў месца тэхніка ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. І, на жаль, гэта толькі пачатак. Асабліва абуральна тое, што ёсць след спецслужбаў, канкрэтна КГБ у гэтых сітуацыях. Выгнанне з працы Алеся Меха арганізоўваў канкрэтна кіраўнік мясцовага, кобрынскага КГБ. Гэта мае прыкметы злачынства, і натуральна, гэта павінна быць прадметам разгляду ў пракуратуры. Усё будзе вызначацца іхнай галоўнай палітычнай задачай. Калі яны сапраўды хочуць паказаць свету, паказаць Еўропе, Злучаным Штатам, што адбываюцца зрухі ў кірунку дэмакратызацыі выбарчае кампаніі, то ў іх не будзе выйсця. А калі яны ўсё пакідаюць па-старому, то ніхто не будзе такіх ілюзіяў мець і ніхто іхную гэтую выбарчую кампанію не прызнае нават часткова свабоднай і справядлівай”.