1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чарнобыль: што здарылася 20 гадоў таму?

Вольга Класкоўская4 декабря 2006 г.

У Познані адбылася прэм’ера спектакля беларускіх, украінскіх ды польскіх рэжысёраў “Чернобыль. ТМ”. Гэта першы такога кшталту маштабны тэатральны праект у рамках супрацоўніцтва паміж трымя краінамі.

https://p.dw.com/p/9Twx

Праект, падтрыманы Міністэрствам культуры Польшчы, Еўрапейскім культурным фондам і Польскім інстытутам у Мінску, паспяхова стартаваў на мінулым тыдні на польскай сцэне. І ўжо 9 снежня творчы калектыў плануе выступіць са спектаклем перад мінскімі гледачамі.

Паводле каардынатара праекту, польскага актора Яраслава Сейкоўскага, ідэя стварэння спектакля пра Чарнобыль узнікла пасля прачытання кнігі “Чарнобыльская малітва” беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч.

“Я быў вельмі ўражаны і прыйшоў да высновы: як мала па вялікім рахунку мы ведаем пра трагедыю, што адбылася 20 гадоў таму, -- гаворыць актор. – Я зразумеў тады, што мы абавязкова мусім паставіць штосьці падобнае на сцэне”,

- падсумоўвае Яраслаў Сейкоўскі.

Пасля кнігі былі працяглыя паездкі па забруджанай радыяцыяй зоне – знаёмствы з тамтэйшымі жыхарамі, ліквідатарамі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, эколагамі, чыноўнікамі. Так пакрысе збіраўся матэрыял для сцэнару. Да сведчанняў відавочцаў ды ўласных назіранняў дадаліся таксама дакументальныя творы. Так паўстаў спектакль “Чернобыль. ТМ” (назву можна расшыфраваць як «Чернобыль. Торговая марка”).

Што імкнуцца данесці да аўдыторыі яго рэжысёры?

“Адна з галоўных мэтаў – падштурхнуць гледача да дыялогу. І разабрацца ў тым, што ж, уласна, ёсць Чарнобыль?.. Бо нават праз дваццаць гадоў пасля чарнобыльскай аварыі пытанняў болей, чым адказаў. На маю думку, менавіта праз тэатр, праз творчасць можна данесці да аўдыторыі тое, што немагчыма выказаць звычайнымі словамі”,

- тлумачыць Яраслаў Сейкоўскі.

Украінскі рэжысёр Святлана Алешка акцэнтуе ўвагу на тым, што чарнобыльская тэматыка актуальная і па сённяшні дзень. Прычым, на думку суразмоўцы, праблема Чарнобыля не ёсць выключна праблемай краінаў, што непасрэдна сутыкнуліся з яго наступствамі. “Гэта агульная праблема, што закранае нас ўсіх”, -- перакананая рэжысёр.

Паводле Святланы, падчас працы над спэктаклем не ў апошнюю чаргу было важна разабрацца ў тым, што ж адбылося тады, у 1986 годзе, і самому творчаму калектыву.

“І, натуральна, мы вельмі хацелі б, каб наш спектакль дапамог знайсці адказы на пытанні пра трагедыю дваццацігадовай даўніны і нашай аўдыторыі. І каб мы разам падумалі: што адбылося і як мы разам можам вырашаць гэтыя праблемы ”,

-- падсумоўвае Святлана Алешка.

“За гэтыя дваццаць гадоў узнікла шмат міфаў і спекуляцыяў датычна Чарнобыля. І вельмі часта, паводле маіх назіранняў, пры ўзгадванні Чарнобыля замоўчваецца такая рэч, як лёс чалавека”,

-- дзеліцца меркаваннем каардынатар праекта з беларускага боку, студэнт тэатральнай ВНУ ў Кракаве Зміцер Чарткоў.

“Спадзяюся, што наш спектакль дапаможа гледачу паглядзець на чарнобыльскую праблему з розных яе бакоў. Але найперш – з пункту гледжання чалавечага лёсу, проста жыцця. І падчас паездак па чарнобыльскай зоне я пераканаўся, што яно, жыццё, працягваецца. Болей за тое, няма нічога вышэй за яго. У нашым спектаклі мы не імкнуліся паказаць саму катастрофу, а, найперш, Чарнобыль з пункту гледжання людзкога лёсу”,

-- тлумачыць Зміцер Чарткоў.

У хуткім часе “Чернобыль.ТМ” будзе паказаны ў Мінску і Гомелі, а неўзабаве і ва Украіне. Як зазначаюць яго стваральнікі:

“Самы важны этап, найболей важная, істотная яго частка пачнецца менавіта зараз – пасля прэм’еры. Бо пачынаецца зваротная сувязь з аўдыторыяй. І гэта ёсць адзін з галоўных вынікаў сумеснай працы: размаўляць пра тое, што нас усіх хвалюе, абмяркоўваць праблему, а не замоўчваць ці ўтрымліваць яе ў сабе”.