1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ці запатрабаваныя сусветныя бестселеры па-беларуску?

Арына Свяцкая31 июля 2008 г.

У Гомелі адбылася прэзентацыя дзіцячых кніжак, перакладзеных на беларускую мову, – “Піпі Доўгаяпанчоха” Астрыд Ліндгрэн і “Віня-Пых” Алана Мілна. Яны пабачылі свет з такімі жа ілюстрацыямі, з якімі выходзілі на радзіме.

https://p.dw.com/p/EnxS
Фото: DW

У Гомель на сустрэчу з чытачамі завіталі Віталь Воранаў, перакладчык “Віні-Пыха”, і Аляксандра Макавік, каардынатарка праекта па выданні “Піпі Доўгаяпанчоха”. “Віня-Пых” і “Піпі Доўгаяпанчоха” былі перакладзеныя на беларускую мову з арыгіналаў – адпаведна з англійскай і шведскай моваў – і з захаваннем аўтарскіх правоў. Абедзве кнігі пабачылі свет з такімі ж ілюстрацыямі і дызайнам, з якімі выходзілі на радзіме.

Чаму беларускае медзведзяня мае імя Віня-Пых?

Бадай самым папулярным пытаннем гомельскіх чытачоў было пра беларускія назвы кніг, якія адрозніваюцца ад рускага варыянту. Чаму беларускае медзведзяня мае імя Віня-Пых, а не больш знаёмае па перакладу Захадэра Віні-Пух, тлумачыць перакладчык Віталь Воранаў: "Віня-пых мае розныя імёны ў розных мовах. Таму мне падалося, што трэба шукаць сваё беларускае імя, не азіраючыся на расейскі пераклад. Я зрабіў гэта, абапіраючыся на ангельскі арыгінал".

Віталь удакладняе, што беларускі Віня-Пых з’явіўся ад англійскага Winnie-the-Pooh, што з’яўляецца скаротам ад жаночага імя, а другая частка – Pooh – гэта пагарджальны вокліч. У беларускай мове блізказначнае слова “пых”, таму што ў беларускай мове пагарда – гэта пыха. А таксама пыхаць, запыхацца можа няўклюдны мядзведзік, якому цяжка хадзіць.

Героі дзіцячых бестселераў спадабаліся чытачам

Аляксандра Макавік таксама адзначыла, што імя Піпі максімальна набліжана да шведскага арыгіналу. Але нягледзячы на моўныя адрозненні, персанаж Піпі Доўгаяпанчоха папулярны сярод дзяцей усяго свету, пра што сведчаць шматлікія пераклады на замежныя мовы. "Такая дзяўчынка – незалежная, адважная, смелая, самастойная, якая жыве ў свабоднай краіне, - па-мойму, гэта вельмі сімпатычны персанаж", - гаворыць Аляксандра Макавік .

Падобна на тое, што героі дзіцячых бестселераў, якія размаўляюць па-беларуску, спадабаліся і гомельскім чытачам. І не толькі маленькім. Удзельніца прэзентацыі Таццяна ўжо прачытала “Віню-Пыха”: "Мне падаецца, што гэтая кніжка цікавая менавіта дарослым, а не дзецям. Я, калі чытала сама, атрымала вялікае задавальненне, усім сваім сябрам кажу: бярыце, чытайце".

А вось меркаванне маладой маці Ларысы: "Дзіцячыя беларускія кніжкі зараз запатрабаваныя, таму што генерацыя маладых беларускіх адраджэнцаў уступіла ўжо ў рэпрадуктыўны перыяд, нарадзіла дзяцей, гэтыя дзеці ўжо падгадаваліся. І канешне, сярод гэтай катэгорыі насельніцтва беларускія кніжкі вельмі запатрабаваныя.

"Ніводная кніжка яшчэ не ўзнімала такога ажыятажу"

Ужо цяпер выдаўцы беларускамоўных кніг для дзяцей кажуць пра пэўны камерцыйны поспех, хаця “Віня-Пых” быў выдадзены толькі на пачатку года, а “Піпі Доўгаяпанчоха” – тры месяцы таму. Як адзначае Віталь Воранаў пра “Віню-Пыха”, кніжка разыходзіцца вельмі добра, усюды там, дзе адбываюцца прэзентацыі, таксама праз сеціва, праз некаторыя кропкі ў Менску: "Мне здаецца, што ніводная кніжка яшчэ не ўзнімала такога ажыятажу, такой зацікаўленасці сярод чытачоў па ўсёй Беларусі".

Дарэчы, на наступны дзень пасля гомельскай імпрэзы Віня-Пых накіраваўся ў амбасаду Велікабрытаніі ў Менску на прэзентацыю з удзелам брытанскага консула.