1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Цяпер - участковыя камісіі

Генадзь Канстанцінаў

Кіраўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў выказалі задавальненне вынікамі рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты і абвесцілі пачатак вылучэння сябраў АДС ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

https://p.dw.com/p/EoUw
фота з архівуФото: AP

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, які цяпер выконвае абавязкі старшыні палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, паведаміў, што Цэнтравыбаркам зарэгістраваў сто са ста трох ініцытыўных груп, заяўленых прэтэндэнтамі з адзінага спісу АДС.

«Вынікі можна ацаніць як ліберальныя, з пункту гледжання рэгістрацыі ініцыятыўных груп як у цэлым па рэспубліцы, гэтак і ў дачыненні тых кандыдатаў ад АДС, якія падалі свае ініцыятыўныя группы».

«Улада навучылася працаваць больш тонка»

«Мы маем больш трох тысяч сябраў гэтых ініцыятыўных груп, гэта дастаткова добрая колькасць», - адзначыў выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

Палітык падкрэсліў, што ў часе сёлетняй кампаніі, параўнальна з мінулымі выбарамі, не назіраецца вялікае колькасці адкрытых парушэнняў з боку чыноўнікаў і сілавікоў: “Улада навучылася працаваць не “аглобляй”, а працаваць больш тонка, і мы будзем назіраць наступны этап гэтай кампаніі, не менш важны, - гэта вылучэнне ва ўчастковыя камісіі, таму што мы разумеем, што ўчастковая камісія – гэта тая першапачатковая камісія, у якой ідзе падлік галасоў».

Накіраванасць на вялікія гарады

Паводле словаў каардынатара кампаніі «За свабодныя выбары» Віктара Карняенкі, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, на жаль, не змогуць вылучыць сваіх чальцоў ва ўсе ўчастковыя камісіі, але выставяць каля палутара тысяч кандыдатаў у першасныя выбаркамы.

“Ёсць вельмі складаныя акругі, у першую чаргу, сельскія, дзе з-за адсутнасці людскіх рэсурсаў мы не можам якасна правесці кампанію. Ды не толькі людскіх, але і фінансавых рэсурсаў, якія выдаюцца з бюджэту, таксама недастаткова, каб працаваць кандыдату ў чатырох раёнах. Ёсць выбарчыя ўчасткі па дваццаць чалавек, таму мы ў сваёй стратэгіі ў аснову ўзялі ўсё ж вялікія гарады”.

Ніхто не патрэбны?

Што да кампаніі ўвогуле і працы з выбарцамі ў прыватнасці, то, як канстатаваў Сяргей Калякін, цяпер у Беларусі так званы “мёртвы” сезон: “Мая група ў першы раз прайшла ўсе кватэры акругі. 50% людзей проста не пражывае ў кватэрах – хто на лецішчах, хто ў адпачынках, хто, можа, увогуле працуе ў Расіі. З другой паловай сітуацыя такая, што гэтая палова ўсіх адсылае як мага далей. Кажуць, нам ніхто не патрэбны, у тым ліку і вашыя выбары”.

Тым не менш, па словах кіраўніка апазіцыйных камуністаў, за прэтэндэнтаў ад АДС свае подпісы паставілі ўжо больш за 50 тысяч чалавек.

Фармальная лібералізацыя

Што да перспектываў трапляння прадстаўнікоў АДС ва ўчастковыя камісіі, то, з меркавання палітолага Валерыя Карбалевіча, іх у складзе першасных выбаркамаў будзе не менш параўнальна з мінулымі парламенцкімі выбарамі.

“Тэндэнцыя на вонкавую фармальную працэдурную лібералізацыю адбываецца; лібералізацыя разлічаная на Захад, на тое, каб прадэманстраваць Захаду, што ў нас усё нармальна, - лічыць Валеры Карбалевіч. – Калі глядзець па тым, колькі прадстаўнікоў апазіцыі трапіла ў акруговыя камісіі, колькі адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп, а іх намнога менш, чым мінулым разам, калі разглядаць гэтыя тэндэнцыі, то, мусіць, і прадстаўнікоў апазіцыі ўва ўчастковых камісіях будзе больш”.