1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Трагедыя бяспамяцтва

3 июня 2008 г.

У аўторак удзень улады не далі прадстаўнікам беларускай дэмакратычнай грамадскасці ўсталяваць на месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам інфармацыйны стэнд.

https://p.dw.com/p/EC3B
Фото: AP

Нават праз дваццаць гадоў пасля таго, як стала вядомая праўда аб курапацкай трагедыі, беларускія ўлады ніякім чынам не звяртаюць увагі на заклікі грамадскасці ўвекавечыць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Нідзе ў Беларусі няма ніводнага афіцыйна ўсталяванага помніка альбо мемарыяльнага знака на памяць аб мільёнах забітых і рэпрэсаваных у 30-40-я гады мінулага стагоддзя суграмадзянах. Чаму кіраўніцтва краіны так ставіцца да Курапатаў і ўвогуле да тых трагічных падзеяў? На гэтае пытанне нашай праграме адказвае доктар філасофскіх навук Вячаслаў Оргіш:

“Тая ўлада, якая сёння ў нас у краіне, ставіцца да гэтага вельмі скептычна, і на гэта ёсць пэўныя прычыны: перш за ўсё, тое, што злачынства ў Курапатах здзейснена сталінскім таталітарным рэжымам. Сёння так ці інакш беларускі рэжым нясе на сабе адбітак тых часоў, і, зразумела, ён свядома ці несвядома адчувае пэўную салідарнасць з тымі непрыгожымі, амаральнымі рэчамі, якія адбываліся ў трыццатыя гады і пасля. Таму, канешне, зразумела, што ён будзе ўсяляк прыніжаць, прыхоўваць тыя падзеі, будзе імкнуцца зменшыць маштаб гэтага злачынства, каб не надаваць вялікую галоснасць таму, што там адбывалася і якія ахвяры беларускі народ у той час прынёс на алтар гістарычнага развіцця і дэмакратыі”.

Дарэчы, за апошнія гады ў Курапатах, дзе высілкамі простых людзей усталяваныя сотні памятных крыжоў, былі здзейсненыя дзесяткі буйных і дробных актаў вандалізму, але ніводзін злачынец дагэтуль не быў знойдзены і пакараны. Затое экскурсантаў возяць не ў курапацкі пантэён, але на створаную не так даўно так званую “Лінію Сталіна”.