1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

4 сентября 2009 г.

У Віцебску міліцыянты збілі актывіста, Мінюст не выключае адмены артыкула 193-1 КК, у Светлагорску затрыманы апазіцыйныя камуністы, а Камітэт па правах чалавека ААН чакае адказу на зыск сям’і Красоўскіх.

https://p.dw.com/p/JR5a
Бело-красно-белый флаг
Фото: Bymedia

За вывешванне нацыянальных сцягоў у Віцебску міліцыянты збілі дэмакратычнага актывіста, беларускае Міністэрства юстыцыі разглядае магчымасць скасавання артыкула крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у Светлагорску за распаўсюд друкаванай прадукцыі затрыманы актывісты апазіцыйнай партыі камуністаў беларускай, а Камітэт па правах чалавека ААН назваў канчатковы тэрмін, калі афіцыйны беларускіх бок мусіць прадставіць адказ на зыск сям’і выкрадзенага бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Збіты за сцягі

Увечары 3 верасня на вуліцах Віцебска з’явіліся тры бел-чырвона-белыя сцягі. Па падазрэнні ў прыналежнасці да вывешвання палотнішчаў міліцыянты затрымалі мясцовага актывіста Алега Сургана.

Як паведамілі журналістам сябры затрыманага, міліцыянты літаральна здзекваліся з Алега. У выніку Алег Сурган апынуўся ў трэцяй клінічнай лякарні, куды яго даставіла машына "хуткай дапамогі".

Адменяць ганебны артыкул?

Разгон акции протеста в Минске
Акцыя пратэсту апазіцыі ў МінскеФото: AP

Міністэрства юстыцыі Беларусі пацвярджае намер уладаў скасаваць артыкул 193 прым крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Днямі зарэгістраванае ў Чэхіі Міжнароднае грамадскае аб’яднанне "Грамадзянская Беларусь" атрымала ліст за подпісам намесніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага.

Гэты дакумент ёсць своеасаблівым адказам на заклік арганізацыі да беларускіх уладаў скасаваць артыкул, адмены якога патрабуюць у тым ліку і міжнародныя правабарончыя арганізацыі. З адказу Міністэрства юстыцыі вынікае, што на дадзены момант кампетэнтнымі органамі вывучаецца пытанне ўнясення зменаў у нарматыўныя дакументы, што рэгулююць дзейнасць структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У тым ліку аналізуюцца палажэнні, датычныя дзейнасці ад імя незарэгістраваных палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый.

"Адміністрацыйка" замест "крыміналкі"

У прыватнасці, у дакуменце пазначаецца наступнае: "На дадзеным этапе мяркуецца выключыць з артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса норму пра адказнасць за арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, змяніўшы крымінальную адказнасць за гэтыя дзеянні на адміністратыўную адказнасць".

Сябра рады праваабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна" Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ў папярэднім Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях (да ўступлення ў сілу новага КаАП) ужо была прадугледжана адказнасць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў выглядзе штрафу альбо адміністратыўнага арышту да 15 сутак.

Руководители правозащитного центра "Наша весна" Валентин Стефанович и Алесь Беляцкий
Кіраўнікі грамадскага аб’яднання "Наша вясна" Валянцін Стэфановіч і Алесь БеляцкіФото: Bymedia

Па словах юрыста, скасаванне артыкула 193-1 КК змяніла б сітуацыю ў краіне карэнным чынам. Хаця адносна адміністратыўнай адказнасці Валянцін Стэфановіч адзначае, што трэба паглядзець, якім чынам будзе сфармуляваны гэты артыкул. У прынцыпе, адказнасць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якая ні якім чынам не парушае законныя правы і інтарэсы грамадзянаў, не наносіць ніякай шкоды, юрыст таксама ліччыць неканстытуцыйнай. "Але выняццё гэтага артыкула з крымінальнага кодэкса мы б, натуральна, віталі", - падкрэсліў праваабаронца.

Нагадайма, што з моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеянне крымінальная адказнасць за дзейнасць у незарэгістраваных аб’яднаннях, па артыкуле 193-1 былі асуджаны 17 чалавек, а лідэр "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч быў прыгавораны да палутара гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.

Затрыманне за друк

3 верасня ў Светлагорску міліцыя і супрацоўнікі КДБ затрымалі актывістаў апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай Святлану Міхальчанку і Валерыя Рыбчанку. Каля прахадной аб’яднання "Хімвалакно" яны раздавалі працоўным улёткі з антыкрызіснай платформай Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама недзяржаўную газету "Товариш", якая афіцыйна зарэгістравана ў беларускім Міністэрстве інфармацыі. Актывістаў адвезлі ў пастарунак, не патлумачыўшы, што яны парушылі.

Акция, посвященная пропавшим без вести в Беларуси политикам
Акцыя, прысвечаная зніклым палітыкамФото: AP

Справа Красоўскага

Камітэт па правах чалавека ААН вызначыў Беларусі канчатковы тэрмін - 15 лістапада 2009 году - для падрыхтоўкі адказу па зыску сям’і зніклага бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Зыск быў пададзены ў Камітэт па правах чалавека ААН 16 лістапада 2008 году, тэрмін адказу быў першапачаткова прызначаны на 16 траўня 2009 году. Аднак місія Беларусі пры ААН запатрабавала прадаставіць ёй копію зыску і дадатковых дакументаў на рускай мове, бо арыгінал быў напісаны па-ангельску, і тэрмін быў перанесены. Зыск сям’і Красоўскіх складаецца са 100 пунктаў і мае дадатак у выглядзе 26 дакументаў аб’ёмам больш як у тысячу старонак.

Нагадайма, што бізнесовец Анатоль Красоўскі быў гвалтоўна выкрадзены 16 верасня 1999 году разам са сваім сябрам, экс-віцэ-спікерам Вярхоўнага Савету Віктарам Ганчаром. Ірына і Валерыя Красоўскія патрабуюць ад Рэспублікі Беларусь неадкладна дапытаць падазраваных у знікненні Анатоля Красоўскага, якія былі названы ў спецыяльным мемарандуме дэпутата Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, правесці адкрытае расследаванне знікнення Анатоля Красоўскага, указаць месца яго пахавання, а таксама кампенсаваць сям’і Красоўскага маральныя і матэрыяльныя страты.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме