1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

4 марта 2011 г.

Адвакат трох палітвязняў пазбавіўся ліцэнзіі. З палітзняволеным упершыню за два месяцы сустрэўся абаронца. Актывіста аштрафавалі за ўдзел у пікеце салідарнасці. Ад генпракурора патрабуюць разабрацца з фактамі катаванняў.

https://p.dw.com/p/10TeV
Молоток и свод законов на столе у судьи
Фото: Bilderbox

Вядомага беларускага юрыста, які абараняў трох палітвязняў, выключылі з Мінскай калегіі адвакатаў. З даверанай асобай Андрэя Саннікава Змітром Бандарэнкам упершыню за два месяцы сустрэўся ягоны адвакат. Дэмакратычнага актывіста аштрафавалі за ўдзел у пікеце салідарнасці. Беларускі праваабаронца патрабуе ад генеральнага пракурора разабрацца з фактамі катаванняў у следчых ізалятарах Камітэту дзяржбяспекі і міністэрства ўнутраных справаў.

Засталіся без абаронцы

Вядомы беларускі юрыст Павел Сапелка 3 сакавіка выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў рашэннем прэзідыюма гэтай калегіі па прадстаўленню міністэрства юстыцыі Беларусі. Такім чынам без адваката засталіся экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец, а таксама старшыня зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч. Цяпер яны будуць змушаныя заключаць дамовы аб юрыдычнай дапамозе з іншымі адвакатамі, альбо ім мусяць прадаставіць дзяржаўнага абаронцу.

Адвокат за работой
Незалежная адвакатура ў Беларусі - пад пагрозайФото: picture-alliance/ZB/DW

Па словах Паўла Сапелкі, такім чынам ён перастае быць адвакатам, бо адвакацкая практыка можа ажыццяўляцца выключна ў складзе калегіі адвакатаў. Павел Сапелка ў свой час быў абаронцам ваўкавыскага прадпрымальніка ды вязня сумлення Мікалая Аўтуховіча, сябра арганізацыі па назіранні за выбарамі "Партнёрства" Цімафея Дранчука. Таксама ён прадстаўляў у судзе інтарэсы жонкі зніклага без вестак у верасні 1999 года віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара Зінаіды Ганчар. Акрамя таго Сапелка быў адвакатам фігуранта "Працэса чатырнаццаці" Аляксандра Баразенкі, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Мінску, і абараняў рэдактара газеты "Навінкі" Паўлюка Канавальчыка па справе аб абразе прэзідэнта.

Кіраўнік зарэгістраванай у Кіеве праваабарончай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак заклікаў адвакатаў у гэтай сувязі правесці страйк. Інакш, па словах юрыста, незалежная адвакатура ў Беларусі будзе знішчаная напоўніцу.

Адвакат трапіў да палітвязня

Упершыню за апошнія больш як два месяцы адвакат Мар’яна Сямешка змагла сустрэцца са сваім падабаронным – даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Змітром Бандарэнкам. Апошнім разам яны бачыліся ў следчым ізалятары КДБ 29 снежня мінулага году.

4 сакавіка меўся адбыцца чарговы допыт даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Аляксандра Фядуты, які таксама знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Як і Бандарэнку, Фядуту абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 году. Санкцыя артыкула 293 Крмінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюцца палітвязні, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да пятнаццаці гадоў.

Штраф за пікет

У судзе Ленінскага раёна Магілёва адбыўся разгляд адміністратыўнай справы актывіста дэмакратычнага руху Максіма Анцыповіча, абвінавачанага ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні, якое прайшло ў абласным цэнтры 16 студзеня 2011 году. Справу разглядала суддзя Ірына Сарока, якая пакарала Анцыповіча штрафам у памеры 525 тысяч беларускіх рублёў (каля 125 еўра ў эквіваленце).

Раней у гэтым жа судзе адбыўся разгляд адміністратыўных справаў яшчэ трох актывістаў. Сябра Партыі БНФ Валянціна Лабачова арыштавалі на сем сутак, Сяргея Нагаціна – на пяць сутак. У дачыненні да шматдзетнай маці Наталлі Шкадун, якая не з’яўляецца сябрам ніякіх палітычных партыяў, суд абмежаваўся адміністратыўным папярэджаннем. Лабачоў, Нагацін і Шкадун падалі скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі ў Магілёўскі абласны суд, паседжанне якога адбудзецца 10 сакавіка.

Заклік да Генпракурора

Алесь Беляцкий (слева)
Алесь Бяляцкі (злева) кажа пра недапушчальнасць катаванняўФото: DW

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі накіраваў зварот генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу. Праваабаронца патрабуе зрабіць захады пракурорскага рэагавання па фактах катаванняў, агучаных 28 лютага на прэсавай канферэнцыі экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксеем Міхалевічам.

Як адзначаецца ў звароце, свабода ад катаванняў носіць абсалютны характар і не падлягае абмежаванням ні пры якіх умовах. Ужыванне катаванняў забароненае артыкулам 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэрагам міжнародных актаў у галіне правоў чалавека, якія ратыфікавала Беларусь. Сярод такіх дакументаў Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 7) і Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечых ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ААН.

Дзеянні службовых асобаў КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў датычна Алеся Міхалевіча адназначна сведчаць пра парушэнне імі абсалютнай забароны на ўжыванне катаванняў і здзяйсненні імі крымінальнага злачынства, гаворыцца ў звароце.

Алесь Бяляцкі просіць Генеральную пракуратуру ўстанавіць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асобаў, якія дапускалі катаванні і іншыя бесчалавечныя віды абыходжання да асобаў, што ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 Міністэрства ўнутраных справаў на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще