1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Нямецкая і беларуская літаратуры поплеч у Мінску

Генадзь Канстанцінаў

У Мінску прайшоў нямецка-беларускі літаратурны фестываль "Lesebuehne", арганізаваны Інстытутам імя Гётэ. Сярод яго ўдзельнікаў - паэтэсы Моніка Рынк і Вера Бурлак, а таксама мастак і літаратар Артур Клінаў.

https://p.dw.com/p/E5jh
Фото: picture alliance/dpa

Ідэя фестывалю "Lesebuehne" (з ням. "літаратурныя падмосткі") нарадзілася летась падчас правядзення Году нямецкае культуры ў Беларусі “Моманты культуры 2007”. Па словах кіраўніка моўнага аддзелу Інстытута Гётэ Дзмітрыя Клячко, форма чытальнае трыбуны для фестывалю абраная не выпадкова. “Мы думалі, якія новыя формы літаратурнае работы можна было б выкарыстоўваць на Беларусі, - такія формы, якія яшчэ не з’яўляюцца звыклымі, але ёсць некалькі незвычайнымі. Тады мы і звярнуліся да тых традыцыяў, якія ўжо шмат гадоў існуюць у Германіі”.

Літаратурны дыялог

Раней на такія мерапрыемствы запрашаліся пераважна нямецкамоўныя аўтары, а сёлета, паводле Дзмітрыя Клячко, было вырашана выкарыстаць фармат білатеральнага літаратурнага дыялогу. “Гэты год з’яўляецца Еўрапейскім годам міжкультурнага дыялогу. Мы хацелі паказаць, які літаратурны дыялог можа існаваць паміж пісьменнікамі, лірыкамі, таму мы зрабілі імпрэзу як сустрэчу дзвюх культур – нямецкай і беларускай. Нямецкую культуру мы даносім, перш за ўсё, праз нямецкую мову, і, у той жа час, праз беларускую мову. Бо ўсе творы, якія былі сёння прадстаўленыя Монікай Рынк, перакладзеныя на сучасную беларускую мову сучасным перакладчыкам Ірынай Герасімовіч”.

З беларускага боку арганізатары абіралі менавіта тых літаратараў, якія сваёй творчасцю спрычыняюцца да Нямеччыны, прынамсці, да нямецкае мовы, і таму іх імёны ўжо вядомыя нямецкамоўным заўзятарам літаратуры і мастацтва. “Вера Бурлак з’яўлялася ўдзельніцай нашых вечарын, нашых літаратурных сустрэчаў, акрамя таго, яна ў гэтым годзе запрошаная ў Швейцарыю, на “Беларускі вечар”, які будзе праводзіцца суполкаю літаратараў у кантоне Аргаў. Нам падаецца, што гэта таксама цудоўная магчымасць прадставіць сучасную беларускую літаратуру нямецкамоўнай аўдыторыі”.

Пісьменніца - філосаф

Прадстаўніца Інстытута Гётэ Вера Дзядок, рэпрэзентуючы ўдзельніцу фестывалю з Берліна, падкрэсліла: “Моніка Рынк – аўтар і перакладчыца, яна некалькі гадоў вяла ў інтэрнэце праект, які называўся “студыя паняццяў” і ў якім яна аналізавала самыя цікавыя і самыя дзіўныя, на яе погляд, паняцці сучаснасці. Яе вершы, яе проза вызначаюцца вельмі вялікай інтэлектуальнасцю і тым, што яна будуе іх на грунтоўнай філасофскай аснове”.

Як сказала сама Моніка Рынк, яна пакуль мала ведае беларускую літаратуру, таму і прыехала ў Мінск, каб, апроч іншага, пазнаеміцца і з творамі мясцовых паэтаў і пісьменнікаў. А што да сваёй літаратурнай дзейнасці ў апошнія часы, то нямецкая літаратарка адзначыла: “Я цяпер пішу на самыя розныя тэмы. Адным з апошніх твораў быў нарыс пра Аляксандр-плац у Берліне, варыяцыі на тэму Дыкенса і гэтак далей”.

У сваю чаргу, Вера Бурлак на маё пытанне, што яна мяркуе падаць швейцарскім слухачам пад час літаратурных сустрэчаў, адказала: “Я думаю, нашу беларускую энергетыку, якая ў нашай нацыі ёсць, нягледзячы на нейкія прымхі, якія існуюць. Заўсёды, калі вершы чатаюцца на залю, з залі ідзе нейкі адказ. Вось гэты адказ мы таксама хацелі б адчуць”. А адказ абавязкова паследуе, таму што свае творы Вера Бурлак падае даволі экспрэсіўна і відовічна.

Месца падзеяў - Бон

А вядомы мастак і літаратар Артур Клінаў прэзентаваў на фестывалі свой Раман “Шалом”, які апавядае пра скульптара-беларуса і падзеі якога пачынаюцца ў нямецкім Боне. “Чаму ў Боне? Таму што пачатак гэтай гісторыі мае рэальныя карані. Я ведаў чалавека, які быў на скульптурным пленэры ў Боне, я быў там разам з ім, мы пайшлі на “фломаркт” – блашыны рынак і ўбачылі там гэты шалом, які каштаваў 500 еўра. Але ў нас не хапіла грошай, каб яго купіць”.

А шалом той быў незвычайны, ён належаў яшчэ кайзераўскаму жаўнеру часоў Першай сусветнай вайны. Артур Клінаў з сябрам завіталі ў мясцовую піўную – “кнайпу” - і пачалі разважаць, а што б магло адбыцца, калі б яны за апошнія грошы ўсё ж набылі той шало. Так і нарадзіўся раман, урыўкі з якога зачытаў аўтар, выклікаўшы смех і апладысменты ў прысутных. Хаця твор яшчэ не выйшаў у канчатковым варыянце, ужо робіцца яго пераклад на нямецкую мову.

Як абяцаюць арганізатары, сёлетняя “Lesebuehne” не ёсць апошнім фестывалем, і ў наступным годзе мы пачуем новыя творы новых аўтараў. І магчыма, не толькі з Беларусі і Нямеччыны.