1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія СМІ - адзін з прыярытэтаў Рады Еўропы

Паўлюк Быкоўскі8 июня 2008 г.

У Варшаве 6-7 чэрвеня прайшла міжнародная канферэнцыя "Дэмакратызацыя мас-медыя ў Беларусі". Ініцыятарамі сустрэчы стала Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы.

https://p.dw.com/p/EFjY
Фото: DW

Сустрэчу ініцыіравалі Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы пры ўдзеле адмысловага подкомитета, камітэта па культуры, навуцы і адукацыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. У форуме ўзялі ўдзел парламентарыі, беларускія і польскія журналісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый, а таксама медыаэксперты.

Канферэнцыя пачалася з дыскусіі аб становішчы СМІ у Беларусі, тон у якой задаў дакладчык ПАРЕ па пытаннях прэсы Эндру Макінтош. Ён адзначыў, што ПАРЕ будзе ўважліва сачыць за восеньскімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Беларусі, і адным з значных крытэраў прызнання іх вольнымі і дэмакратычнымі з'яўляецца свабода СМІ. Варта адзначыць, што афіцыйны Менск дамагаецца вяртання беларускаму заканадаўчаму органу статусу адмысловага запрошанага ў Радзе Еўропы, якога ён пазбаўлены пасля непрызнанага сусветнай супольнасцю канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года і роспуску Вярхоўнага Савету.

"Мы ходзім па адных і тых сцяжынках"

На працягу двух дзён на канферэнцыі абмяркоўваліся выклікі, з якімі сутыкаюцца незалежныя СМІ ў Беларусі, звязаныя з распаўсюджваннем і міжнароднай падтрымкай працы незалежных СМІ, сітуацыяй з замежным тэле- і радыёвяшчаннем на Беларусь, прэсай, заканадаўствам у галіне Інтэрнэту ды роляй грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў для медыяў.

Як адзначыў кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, "для мяне было вельмі карысна папрысутнічаць учора і сёння. Паміж журналістамі і праваабаронцамі існуюць розныя стасункі, на розных узроўнях, і можна сказаць, што мы ходзім па адных і тых сцяжынках . Мы прафесійна зацікаўленыя ў шчыльных кантактах з дэмакратычнымі журналістамі, бо як паказвае вопыт працы ў Беларусі, вельмі часта выяўленні інфармацыі пра рэпрэсаваных, пра пераследуемых аказвае станоўчы ўплыў на далейшы лёс ахвяраў палітычных рэпрэсіяў".

Канферэнцыя выступіла з ініцыятывай стварэння Еўрапейскай рады па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі, да якой запрасіла прадстаўнікоў шэрагу еўрапейскіх інстытуцый. Як мяркуецца, згаданая рада будзе складацца з экспертаў міжнародных няўрадавых арганізацый. Яна засяродзіцца на маніторынгу і экспертным аналізе сітуацыі са СМІ і свабодай слова ў Беларусі, рэагаванні на крокі беларускіх уладаў у галіне свабоды слова, а таксама на выпрацоўцы рэкамендацыяў па паляпшэнню сітуацыі.

"Удалося прыўзняцца над праблемамі"

Кіраўнік "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Жанна Літвіна падсумавала ў інтэрв'ю DW-RADIO вынікі канферэнцыі. "Адзін з вынікаў - гэта тое, што ўдалося прыўзняцца над праблемамі, да якіх мы прызвычаіліся - канстатацыі фактаў парушэння свабоды слова, умяшальніцтва уладных структураў у дзейнасць рэдакцыйных калектываў. Мы падняліся над праблемай вельмі балючай, надзённай, невырашальнай на сённяшні дзень - гэта эканамічны стан СМІ. Мы глянулі на праблему глабальна. Мы абсалютна канкрэтна абмеркавалі шляхі, з дапамогай якіх мы можам наблізіцца да працэсаў дэмакратызацыі медыйнай прасторы ў Беларусі.

Гэты шлях, як падкрэсліла Жанна Літвіна, у першую чаргу, - гэта "экспертная ацэнка беларускага заканадаўства, падрыхтоўка рэкамендацый для дэманапалізацыі і раздзяржаўлення. Ну і што таксама вельмі важна - канферэнцыя і той дакумент, які прынялі, што СМІ - адзін з прыярытэтаў у Рады Еўропы. І што працяг дыялогу з афіцыйным Мінскам, паспяховасць гэтага дыялогу будзе залежыць ад гатоўнасці беларускай улады зрушыць з месца вось гэтыя праблемы, звязаныя з татальным кантролем над інфармацыйнай прасторай".

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще