1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Адваротны эфект прэвентыўных мер

Сяргей Сасноўскі24 марта 2008 г.

Да святкавання Дня Волі рыхтуюцца не толькі дэмакратычныя грамадзяне. У Гомелі у прафілактычную працу па недапушчэнні ўдзелу актывістаў у мерапрыемствах 25 сакавіка ўключыліся міліцыя, адміністрацыі універсітэтаў.

https://p.dw.com/p/DTcS
Фото: Bilderbox

Да святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў Беларусі рыхтуюцца сілавыя структуры. Напрыклад, у Гомелі актывізаваліся супрацоўнікі міліцыі, камітэта дзяржбяспекі і адміністрацыі універсітэтаў.

Якія не здолелі…

У Гомелі, як і паўсюль у Беларусі, Дзень Волі адзначылі напісаннем дыктоўкі. Блізу 30 чалавек старанна выводзілі словы, якія пакінуў на запавет сваім нашчадкам пісьменнік 19 стагоддзя Францішак Багушэвіч. Сябра партыі БНФ Дзяніс Федарэнка зрабіў усяго дзве памылкі ў працы, хаця ён па адукацыі будучы фізік.

Па словах Дзяніса, пры напісанні дыктоўкі ён хваляваўся не за памылкі, а за сваіх сяброў, якія не здолелі паўдзельнічаць у імпрэзе. Справа ў тым, што напярэдадні адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага універсітэта правяла прафілактычную гутарку як мінімум з 5 студэнтамі-актывістамі, патрабуючы не браць удзел у святкаванні Дня Волі. “Прарэктар выклікаў студэнтаў універсітэта і іх бацькоў і папярэджваў, што ў іх будуць праблемы, калі яны будуць удзельнічаць у мерапрыемстве”.

Адзін са студэнтаў, які ўсё ж такі адважыўся напісаць дыктоўку, паведаміў “Нямецкай хвалі”, што пасля гутаркі з прарэктарам у бацькоў некаторых студэнтаў здарыўся нервовы зрыў і яны пасадзілі сваіх дзяцей пад хатні арышт.

Пра свае прыгоды распавёў і гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны. Па словах актывіста, ужо некалькі апошніх дзён запар да яго дахаты прыходзяць супрацоўнікі міліцыі. Сам Анатоль Паплаўны з міліцыянтамі не размаўляў, паколькі гэтыя дні, асцерагаючыся прэвентыўнага затрымання, жыве ў сяброў.

“Дачка па тэлефоне мне распавядала, што прыходзілі і мной цікавіліся. Я мяркую, яны прыходзілі мяне выхаваць, каб я падпісаў якую-небудзь паперу, тыпа абязуюся не ўдзельнічаць, шкло не біць, нічога не штурмаваць”.

Адваротны эфект

Пісьмова адмовіцца ад удзелу ў акцыях да Дня Волі супрацоўнікі міліцыі патрабавалі таксама ў актывістаў апазіцыі Уладзімера Шыцікава, Юрася Захаранкі, Андрэя Толчына, Пятра Кузняцова.

А вось як мінімум два гомельскія актывісты ўжо дакладна не здолеюць адсвяткаваць 25 сакавіка ў коле аднадумцаў. Маладафронатавец Андрэй Цянюта сядзіць за кратамі па абвінавачванні ў дробным хуліганстве. Там жа нібыта за супраціў міліцыі знаходзіцца і Кастусь Жукоўскі, актывіст па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Тэрмін зняволення абодвух апазіцыянераў сканчаецца якраз пасля 25 сакавіка.

Васіль Палякоў, кіраўнік абласной арганізацыі АГП, тлумачыць прэвентыўныя захады ўлады тым, што “калі яны не будуць гэтага рабіць, то заўтра выйдзе ўжо не 2 чалавекі, а 22, потым 200 і гэтак далей. Улада сама загнала сябе ў межы аўтарытарызму, а гэта патрабуе больш жорсткіх дзеянняў датычна грамадскіх актывістаў, на якіх глядзяць астатнія”.

Пры гэтым, як сцвярджае Васіль Палякоў, на яго асабіста запужвальныя дзеянні з боку рэжыму маюць адваротны эфект. “Псіхалогія чалавека зроблена такім чынам, што чым больш пагрозаў, тым больш не звяртаеш на іх увагу. Да прыкладу, у мінулым годзе, калі спрабавалі мяне затрымаць, правакацыя супраць мяне рыхтавалася, дзверы ў кватэру ламалі, але тым не менш я быў у Менску і ўдзельнічаў у гэтым свяце”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме