Тэатр у авангардзе пратэстаў: што з Купалаўскім і былымі купалаўцамі? | Беларусь: погляд з Еўропы - па-беларуску | DW | 20.08.2021

Посетите новый сайт DW

Зайдите на бета-версию сайта dw.com. Мы еще не завершили работу. Ваше мнение поможет нам сделать новый сайт лучше.

  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Па-беларуску

Тэатр у авангардзе пратэстаў: што з Купалаўскім і былымі купалаўцамі?

Год таму з Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы ў Мінску звольнілася амаль 60 супрацоўнікаў. DW даведалася, што з імі і з тэатрам цяпер.

"Верым, што наш наступны сезон будзе запамінальным, прыемным і яркім. Да хуткай сустрэчы ў новай эпосе!" – так Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы закрываў свой 100 сезон у ліпені 2020. Праз некалькі тыдняў тэатр апынецца ў авангардзе беларускай рэвалюцыі і зменіцца назаўжды. 13 жніўня ў адказ на жорсткае падаўленне пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў калектыў тэатру часова прыпыніў паказы спектакляў.

200 супрацоўнікаў падпісалі зварот, у якім заклікалі пералічыць галасы на выбарах і спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. Калектыў падтрымаў генеральны дырэктар Павел Латушка. 17 жніўня над Купалаўскім з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. На наступны дзень з Латушка датэрмінова скасавалі кантракт, супрацоўнікі выставілі ўладам ультыматум: вяртанне дырэктара або масавае звальненне. У канцы жніўня тэатр пакінулі амаль 60 чалавек, у тым ліку амаль усе акторы і мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін. Што зараз з адным з найстарэйшых тэатраў Беларусі? Дзе знайшлі сябе купалаўцы, якія падтрымалі пратэст? – у матэрыяле DW.

Што з афіцыйным Купалаўскім?

Пасля масавага звальнення супрацоўнікаў у жніўні 2020 ў трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы засталося 15 актораў. Тэатр быў зачынены да лістапада, пасля новае кіраўніцтва абʼявіла аб правядзенні кастынгу, у першую чаргу, запрашалі выпускнікоў тэатральных ВНУ. Са студзеня 2021 новым дырэктарам Купалаўскага стаў былы намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі і культуры Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў. Спачатку года абноўлены склад тэатру паказаў прэмʼеру спектакля "Паўлінка".

На яго рэпетыцыі пабываў Аляксандр Лукашэнка. На сустрэчы з акторамі ён заявіў, што не шкадуе пра тое, што адбылося ў Купалаўскім, і што дзякуючы гэтаму "абнавілася сапраўдная "кроў" тэатру". Падчас сустрэчы актрыса Вольга Няфёдава выказала Лукашэнка словы падтрымкі і асудзіла былых калег: "Мне сорамна за калег. Таму што разумееце, якая штука – бо справа глабальная, і радзіму ў падваротні прадаваць ніхто з нас не збіраўся. І вы ўзяліся за гэты аўтамат для таго, каб паказаць усім... прабачце, я плачу, але вы малайчына – таму што тут стаяла ўжо такая задача радзімы", – праслязілася Няфёдава. 1 ліпеня Вольга Няфёдава стала новым мастацкім кіраўніком Купалаўскага.

Сёння ў яго трупе крыху больш за 20 чалавек, у рэпертуары - 4 спектаклі. У канцы ліпеня адбылася прэмʼера – "Жаніцьба" паводле пʼесы Мікалая Гогаля. Яе паставіў малады беларускі рэжысёр Данііл Філіповіч.

"Новая трупа, якая іграе ў старым будынку"

"Сітуацыя ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы няпростая. Падзеі мінулага жніўня і сыход большай часткі трупы цалкам разбурылі ўзроставы баланс. З тэатру сышла ўся моладзь і акторы сярэдняга ўзросту, фактычна з мінулага складу засталіся людзі старэйшага пакалення. Узнікае праблема, якія спектаклі ставіць?", – каментуе беларускі тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.

Беларускі тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч

Дзяніс Марціновіч

Паводле яго слоў, для таго, каб хоць неяк вырашыць гэтае пытанне, тэатр увесь час арганізуе кастынгі і запрашае новых актораў. Але цяпер у Купалаўскі прыходзяць людзі, якіх ніхто не ведае, акрамя таго, амаль усім з іх менш за 30. У асноўным гэта студэнты, прычым не Акадэміі мастацтваў, дзе рыхтуюць актораў тэатру, а Ўніверсітэту культуры, які ў асноўным закрывае вакансіі культработнікаў.

"Сёння цяжка сказаць, што будзе з тэатрам далей, але відавочна, што ў цэлым трупа не найвышэйшага ўзроўню, акрамя таго, сыход большасці актораў у жніўні 2020 разбурыў стогадовыя традыцыі Купалаўскага тэатру. Можна сказаць, што сёння гэта новая трупа, якая грае ў старым будынку", – кажа Марціновіч.

Незалежная тэатральная група "Купалаўцы"

"Мы перасталі быць проста артыстамі. Мы сталі ўсім тэатрам", – кажуць пра сябе акторы, якія сышлі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы ў жніўні 2020 і абʼядналіся ў Незалежную тэатральную групу "Купалаўцы".

Вольга Кулікоўская, арт-менеджарка Незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы

Вольга Кулікоўская

Паводле арт-менеджаркі групы Вольгі Кулікоўскай, незалежны тэатр у Беларусі знаходзіцца цяпер пад забаронай: немагчыма атрымаць дазвол на паказ, улады аказваюць ціск на адміністратараў памяшканняў, якія гатовы супрацоўнічаць з такімі тэатрамі: "Купалаўцы" зараз знаходзяцца ва ўмовах, калі, па сутнасці, існуе забарона на прафесію. Артысты вымушаныя шукаць магчымасці для заробку. Тая творчая праца, якая ідзе, нацэлена на паказ у інтэрнэце. У пэўным сэнсе, гэта бліжэй да падпольнага тэатру, чым да свабоднага".

Тым не менш, "Купалаўцы" паступова ствараюць рэпертуар з рознафарматнымі спектаклямі. Першай прэмʼерай групы стала пастаноўка пʼесы Янкі Купалы "Тутэйшыя". Першапачаткова яна была прымеркавана да стагоддзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатру, але ў выніку пачала гісторыю незалежнай трупы. Таксама з беларускай класікі "Купалаўцы" граюць "Паўлінку", з класічнай і сучаснай еўрапейскай драматургіі – "Войцэк", "Страх" і "Гардэнія", ёсць у рэпертуары аўтарскі дакументальны спектакль "Першы" і музычны праект "Я гавару".

Спектакль Незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы Войцек паводле п'есы Георга Бюхнера

Спектакль Незалежнай тэатральнай групы "Купалаўцы" "Войцек" паводле п'есы Георга Бюхнера

Рэкордныя прагляды спектакляў у Youtube

Ні адзін беларускі тэатр не мае столькі праглядаў у Youtube, як спектаклі "Купалаўцаў" – сотні тысяч. "На мой погляд, яны апынуліся нашмат больш запатрабаванымі, чым афіцыйны Купалаўскі тэатр. У цэлым, у Беларусі тэатр - не звышпапулярны від мастацтва. І гэты выбух цікавасці да "Купалаўцаў" – прыемная зʼява. Магчыма, у будучыні, калі сітуацыя зменіцца і трупа вернецца ў свой будынак, іх папулярнасць канвертуецца ў наведванне тэатру. Гэта цікавыя спектаклі, якія запатрабаваныя ў Беларусі і выклікаюць у гледача пэўныя паралелі з цяперашнімі падзеямі", – адзначае Дзяніс Марціновіч.

Спектакль Незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы Страх паводле п'есы Бертольда Брэхта

Спектакль Незалежнай тэатральнай групы "Купалаўцы" "Страх" паводле п'есы Бертольда Брэхта

"Нам цікава спрабаваць сябе ў розных фарматах сучаснага мастацтва ва ўмовах абмежаванага кантакту з аўдыторыяй, – падкрэслівае, у сваю чаргу, Вольга Кулікоўская. – Вядома, артысты вельмі пакутуюць, не маючы магчымасці выйсці на сцэну. Але пры гэтым зносіны са сваім гледачом праз сацыяльныя сеткі даюць нам магчымасць адчуць шматлікую падтрымку. Самае важнае – гэта захаваць людзей. Даць магчымасць артыстам застацца ў прафесіі і развівацца. Мы хочам быць годнымі гісторыі нашага тэатру".

"Тыран, які "кастрыруе" беларускіх мужчын", - спявачка Руся пра Лукашэнка, пераезд у Кіеў і жыццё